Беларуская Служба

Святлана Ціханоўская: Няважна, дзе пачнецца рэвалюцыя, гэта павінна быць масавае паўстанне

26.05.2023 12:31
«Адзін полк Каліноўскага ці адна Святлана Ціханоўская нічога не зробяць».
 .
Святлана Ціханоўская.фота: ТК Святланы Ціханоўскай

Журналіст выдання Rzeczpospolita спытаў у Святланы Ціханоўскай, што азначае для яе краіны падпісаны міністрамі абароны Расіі і Беларусі дакумент аб размяшчэнні ў Беларусі нестратэгічнай ядзернай зброі. На яе думку, «гэта супярэчыць беларускай канстытуцыі і волі беларусаў, якія выступаюць за статус бяз'ядзернай краіны. Такім чынам Мінск парушае міжнародныя абавязацельствы, якія Беларусь падпісала ў рамках Будапешцкага мемарандума і Дамовы аб няядзерным рэжыме».

«Гэты крок зʼяўляецца відавочнай пагрозай незалежнасці Беларусі. Мы працуем з міжнароднымі арганізацыямі і нацыянальнымі ўрадамі, каб прадухіліць такі сцэнар. Мы будзем патрабаваць вываду расійскіх узброеных сіл і іншых ваенных абʼектаў з нашай краіны», – дадала Ціханоўская.

Журналіст згадаў, што ўзброеныя атрады расійскай апазіцыі ўжо некалькі разоў заходзілі на тэрыторыю Расіі, а нядаўна зʼявіліся ў Белгарадскай вобласці, дзе баі ішлі два дні. Ці, калі б полк Каліноўскага калі-небудзь увайшоў у Беларусь і заняў, напрыклад, Гомель, ці Ціханоўская далучылася б да яго, каб узняць бел-чырвона-белы сцяг вольнай Беларусі?

Ціханоўская адказала, што «гаворка ідзе не пра тое, каб браць горад, трэба яшчэ захаваць свае пазіцыі. А для гэтага патрэбна падтрымка беларусаў і дэмакратычных краін, якія падтрымаюць нашу рэвалюцыю». «Не важна, дзе пачнецца рэвалюцыя, у Гомлі ці, напрыклад, у Гродне. Гэта павінна быць масавая мабілізацыя, адзіная беларуская сіла. Адзін полк Каліноўскага ці адна Святлана Ціханоўская нічога не зробяць», – дадала Ціханоўская.

нг