Пара адпачынкаў – у самым разгары. Кожны, хто накіроўваецца ў водпуск, хацеў бы яго правесці як мага найлепш і, зразумела, як мага танней. Сёння мы раскажам пра тое, якія промаакцыі падрыхтавалі польскія кампаніі для адпачынку і падарожжаў па краіне.
Перад тым як пачаць водпуск, спачатку трэба даехаць на адпачынак. І хоць большасць аўта- і чыгуначных перавозчыкаў ды авіякампаній на лета падымаюць цэны, то ёсць фірмы, якія ў летні перыяд робяць зніжкі і праводзяць промаакцыі. Так, польская дзяржаўная рэгіянальная чыгуначная кампанія Polregio з 1 ліпеня ўвяла промаакцыю пад назвай «Летні тыднёвы білет». Акцыя працягнецца да 3 верасня. У яе рамках за 109 злотых (каля 68 беларускіх рублёў у эквіваленце – рэд.) можна набыць білет на 7 дзён, які дазволіць на неабмежаваную колькасць паездак на цягніках кампаніі без ліміту кіламетраў. У сваю чаргу за 129 злотых (80 беларускіх рублёў) можна купіць білет, які дазволіць падарожнічаць не толькі на цягніках Polregio, але і іншых рэгіянальных чыгуначных перавозчыкаў. Білеты выпісваюцца на канкрэтнае прозвішча. Іх можна набыць у чыгуначных касах, аўтаматах, на вакзалах і ў кандуктараў.
А вось чыгуначная кампанія PKP Intercity, аператар міжнародных цягнікоў і цягнікоў дальняга следавання, на лета ўвяла промаакцыю Taniej z Bliskimi (З блізкімі – танней). Акцыя адрасаваная групам пасажыраў альбо сем’ям у складзе ад 2 да 6 чалавек. Яна дазваляе купіць білет на 30% танней у параўнанні з базавай цаной. У сваю чаргу ў цягніках бізнес-катэгорыі і прэміюм-катэгорыі з 30-працэнтнай зніжкай можна набыць «Сямейны білет». Варта таксама нагадаць, што летам, не толькі падчас навучальнага года, дзейнічаюць зніжкі на чыгуначны транспарт для студэнтаў да 26 гадоў і дактарантаў да 35 гадоў (51%), а таксама школьнікаў (37%). А для людзей, які любяць рознага роду промаакцыі, кампанія PKP Intercity стварыла спецыяльны сайт Promobilet, на якім кожны дзень перавозчык выстаўляе промабілеты на розныя маршруты. Квіток на цягнік можна набыць са зніжкай у памеры нават некалькіх дзясяткаў працэнтаў. Дарэчы, у Польшчы білет на цягнік можна купіць за 30 дзён да адпраўлення. На пачатку продажу цэны на білеты таксама прадаюцца са скідкамі.
У летні перыяд PKP Intercity штодзень накіроўвае ў трасы 423 цягнікі. У сетцы спалучэнняў перавозчыка – 413 населеных пунктаў.
Адпачынак – гэта бестурботны час, але таксама трэба памятаць пра адказнасць і законапаслухмянасць. Можна, канешне, заашчадзіць на білеце і пражыванне, але можна таксама страціць на штрафе, калі парушым грамадскі парадак. Пра гэта, дарэчы, нагадвае паліцыя. Гаворыць камісар Віялета Шубска з Галоўнага ўпраўлення паліцыі Польшчы.
- Калі ў дадзеным населеным пункце не дзейнічаюць спецыяльныя распараджэнні, прынятыя муніцыпальнымі ўладамі, то спажываць алкаголь на пляжы не забаронена. Але калі такая забарона існуе, то за яе парушэнне пагражае штраф у памеры 500 злотых (310 беларускіх рублёў – рэд.). Падобны штраф – за курэнне ў недазволеным месцы. Забаронена таксама пакідаць смецце на пляжы, паліць вогнішча, смажыць шашлыкі і гучна слухаць музыку ды выкарыстоўваць вульгарную лексіку.
Дарэчы, за гучную музыку, калі яна перашкаджае іншым адпачыннікам, можна атрымаць штраф у памеры да 100 да 500 злотых (ад 62 да 310 рублёў). У сваю чаргу за распаленае на пляжы вогнішча пагражае ад 500 да 5 тыс. злотых штрафу (ад 310 да 3 тыс. 100 рублёў). За пакінутае смецце – 500 злотых.
Камісар Шубска таксама нагадвае, што штраф (500 злотых) атрымаць можна за знаходжанне на пляжы топлес.
- Я нагадаю, што для нудыстаў існуюць спецыяльныя пляжы, дзе можна загараць абсалютна без ніякай вопраткі.
Дарэчы, адным з найбольш вядомых у Польшчы месцаў для загарання без вопраткі з’яўляецца пляж для нудыстаў «Стогі» ў Гданьску, на які з цэнтру горада ходзяць прамыя трамваі.
Увогуле Польшча – камфортнае і цікавае месца для летняга адпачынку. Для водпуску тут можна выбраць некалькі горных ланцугоў, Балтыйскае мора і азёры, а адным з найбольш славутых у краіне месцаў адпачынку з’яўляецца паазер’е ў рэгіёне Вармія і Мазуры.
вс