Кракаўскія ўлады прынялі пастанову аб забароне, якая будзе дзейнічаць з 1 ліпеня ва ўсім Кракаве, піша Gazeta Wyborcza.
Рознічны гандаль алкаголем у крамах і на аўтазаправачных станцыях будзе забаронены з 24.00 да 5.30 ва ўсіх раёнах Кракава. Лёс гэтай пастановы вісеў на валаску да самага канца. Дэпутаты мелі шмат сумневаў наконт эфектыўнасці ўведзеных палажэнняў.
Дагэтуль у Польшчы такія палажэнні ўведзеныя ў 200 самакіраваннях, сярод іншага: у цэнтры Гданьска, у пяці раёнах Катавіц, у Старым горадзе ў Познані, у Ольштыне, але таксама ў меншых мясцовасцях, такіх як Андрыхаў, Хшанаў, Скавіна і Закапанэ. Аднак ніводны з найбуйнейшых польскіх гарадоў не ўвёў яго на ўсёй сваёй тэрыторыі. Першым будзе Кракаў.
Рашэння чакалі гараджане. Яны масава скардзяцца на турыстаў, якія пасля празмернага спажывання алкаголю нішчаць горад і ўскладняюць кракавякам нармальна функцыянаваць.
Падчас паседжання гарадской рады выступіла шмат жыхароў. «Мы ўжо стаміліся, кожны дзень назіраць за дэградацыяй Старога горада», – сказаў адзін з іх. «Тое, што адбываецца ў мікрараёне Плянты, гэта катастрофа. Яны не былі створаныя для таго, каб цяпер быць кучай смецця», – дадаў іншы.
Аліна Каміньска, актрыса і дэпутат I акругі, падлічыла, што ў яе акрузе на 50 жыхароў прыходзіцца адна кругласутачная крама. «Мне сорамна за гэты горад», – сказала яна. І звярнулася да гарадской рады з просьбай прыняць рэзалюцыю: «Вочы ўсёй Польшчы сёння скіраваны на вас».
ав