Беларуская Служба

Беларусы ствараюць у Польшчы сетку суботніх школ

18.07.2023 13:10
Аб самой суботняй школе і планах стварэння цэлай сеткі такіх устаноў нашаму радыё распавядае кіраўнік кансультацыйнага пункту на базе Акадэміі добрай адукацыі ў Варшаве Ягор Сурскі.
Аўдыё
  • Аб самой суботняй школе і планах стварэння цэлай сеткі такіх устаноў нашаму радыё распавядае кіраўнік кансультацыйнага пункту на базе Акадэміі добрай адукацыі ў Варшаве Ягор Сурскі.
 ,
Ягор Сурскі, кіраўнік кансультацыйнага пункту на базе Акадэміі добрай адукацыі ў Варшаве Фота  аўтара.

Познань стаў другім горадам у Польшчы, дзе на базе Акадэміі добрай адукацыі арганізавана суботняя школа для беларускіх дзяцей. Адзіная такая ўстанова, дзе заняткі праводзяцца па-беларуску, існавала дагэтуль толькі ў Варшаве. Аб самой суботняй школе і планах стварэння цэлай сеткі такіх устаноў нашаму радыё распавядае кіраўнік кансультацыйнага пункту на базе Акадэміі добрай адукацыі ў Варшаве Ягор Сурскі.

-Спадар Ягор, што сабой уяўляе суботняя школка і  якая ад яе карысць беларускім дзецям?

-Калі казаць пра суботнюю школу для беларускіх дзетак, то найперш павінен зазначыць, што гэта добрая воля існуючай сеткі польскіх прыватных школ Акадэміі добрай адукацыі. Першая такая школа для беларускіх дзетак пачала працаваць яшчэ ў кастрычніку мінулага году ў Варшаве. Гэты досвед паказаў чым важная для беларускіх дзяцей такая школа, якія наведваюць агульнаадукацыйныя польскія школы.

Перад усім яна выконвае місію сацыялізацыі для гэтых дзяцей, паколькі там яны камунікуюць, знаёмяцца, сябруюць у сваім коле. І функцыя сацыялізацыі, як паказаў варшаўскі досвед, выконваецца. Таму наступны крок: стварэнне сеткі школ, дзе кампактна жывуць беларусы. Другая суботняя школа на базе Акадэміі добрай адукацыі пачынае працаваць у Познані. Плануем, што да 1 верасня яшчэ адна суботняя школка адкрыецца ў Гданьску. Стварыўшы сетку такіх школ, паспрабуем наладзіць кантакты паміж імі.

-Напэўна асноўнае пытанне – якімі будуць заняткі ў такой школе?

-У Варшаве ў нас усё гэта складвалася паступова. Калі напачатку праводзіліся заняткі па беларускай мове, літаратуры, гісторыі Беларусі, то пазней, як далучылася больш дзяцей, з’явіўся творчы кампанет: заняткі малявання, акторскага майстэрства, інтэрактыўныя літаратурныя заняткі, спевы.

Мы разумеем, што ў гэтай сітуацыі павінны не тое што канкурыраваць, а ўсведамляць, што дзеці такую базавую падрыхтоўку школьную праходзяць у стацыянарнай польскай школе. Таму субота шмат у чым павінна быць такой дадатковай. І таксама павінна быць магчымасць запрашаць прадстаўнікоў беларускай культуры, якіх цяпер шмат у Польшчы. І калі ўтворыцца сетка такіх школ з’явіцца магчымасць прасцей арганізоўваць падобныя праекты. А гэта ў сваю чаргу зробіць навучанне больш разнастайным.

-На які ўзрост разлічана суботняя школка, паколькі дзеці ў старэйшых класах часта маюць дадатковыя заняткі, альбо спартовыя і іншыя секцыі і таму падобнае…

-Што адносна ўзросту, то тут сапраўды цяжэй дагрукацца да дзяцей старэйшага школьнага ўзросту, паколькі ў іх ужо ёсць свае канкрэтныя мэты, яны вырашылі куды будуць паступаць, а таму такі беларускі кампанент можа найменш іх цікавіць. Варшаўскі вопыт паказаў, што найбольш дачынення мы маем з групай дзяцей дашкольнага ўзросту і малодшых класаў. І бацькі іх таксама ў гэтым зацікаўлены, бо хочуць, каб дзеці не забылі беларускай мовы, а таму найчасцей да нас далучаюцца.

-Вы сказалі, каб рабіць заняткі больш творчымі, запрашаеце вядомых людзей беларускай культуры. Хто канкрэтна з вядомых праводзіў заняткі ў Варшаўскай школе?

- Прыгадваецца сустрэча з Уладзімірам Арловым, прыгадваецца канцэрт з дзіцячай праграмай Андруся Такінданга, прыгадваецца арганізацыя Батлейкі, прыгадваецца ноч у школе прымеркаваная да Міжнароднага дня дзіцячай казкі,  прыгадваюцца заняткі акторскага майстэрства з Андрэем Саўчанкам, які мае вялікі педагагічны досвед акторскага майстэрства для дзяцей…

-Гэта значыць не толькі матэматыка, мова…

-Так. Але калі ёсць запыт, то ёсць і матэматыка і мова. Ёсць магчымасць, калі навучэнцы ў межах дня вучнёўскага самакіравання самі праводзяць заняткі і распавядаюць пра камп’ютарныя праграмы з якімі яны працуюць. Канешне, мы імкнёмся ствараць такі інтэрактыўны фармат, каб заняткі былі цікаўнымі, разнастайнымі.  

-А ці ёсць прафесійныя педагогі, бо колькі б не запрашалі на заняткі культурных дзеячаў, школа павінна мець сваіх настаўнікаў. У вас няма такой праблемы?

- Такой праблемы няма паколькі кадравы патэнцыял тых выкладчыкаў, якія вымушаны былі пакінуць Беларусь і знаходзяцца ў Польшчы, уражвае, ён вялікі. І з намі працуюць насамрэч выбітныя педагогі, творцы. І для іх гэта таксама мае вялікае значэнне, паколькі яны застаюцца ў прафесіі. Нават у такім невялікім фармаце – суботніх заняткаў, але яны адчуваюць сваю запатрабаванасць сацыяльную і педагагічную. І яны ўдзячны насамрэч такой магчымасці.

-На ваш погляд, як беларускім дзецям даводзіцца адаптавацца да польскай сістэмы адукацыі? Многія з іх ідуць у школу нават не ведаючы польскай мовы.

-Я не магу сказаць, што гэта проста. Усё ж польская сістэма адукацыі адрозная ад беларускай. Самы складаны прадмет для нашых вучняў – польская мова. Але не таму, што дзеці не могуць авалодаць, засвоіць асноўныя прынцыпы граматыкі, тэрміналогію паколькі гэта ўсё ж блізкая мова паводле сваёй структуры, яна падобная і г.д. Але ў звязку з іншым адрозным падыходам. Калі мы разглядаем польскую мову, як дысцыпліну, то маем на ўвазе і польскую літаратуру і сусветную, якая выкладаецца па-польску. Але яна вывучаецца ў культурніцкім гістарычным кантэксце і гэта такая інтэграваная дысцыпліна, дзе кожны вучань павінен разважаць, мець свой погляд і звязваць тэму літаратурнага твора са штодзённасцю, каб гэтая тэма была актуальнай. І нашы вучні не заўсёды да гэтага гатовы. Яны не разумеюць, што ад іх патрабуюць, што ад іх чакаюць. А ад іх чакаюць і хочуць пачуць усяго толькі іх уласныя думкі.

-Спадар Ягор, каму належыць ідэя стварэння беларускіх суботніх школак?

-Перад мусім была прапанова заснавальніцы сеткі школ Акадэміі добрай адукацыі спадарыні Катажыны Хай, якая ў 2007-2011 гадах была міністрам адукацыі Польшчы. Яе ініцыятыва палягала на тым, каб адчыніць такое аддзяленне, або беларускі накірунак на базе Акадэміі добрых спраў. І дзейнасць тут шматвектарная. Акрамя школкі працуе кансультацыя для бацькоў, каб яны маглі лепш арыентавацца ў польскай сістэме адукацыі.

Павел ЗАЛЕСКІ