Беларуская Служба

Настаўніца матэматыкі: «Каб забяспечыць у Польшчы вартае жыццё, трэба працаваць абодвум бацькам»

08.07.2023 20:00
Дырэктарка беларускай школы, дзе вучыліся дзеці, запатрабавала дазвол з Міністэрства адукацыі на іх выезд за граніцу.
Аўдыё
  • Беларуская настаўніца пра жыццё ў Польшчы
. .
Матэматыка. Ілюстрацыя.фота: Shutterstock

Спадарыня Алена - настаўніца матэматыкі. Доўгі час працавала ў вясковай школе на Вілейшчыне. Разам з мужам і двума дзеткамі перабралася ў Польшчу ў жніўні 2020 года, якраз у разгар пратэстаў у Беларусі. За гэты час ужо добра можа параўнаць чым розніцца жыццё ў абедзвюх краінах.

Пераехалі не спантанна, доўга рыхтаваліся

Да пераезду ў Польшчу спадарыня Алена з сям’ёй рыхтавалася два гады. Аднойчы ад сваіх бацькоў даведалася, што карані іх роду знаходзяцца ў Польшчы. Пачала задумвацца аб гэтым. А яшчэ такія думкі падганяліся бесперспектыўнасцю існавання ў вёсцы. Да ўсяго, на тое, каб нешта змяніць у жыцці, наводзіла праца ў школе.

- Гэтая прапаганда ў школе невядома да чаго вяла. Мне ўжо станавілася страшна ад пастаяннага негатыву, здавалася, што хутка пачнецца вайна. Увесь час нейкія дзіўныя патрабаванні, невядома да чаго тых дзяцей рыхтаваць. Ідзіце збірайце металалом, макулатуру, нейкія ідэалагічныя мерапрыемствы - усё, што заўгодна, толькі не вучэбны працэс.

Ды і выбрацца было не так проста. Больш чым паўгады пайшло на тое, каб зрабіць дакументы, рознага кшталту патрэбныя паперы, а ўжо перад самым выездам, паводле спадарыні Алены, дырэктарка школы, дзе вучыліся дзеці, запатрабавала дазвол з Міністэрства адукацыі на іх выезд за граніцу. Жанчына была здзіўлена, бо не ўяўляла, што павінна браць нейкі дазвол на тое, каб забраць з сабой сваіх дзяцей.

- Людзі на Захадзе нават не ўяўляюць, у якім рабстве, якім калгасе жывуць там…

Калі ведаеш беларускую мову, лягчэй пераходзіць на польскую

 Уладкоўваліся ў Польшчы, усміхаючыся дадае мая суразмоўніца, як і ўсе іншыя эмігранты: знайшлі кватэру, дзяцей адправілі ў школу. Вялікім плюсам было тое, што муж, паехаўшы раней, ужо меў працу. Спадарыня Алена таксама ў хуткім часе знайшла працу, а яшчэ праз некалькі месяцаў пачала займацца рэпецітарствам па матэматыцы сярод украінскіх і беларускіх дзетак.

Як сама прызнаецца, напачатку разам з сваімі вучнямі прыстасоўвалася да тэрміналогіі на польскай мове. І заўважае – дапамагала тое, што выкладала раней па-беларуску, паколькі ў польскай мове шмат агульнага і не складана было зразумець.

- Цяжка, канешне, было з правільным вымаўленнем, але з кожным месяцам адчуваеш, што ў цябе атрымліваецца лепш. Слухаеш сябе, чуеш памылкі і сама ж папраўляеш. І з кожным разам расцеш…

Тры гады пайшлі на тое, каб атрымаць польскі пашпарт і купіць у крэдыт кватэру

Дзеці школай задаволены. Старэйшая дачка вучылася добра ў Беларусі і тут змагла хутка адаптавацца. Вывучае дзве замежныя мовы, але добра памятае беларускую і чытае кніжкі. Апроч гэтага пайшла ў валейбольную секцыю, бо займалася гэтым відам спорту яшчэ ў Беларусі.

- Але такіх магчымасцяў там не было, як у Польшчы. Тут яны пастаянна ездзяць на спаборніцтвы, цэлы жнівень адпачываюць у спартыўным лагеры. А ў яе беларускай школе адкрылі спартовую секцыю і яна трэніравалася там разам з хлопчыкамі.

Сын таксама здолеў адаптавацца, толькі вось, з жалем гаворыць спадарыня Алена, беларуская літаратурная мова можа застацца для яго замежнай. Хаця дома яны размаўляюць, як правіла, на трасянцы.

- У садок хадзіў расійскамоўны. Там беларуская мова была толькі па аўторках. Але што там: добрай раніцы, добры дзень, да пабачэння… А ў школе ён там толькі адзін клас адвучыўся.

Увесь гэты час, звяртае ўвагу суразмоўніца, у адаптацыі на новым месцы яны значную падтрымку атрымалі ад касцёлу, куды ходзяць разам з дзецьмі.

- Для мяне аддушынай было тое, што мы ад самага пачатку хадзілі ў касцёл. Дзеці пайшлі тут да першай камуніі, бо там у нас не было касцёлу. У Беларусі я вазіла сына на ўрокі рэлігіі, а тут ён пайшоў, як міністрант. Тут шмат хлопцаў, ёсць з кім размаўляць і падтрымку мае…

Тры гады жыцця, як кажа спадарыня Алена, пайшло на тое, каб цалкам легалізавацца, атрымаць польскія пашпарты і купіць у крэдыт  кватэру. Канешне, за кватэру яшчэ плацяць крэдыт, але жыць можна і цяпер, паводле суразмоўніцы, час на тое, каб паездзіць па Польшчы, а таксама пабачыць свет.

- Адчуванне такое, што ёсць куды прыйсці, што маеш сваё месца. І дзеці па-іншаму сябе адчулі. І нават дачка кажа, што ідзеш да дому і адчуваеш, што ідзеш да дому. Гэта непараўнальна з тым, як мы здымалі кватэру.

Прыжыліся і адчуваем сябе не горш, чым у Беларусі

За гэтыя тры гады сям’і спадарыні Алены ўдалося навязаць добрыя кантакты з польскімі сем’ямі. І найперш дзякуючы стасункам у касцёле. Згадвае, што ў Беларусі такіх блізкіх адносін з чужымі людзьмі не было, бо нават родныя людзі злаваліся, што яны выехалі ў Польшчу.

- Мае бацькі таксама злавалі, маўляў, ну што вы нас тут кінулі і паехалі. Яны не маглі гэтага зразумець. А цяпер мая мама кажа, што казала глупства… Добра, што з часам неяк да іх дайшло. Але гэта мае бацькі і яны мне могуць казаць што заўгодна.

Уклад жыцця амаль ва ўсім, паводле суразмоўніцы, змяніўся. Нават харчаванне ў іх сям’і шмат у чым стала іншым, бо пачалі купляць больш садавіны, гародніны. Тут, паводле суразмоўніцы, харчы больш разнастайныя, чым у Беларусі, і рознага кшталту свежыя ягады і садавіна ёсць у продажы круглы год.

Наагул, мая суразмоўніца лічыць, каб забяспечыць сабе і дзецям вартае жыццё ў Польшчы - каб яны навучаліся, наведвалі секцыі, каб нічым не розніліся ад польскіх дзетак – трэба працаваць абодвум бацькам. Дарэчы, не без гумару згадвае, як у Беларусі рыхтавалі дзяцей да школы.

- Самае страшнае  было купіць усё неабходнае дзецям у школу. Верх, ніз, туфлі такія і такія… Тут няма такіх праблем, я хлопцу купіла на 200 злотых адзення, ён пайшоў і забыўся, і ніхто не пытае. І я сабе галаву не забіваю. А згадваю, як дачцэ ў Беларусі казалі: белае ў кропачкі нельга – патрэбна чыста белае, бо інакш нам такія вучаніцы не падыходзяць…

І ў дзяцей ёсць перспектыва…

Адчувальная розніца паміж Польшчай і Беларуссю, паводле спадарыні, у сацыяльнай падтрымцы сям’і. І факты  на карысць Польшчы.

- У Беларусі нам з адной толькі медыцынай хапіла. Дзеці нарадзіліся, хварэлі, то праблема на працы, каб з імі быць. У шпіталь пакласці – там таксама нейкія планы - лажыць ці не лажыць. Тут бывае складана да лекара запісацца, але калі ты прыйшоў, то цябе абслужаць, як чалавека. Ну і "500 плюс" усё ж ад дзяржавы штомесяц. У мяне на дваіх тысяча злотых – дзецям на ссабойкі, на праязныя, кішэнныя расходы… Адчувальна.

Ды і за гэтыя тры гады дзеці спадарыні Алены ўжо шмат чаго пабачылі, непараўнальна, як гэта было ў беларускай вясковай школе. Наагул адчуваецца, што ў іх ёсць перспектыва, толькі, каб добра вучыліся.

- Дзеці ўжо шмат дзе пабывалі, бо са школы часта ездзяць. Такіх магчымасцяў у Беларусі не было – там толькі ў Хатынь ездзілі. А тут дачка ўжо ў Празе была, у гарах, на моры…

Праўда, і яна і дзеці Беларусь усё ж згадваюць часта. Спадарыня Алена кажа, што ў 20-м годзе шмат праплакала гледзячы навіны з Беларусі. Хвалявалася за блізкіх і знаёмых людзей, а таму і вырашыла, што пакуль там змены не адбудуцца, то і нага яе туды не ступіць.

- Я цяпер гляджу БЕЛСАТ часта – там беларуская мова… А пасля 22 гадзін вечарам нейкае кіно з класікі і на беларускай мове – якая гэта асалода слухаць яе. Можна нават не глядзець, а толькі слухаць…

Павел ЗАЛЕСКІ