Google запускае ў Еўропе бота Bard, Ілан Маск стварае канкурэнта для OpenAI's ChatGPT, і ёсць таксама Кітай са сваімі ботамі. Рэвалюцыя штучнага інтэлекту набірае абароты, і палякі маюць у ёй вялікую долю, піша Міхал Душчык у газеце Rzeczpospolita.
Bard толькі што дэбютаваў у Польшчы. Ён дае магчымасць размовы на больш чым 40 мовах, гутаркі з ботам у аўдыяверсіі і з выкарыстаннем малюнкаў. Адным з найбольш інавацыйных праектам кіруе Яцэк Краўчык.
– Гэта эпахальны момант, калі дзякуючы гэтай тэхналогіі мы можам дазволіць людзям квітнець, вынаходзіць, ствараць рэчы, якія раней былі недасяжнымі, – кажа Краўчык, які ў дзяцінстве эміграваў са свайго роднага горада Вроцлаў.
Bard, ChatGPT – гэта амерыканскія праекты. Уласныя т. зв Вялікія моўныя мадэлі (LLM) выпрабоўвае кітайская інтэрнэт-кампанія Baidu. Нядаўна кампанія пахвалілася тым, што яе бот Ernie перасягнуў самую перадавую версію ChatGPT па некалькіх параметрах.
Еўропа таксама не складае зброі. У Фінляндыі плануецца стварыць LLM, што зробіць Стары кантынент незалежным ад імпарту такога тыпу тэхналогій. У гэтай справе прыклалі руку і польскія навукоўцы. Яны дапамагаюць у будаўніцтве суперкампʼютара, які павінен навучаць будучыя вялікія моўныя мадэлі маўленню і напісанню для патрэб карыстальнікаў з Еўрасаюза.
Палякі распрацоўваюць штучны інтэлект
Паказальна, што ў пабудове перадавых сістэм штучнага інтэлекту значную долю маюць палякі: за Bard у Google стаіць Яцэк Краўчык, у OpenAI працуе вялікая група польскіх інжынераў, а ў SpaceX такой тэхналогіяй займаецца Томаш Чайка. Але на гэтым справа не сканчаецца. Ёсць больш польскіх тэм, звязаных з пабудовай наватарскіх сістэм штучнага інтэлекту. У нямецкім Кёльне, стартап Яраслава Кутылоўскага DeepL, распрацоўвае лічбавы памочнік, які падказвае на многіх мовах, «як пісаць не толькі правільна, але і сапраўды добра».
Уласную тэхналогію распазнання маўлення таксама распрацавала гданьская кампанія VoiceLab. Гаворка ідзе пра праект Trurl (назва, інспіравана творчасцю Станіслава Лема). Паводле Яцэка Кавальца з VoiceLab, гэта польскі адказ на ChatGPT. На ягоную думку, сістэма павінна быць больш адчувальнай да польскага кантэксту – дакладна адкажа на пытанні пра родную культуру, кухню і правільна напіша электронны ліст.
яс