Польскі газатранспартны аператар Gaz-System і Камандаванне Войскаў тэрытарыяльнай абароны Польшчы падпісалі пагадненне аб вучэбным узаемадзеянні і падрыхтоўцы да ўзаемадзеяння вайскоўцаў і работнікаў прадпрыемства ў крызісных сітуацыях, піша партал energetyka24.com.
Супрацоўніцтва, прадугледжанае пагадненнем, уключае: навучанне супрацоўнікаў Gaz-System асновам ваеннай падрыхтоўкі і ўзаемадзеяння з узброенымі сіламі Рэспублікі Польшча; прадстаўленне інфармацыі аб пагрозах і падзеях, якія маюць дачыненне да працы Gaz-System і дзейнасці Войскаў тэрабароны; узаемадзеянне салдат тэрабароны і супрацоўнікаў аператара ў крызісных сітуацыях.
Як падкрэсліла ўпаўнаважаная ўрада па пытаннях стратэгічнай энергетычнай інфраструктуры Ганна Лукашэўска-Тшэцякоўская, агрэсія Расіі супраць Украіны паказала, што вайна таксама азначае напады на крытычна важную інфраструктуру, як энергасеткі, так і гідраэлектрастанцыі, а таксама пагроза бяспекі ядзернай энергетыкі.
«Урад Польшчы падтрымлівае такія ініцыятывы і спадзяецца, што іншыя стратэгічныя кампаніі пойдуць па слядах Gaz-System, што зробіць нас як краіну больш устойлівымі да выклікаў», – падкрэсліла Лукашэўска-Тшэцякоўска.
Старшыня праўлення Gaz-System Марцін Хлудзінскі заявіў - фармалізуецца тое, што адбываецца ўжо даўно, таму што каля 500 супрацоўнікаў ужо прайшлі навучанне ў Войсках тэрытарыяльнай абароны. «Мы ведаем адзін аднаго, маем адпрацаваныя працэдуры, ведаем, дзе што знаходзіцца», – падкрэсліў Хлудзіньскі, дадаўшы, што ў рамках супрацоўніцтва таксама будуць праводзіцца вучэнні на інфраструктурных аб'ектах Gaz-System.
Камандуючы Войскамі тэрытарыяльнай абароны генерал Мацей Кліш падкрэсліў, што рыхтуецца серыя вучэнняў, звязаных з сумеснай працай Войскаў тэрабароны і Gaz-System.
Польскі дзяржаўны газатранспартны аператар Gaz-System – гэта камапанія стратэгічнага значэння, якая адказвае за пракачку газу прыкладна па 12 тыс. км газаправодаў, зʼяўляецца ўладальнікам і аператарам тэрмінала ЗПГ у Свінавуйсце.
эж