Прафесію ўсё ж выбіраюць
У Ганны вельмі салодкая прафесія – кулінар. Хаця напачатку яна скончыла эканамічны вуз па спецыяльнасці фінансы і крэдыты. Будучы студэнткай падпрацоўвала ў розных кавярнях, спрабавала сябе ў кулінарыі і адчувала, што гэта ёй значна бліжэй за тое, што яна вывучае.
Але канчатковае рашэнне адносна будучай прафесіі прыняла падчас свайго шлюбу. Дзяўчына распавядае, што на вяселле замовіла торт і салодкі стол, які яе ўразіў настолькі, што ў памяці застанецца на ўсё жыццё.
-Калі я гэты торт пабачыла, то пастанавіла сабе, што хачу паспрабаваць і займацца гэтым у жыцці. Гэта былі такія эмоцыі – я нават не памятаю, які ён быў на смак, але ён быў такі прыгожы, што застаўся ў маёй памяці назаўсёды.
Шок, жаль, боль…
2020 год падштурхнуў яе з мужам да выезду з краіны. Яны бралі ўдзел практычна ва ўсіх пратэстах, якія тады адбываліся ў Брэсце. Ганна згадвае, як яны ішлі на выбары з надзеяй на змены, а потым пасля пратэстаў апынуліся ў стане бяссілля.
-Да пратэстаў далучаліся, далучаліся, далучаліся людзі. Марш працягваўся некалькі гадзін, перакрыў усе цэнтральныя праспекты і вуліцы. Я была тады ў шоку ад таго колькі людзей выйшла. Большасцю гэта былі маладыя людзі, якім трэба было жыць у гэтай краіне.
Дзяўчына кажа, што на іх баку было толькі тое, што яны былі разам, а ім супрацьстаялі экіпіраваныя да зубоў сілавікі.
-Гэты вядомы карагод у Брэсце – тады быў вельмі прыемны сонечны дзень, сабралася шмат маладых людзей. Музыка, песні, танцы, нейкая будучыня… А яны прыехалі, усіх разагналі, пабілі, шмат людзей арыштавалі. Сярод затрыманых былі мае сябры, знаёмыя.
А потым чаканне пад СІЗА, турбаванні за сяброў і знаёмых, перадачы для іх… Некалькі дзён, паводле Ганны, у горадзе не было інтэрнэту, а калі ён з’явіўся, то сама пачала чытаць паведамленні з Украіны і Польшчы ад сяброў і знаёмых, якія хваляваліся і за яе і за тое, што адбывалася ў Беларусі.
І хаця пратэсты яшчэ працягваліся, але, як заўважае суразмоўца, колькасна пачалі змяншацца.
-Людзей збівалі, забіралі па аднаму, па двое, уціхую. І многія, гледзячы на гэта, пачалі адмаўляцца ад сваіх ідэй
Тым не менш, дзяўчына ўпэўнена, што тады быў рэальны шанец перамагчы, але, маўляў, нечага не хапіла.
-Я веру, што тады маглі перамагчы, але чагосьці не хапіла. Магчыма рашучасці, яшчэ большай колькасці людзей? Можа ўсведамлення, што цяпер дрэнна, але пасля перамогі стане лепей?
Напачатку ў Польшчу на працу з’ехаў муж, яна яшчэ працавала ў адной з брэсцкіх кандытарскіх і набіралася вопыту. Але, калі пачалася вайна, то больш заставацца ў Беларусі не магла.
-Тады быў страх наагул ці не адбудзецца нешта з Беларуссю. Быў шок, боль, жаль і наагул…
Тут больш свабоды, пэўнасці ў сабе
У Польшчы напачатку давялося шукаць працу. Уладкавалася ў кавярню, а праз некалькі месяцаў пачала задумвацца, як адкрыць сваю працоўню. Дзяўчына кажа, што яе прафесія тут вельмі запатрабаваная, кліенты ёсць заўсёды.
А яшчэ дзеліцца назіраннямі – чым адрозніваюцца кулінарныя вырабы ў Польшчы і Беларусі. І сцвярджае, што розніца папросту вялікая.
-Розніца ў эстэтыцы найперш, вонкавым аздабленні. І ва ўнутраным начынні. У нас яны такія больш вытанчаныя: такі бісквіцік, такая канфецюрка, такі хрумсткі пласт і іншыя дадаткі. А тут – бісквіт, крэм, маскарпона і садавіна…Усё даволі спрошчана.
Праўда, дзяўчына дадае, што ў Польшчы таксама ёсць розная кулінарыя, але ў пераважнай большасці прадаюцца простыя торцікі, якія ў хатніх умовах робіць кожная гаспадыня.
Яе торцікі, якія яна робіць у кавярні, карыстаюцца попытам, бо тыя, хто іх замаўляў, прыходзяць ізноў.
А таму дзяўчына вырашыла адкрыць сваю справу. Папярэдне пракансультавалася з польскім адмыслоўцамі пра правілы вядзення такога бізнесу, пацікавілася коштамі арэнды, падаткамі, якія давядзецца плаціць.
-Я ўжо ведаю з якіх прадуктаў і што буду рабіць, што ў мяне там будзе, чаго не будзе. Распланавала, якое будзе пірожнае, якія тарты і даведалася, якая дакументацыя патрэбна, каб адкрыцца і весці бізнес.
Паводле Ганны, напачатку ўсё гэта выглядае складана але калі пачынаеш пакрокава ўсё рабіць, то гэта ўжо не здаецца такім цяжкім.
Цікава, што, паводле Ганны, у Беларусі яна не магла нават падумаць аб адкрыцці свайго бізнесу. А вось тут, маўляў, няма нават ніякай боязі, такое іншае адчуванне рэальнасці.
-Тут больш вольнасці, свабоды, больш пэўнасці ў сабе. Я не ведаю чаму так, не магу патлумачыць. Але проста так сябе тут адчуваю.
Сумую, але там не бачу сябе
Апроч працы ёсць і любімыя заняткі. З задавальненнем шпацыруе і падарожнічае ў іншыя гарады, пазнае культуру, вабіць архітэктура. А апошнім часам далучылася да спорту.
Разам з сваімі сябрамі займаецца бегам з перашкодамі. У Польшчы гэта зараз папулярна, а таму разам вырашылі зарэгістраваць адмысловую фірму і ў планах рабіць забегі для жадаючых.
-Гэта даволі прыемна і цікава. Я адчуваю сябе, як дарослае дзіця, якое лазіць па гэтых турніках. Але гэта і цяжка. Калі была на сваёй першай трэніроўцы, то потым рукі зажывалі два тыдні. Тым не менш, гэты спорт зацікавіў мяне.
У Беларусі ў Ганны засталіся сяброўкі з якімі яна падтрымлівае сувязь, а таксама мама з татам, брат, іншая радня. Дзяўчына кажа, што яе мама шчаслівая, што дачцы ўдалося выехаць з Беларусі.
-Мама некалі сказала, што жадае мне лепшай будучыні, маўляў, я тваёй будучыні тут не бачу, а таму едзь свет паглядзі. Мне цяпер прасцей будзе запрасіць маму сюды, каб пабачыцца з ёй, чым туды ехаць.
Думкі пра вяртанне ў Беларусь, нават калі там усё зменіцца, у Ганны зусім ненадакучлівыя. Усміхаючыся кажа, што ўжо хочацца туды, дзе таксама, як у Польшчы, толькі яшчэ, каб апельсіны раслі на дрэвах у двары.
-Не ведаю. Размаўляем пра гэта шмат з мужам, але не ўпэўнена, што вернемся. Пабачым, як лёс складзецца.
- Асабліва не сумуеце?
- Сумуем, але я не бачу там сябе…
Слухайце аўдыёфайл
Павел ЗАЛЕСКІ