Беларуская Служба

З-за вайны палякі не давяраюць не толькі Лукашэнку, але і беларусам

04.07.2023 12:31
Палова апытаных лічыць, што беларусы непрыязна ставяцца да Польшчы.
Białorusini w Białymstoku w 2020
Białorusini w Białymstoku w 2020 Antoni Rokicki/Polskie Radio

Тры гады таму ў Польшчы была падобная ацэнка стаўлення да Расіі. Агрэсія супраць Украіны відавочна пагоршыла польска-расійскія адносіны і сёння толькі 4% апытаных жыхароў Польшчы бачаць Расію як дружалюбную краіну (у 2020 годзе – 17%). Аднак палякі больш не давяраюць і Беларусі, якая стаіць плячом да пляча з Расіяй. На пытанне аб асацыяцыях са словам «Беларусь» рэспандэнты называлі пераважна негатыўныя, такія як: вайна, таталітарызм, аўтарытарная ўлада, піша Gazeta Wyborcza. Даследаванне праводзіў Цэнтр  дыялогу імя Юльюша Мерашэўскага.

– У 2020-2021 гадах Польшча стала адным з найважнейшых месцаў прытулку для беларускіх актывістаў, дзеячаў культуры і бізнесоўцаў. Супраціў беларускага грамадства дыктатуры Лукашэнкі выклікаў вельмі пазітыўны водгук у Польшчы, зламаўшы шматлікія стэрэатыпы пра беларусаў, якія нібыта змірыліся з лёсам і няздольныя да масавых паўстанняў у імя абароны асноўных правоў і свабодаў. Разам з тым жорсткасць расійскай агрэсіі, у якой удзельнічала і Беларусь, выклікала масавае абурэнне, лязо якога было і застаецца скіраваным перш за ўсё супраць расіян, але таксама і супраць беларусаў. Назіраючы за калізіяй гэтых працэсаў – росту сімпатый і павагі, а таксама супрацьстаяння і агітацыі – мы вырашылі, што варта больш дэталёва разгледзець, як цяпер палякі бачаць Беларусь і беларусаў, як развіваецца іх стаўленне, якую ролю адыгрываюць гэтыя палітычныя падзеі ў гэты працэс, – кажа доктар Эрнэст Выцішкевіч, дырэктар Цэнтра дыялогу імя Мерашэўскага.

Ацэнка беларусаў і беларускіх адносін да Польшчы

У 2020 годзе непрыязнае стаўленне да Польшчы было найперш з боку Расіі. Да гэтай групы далучылася і Беларусь. Гэта самая важная, базавая выснова прадстаўленага даследавання.
Калі ў дачыненні да Беларусі як дзяржавы палякі згодныя з тым, што яна варожа ставіцца да Польшчы, то ў дачыненні да беларусаў як нацыі ацэнкі рэспандэнтаў не такія адназначныя. Хоць адсотак прыхільнікаў тэзіса пра прыязнасць беларусаў як нацыі да Польшчы цяпер не такі высокі, як у 2020 годзе, такую ​​думку падзяляе траціна апытаных. І кожны другі з апытаных лічыць інакш – што беларусы непрыязныя да Польшчы.

Вобраз Беларусі

На пытанне аб асацыяцыях са словам «Беларусь» пераважная большасць рэспандэнтаў сфармулявалі негатыўныя выказванні. Уяўленні пра Беларусь і вобраз гэтай краіны сярод палякаў могуць залежаць ад крыніц інфармацыі. Сярод апытаных 29% асабіста ведаюць нейкага беларуса ці беларуску, 9% маюць сяброў/знаёмых у Беларусі.

Падзеі ў Беларусі ў 2020 годзе палякі звязваюць найперш з фальсіфікацыямі прэзідэнцкіх выбараў і масавымі сацыяльнымі пратэстамі, якія жорстка падаўляліся ўладамі. Менавіта шырокамаштабны сацыяльны супраціў, у выглядзе дэманстрацый і пратэстаў беларускага грамадства, найбольш запомніўся палякам.
Нядзіўна, што дыктатарская ўлада ў Беларусі Аляксандра Лукашэнкі адназначна лідзіруе ў рэйтынгу пазнавальнасці, пры гэтым успрымаецца пераважнай большасцю апытаных вельмі крытычна.

Варта адзначыць, што амаль 40% апытаных ведаюць, хто такая Святлана Ціханоўская, Анджэй Пачобут ці Анжаліка Борыс.

Ацэнка беларускіх уладаў і іх палітыкі

Амаль усе палякі вельмі крытычна ставяцца да Аляксандра Лукашэнкі. Амаль кожны другі рэспандэнт тлумачыць сваю негатыўную ацэнку непавагай да свабоды і грамадзянскіх правоў, прымяненнем тэрору і пераследам уласнага народа.
На думку большасці апытаных (87%), беларускія ўлады падтрымліваюць Расію ў вайне супраць Украіны. З іншага боку, на думку рэспандэнтаў, беларускае грамадства ў значнай ступені абыякавае і пасіўнае (42%), а на думку 12% апытаных, яно прыхільна ставіцца да Расеі.

Польска-беларускія адносіны

79% апытаных згодныя са сцвярджэннем, што ў інтарэсах Польшчы, каб у Беларусі панавалі свабода і дэмакратыя.

Меркаванні палякаў адносна палітыкі ў адносінах да беларусаў, якія пражываюць у Польшчы, падзяліліся. На думку 43% апытаных, Польшча павінна падтрымліваць толькі беларусаў, якія прыехалі ў Польшчу, баючыся палітычнага пераследу. Пры гэтым 30% апытаных лічаць, што Польшча павінна аднолькава падтрымліваць усіх беларусаў, якія пражываюць у нашай краіне, прапаноўваючы ім, напрыклад, яшчэ больш лёгкі доступ да рынку працы.

Паводле афіцыйных звестак, у Беларусі пражывае амаль 300 тысяч чалавек, якія ідэнтыфікуюць сябе як палякі. На думку большасці апытаных (79%), яны нашы землякі – як і палякі з інўых краін.

Можна сказаць, што Беларусь ідзе па слядах Расіі яшчэ і ў тым сэнсе, што выклікае моцны разыходжанне ў польскім мысленні, калі гаворка ідзе пра ўспрыманне дзяржавы (яе ўлады) і нацыі. Да 2014 году, то бок да анексіі Крыму, падобна было ў выпадку з Расіяй і расіянамі – палякі адрозьнівалі і бачылі асобна сістэму і простых людзей. 2014 год стаў прарывам у гэтым пытанні – успрыманне дзяржавы і нацыі зблізілася, размясціўшыся ў моцна негатыўных рэгістрах.



Паралельна Цэнтр дыялогу імя Юльюша Мерашэўскага праводзіў даследаванне сярод беларусаў, якія знаходзяцца ў Польшчы, каб зразумець іх стаўленне да Польшчы і палякаў. Вынікі будуць прадстаўлены ў наступным дакладзе.

Апытанне «Палякі пра Беларусь і беларусаў» з’яўляецца працягам распачатай у 2022 годзе новай серыі дакладаў, якія маюць на мэце лепш зразумець эвалюцыю ўспрымання палякаў і народаў Усходняй Еўропы.

вх