Кожнае пятае замежнае злачынства ў Польшчы было ўчыненае грузінамі. Складзеныя з іх банды спецыялізуюцца на крадзяжах, рабаваннях і нападах на абменныя пункты. Грузіны карыстаюцца прывілеямі, якія дазваляюць ім лёгка трапіць у Польшчу, у тым ліку, з несумленнымі намерамі, паведамляе Rzeczpospolita.
Спасылаючыся на звесткі Галоўнай камендатуры паліцыі газета канстатуе, што грузіны прымаюць удзел у амаль 20 працэнтах злачынстваў, учыненых замежнікамі. Гаворка ідзе не толькі пра ўзломы, але і дзёрзкія рабаванні.
У сваю чаргу, паводле звестак Памежнай службы, на якія спасылаецца выданне, грузіны займаюць першае месца сярод замежнікаў, затрыманых і высланых з Польшчы за нелегальнае знаходжанне.
«За першае паўгоддзе гэтага года ў дачыненні да 729 з іх была вынесеная пастанова з патрабаваннем пакінуць тэрыторыю Польшчы (у асноўным па адміністрацыйнай пастанове). Летась іх было 549. За імі ідуць грамадзяне Малдовы і Беларусі – прыкладна па 360 чалавек. За ўвесь 2022 год такія пастановы былі вынесеныя ў дачыненні да 1 601 грузіна, паведамляе Rzeczpospolita.
«Таксама найбольшая колькасць грузінаў была затрыманая за нелегальнае знаходжанне ў Польшчы – да чэрвеня бягучага года – гэта 807 чалавек, прыкладна, на 100 больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. За ўвесь мінулы год – гэта 1 621 грузін.
Грузіны таксама знаходзяцца ў групе іншаземцаў, якім польскія памежнікі найчасцей адмаўляюць ва ўездзе ў краіну. Газета адзначае, што летась Упраўленне па справах іншаземцаў адмовіла 5 тысячам грамадзян Грузіі ў прадастаўленні віду на жыхарства. 12,5 тысячы грузінаў такі дазвол атрымалі.
«Найбольш распаўсюджанымі падставамі для адмовы былі неадпаведнасць патрабаванням для атрымання дазволу ў сувязі з заяўленай мэтай знаходжання або абставінамі, якія з'яўляліся падставай для звароту па дазвол, якія не апраўдвалі знаходжанні на польскай тэрыторыі даўжэй, чым тры месяцы», – заявіў у размове з выданнем Rzeczpospolita прэс-сакратар Упраўлення па справах іншаземцаў Якуб Дудзяк.
аз