Беларусы маюць вялікі прадпрымальніцкі патэнцыял. Аднак беларускі бізнес праз рэжым і звязаныя з ім санкцыі мае кепскую рэпутацыю. Таму неабходна ствараць пазітыўны імідж і прасоўваць інтарэсы законнага, легальнага і этычнага бізнесу, які вядзецца беларускімі прадпрымальнікамі. Гэтым займаецца Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой.
Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой прадстаўляе і абараняе сумленны бізнес з беларускімі каранямі, які зараз знаходзіцца за мяжой, у прыватнасці ў Польшчы, Літве, Эстоніі, Латвіі, Германіі, Чэхіі і ЗША.
Асацыяцыя працуе па пяці асноўных напрамках, якія яна сама называе сваімі каштоўнасцямі, расказвае KYC аналітык Асацыяцыі Юры Козікаў:
-Гэта нашыя каштоўнасці. Па-першае, гэта каштоўнасць лабіравання. Яна існуе на двух узроўнях. Гэта высокі ўзровень: лабіраванне беларускага сумленнага бізнесу на ўзроўні ўладаў, каб беларускі бізнес не ведаў бар’ераў і дыскрымінацыі, а пасля 2022 года беларускі бізнес з гэтым актыўна сутыкнуўся. Другі – больш прыватны ўзровень, калі напрыклад кампаніям не дазваляюць рэкламу на беларускай мове ў Польшчы. Асацыяцыя далучаецца і дапамагае вырашаць гэтыя праблемы.
Наступным кірункам дзейнасці Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой з’яўляецца экспертная падтрымка.
-Асацыяцыя не з’яўляецца камерцыйнай арганізацыяй ці кансалтынгавай кампаніяй, але ў нас ёсць дарадцы і эксперты ў розных галінах: права, фінансы, падаткі, бізнес адукацыя. Гэтыя эксперты дапамагаюць сябрам нашай Асацыяцыі. Мы працуем у напрамку фінансы. Асацыяцыя не дае крэдытаў ці пазык, але дае сябрам інфармацыю пра гранты, праекты па лініі фінансаў, дае магчымасць удзельнічаць у конкурсах, перамога ў якіх дае фінансавую ўзнагароду. Чарговы напрамак – інтэграцыя і нэтворкінг. Адна з нашых мэт – стварыць супольнасць бізнесоўцаў, якія будуць адзін аднаго ведаць і дапамагаць адзін адному. Мы праводзім онлайн і офлайн мерапрыемствы, каб бізнес за мяжой не адчуваў сябе адасобленым, – расказвае Юры Козікаў.
Аналітык дадае, што беларускі бізнес ахвотна карыстаецца прапановай Асацыяцыі:
-Бізнесоўцы разумеюць каштоўнасць таго, што калі яны за мяжой, то акрамя асацыяцый ці арганізацый з беларускімі каранямі ім цяжка атрымаць дапамогу. Таму калі праходзіць мерапрыемствы, асабліва бізнес накірунку, яны актыўна ўдзельнічаюць.
Адной з праблем, якія Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой дапамагае вырашаць беларускім фірмам, з’яўляецца дыскрымінацыя. Асаблівы моцна праблема пачала адчувацца пасля пачатку вайны ва Украіне.
-На жаль, дагэтуль, калі казаць пра Польшчу, то бізнес з беларускімі каранямі сустракаецца з праблемамі ў галіне крэдытавання. Гэта праблемы ў атрыманні крэдытавання. Калі для еўрапейскіх кампаній працэдуры займаюць да тыдня, то ў выпадку беларускіх кампаній зацягваюцца на месяцы. Гэта звязана з больш складанымі працэдурамі верыфікацыі. Пытанні ўзнікаюць і ў іншых галінах, напрыклад, галіна транспарціроўкі. Гэта не толькі санкцыйныя справы, але і больш падрабязныя пытанні. У бягучым і наступным годзе мы чакаем, што такіх пытанняў будзе толькі больш, на жаль.
Паводле Польскага агенцтва інвестыцый і гандлю (PAIH), не Германія, ЗША ці Паўднёвая Карэя, а Беларусь адказная за найбольшую колькасць замежных інвестыцыяў, рэалізаваных сёлета ў Польшчы. Паводле звестак PAIH, беларускія кампаніі павінны стварыць у краіне 9433 працоўныя месцы. Гэтыя лічбы даюць дадатковую нагоду, каб ганарыцца беларускім бізнесам, але з іншага паказваюць маштаб сыходу беларускіх кампаній з Беларусі.
-Беларусы разумеюць, што польскі рынак для іх больш блізкі. Калі параўноўваць рынак Польшчы і той жа Балтыі, то польскі рынак больш спрыяе бізнесу, у тым ліку беларускаму. Калі адносіцца да згаданых лічбаў, то добра гэта ці кепска – адназначнага адказу няма. З аднаго боку, мы разумеем, што бізнесы, якія цяпер за мяжой, павінны развівацца і не стаяць на месцы. У Беларусі ёсць сур’ёзныя праблемы для іх развіцця. У тым ліку гаворка і пра маральны бар’ер. Аднак мы імкнемся да таго, каб беларускі бізнес набыў лепшыя веды, каб у будучым, пасля дэмакратычных рэформаў, ці вярнуўся ў Беларусь, ці дапамагаў беларускім бізнесоўцам інвестыцыямі, досведам ці іншай дапамогай, – гаворыць Юры Козікаў.
Мы сустрэліся з прадстаўнікамі Асацыяцыі на імпрэзе «Яднайся!», якая на гэтым тыдні прайшла ў Варшаве.
слухайце аўдыё
ав