84 гады таму ў Маскве быў падпісаны Дагавор аб ненападзе паміж Трэцім Рэйхам і Савецкім Саюзам. 23 жніўня 1939 года згаданы дакумент падпісалі міністр замежных спраў Трэцяга Рэйха Ёахім фон Рыбентроп і старшыня Савета народных камісараў СССР Вячаслаў Молатаў. Яны зрабілі гэта ад імя свайго начальства – Адольфа Гітлера і Іосіфа Сталіна.
Пакт Молатава-Рыбентропа часта называюць чацвёртым падзелам Польшчы. Гэтая назва добра адлюстроўвае яго сутнасць. Дзве суседнія з Польшчай краіны заключылі паміж сабой пагадненне аб падзеле яе тэрыторыі. Праз некалькі тыдняў гэтае пагадненне было рэалізаванае. Для Польшчы і многіх іншых еўрапейскіх грамадстваў пакт азначаў страту незалежнасці, некалькі мільёнаў ахвяр, тэрытарыяльныя і матэрыяльныя страты і шматгадовае заняволенне.
Гісторык Інстытута нацыянальнай памяці нагадвае, што пактaм Молатава-Рыбентропа, Гітлер і Сталін на самой справе ліквідавалі Польшчу. Павел Касіньскі(Paweł Kosiński) паясняе, што падпісанне пакту было прадыктавана жаданнем абодвух дыктатараў змяніць палітычныя адносіны, якія склаліся пасля Першай сусветнай вайны, і забяспечыць спрыяльную сітуацыю пасля магчымага пачатку канфлікту:
- Для Гітлера гэтае супрацоўніцтва азначала ліквідацыю Польшчы – хаўрусніка заходніх дзяржаў; які, нягледзячы на спробы збліжэння з боку Германіі, не вырашыўся на больш цеснае супрацоўніцтва па экспансіі на Усход супраць Савецкага Саюза. У сваю чаргу, для Сталіна гэта была адтэрміноўка нямецкай агрэсіі,а таксама магчымасць далучыцца да вайны ў больш зручным для Савецкага Саюза моманце.
Для Трэцяга Рэйха пакт Молатава-Рыбентропа быў формай забеспячэння на выпадак нападу на Польшчу. Важным элементам згаданага забеспячэння была ад сутнасць рэакцыі з боку Савецкага Саюза, лічыць гісторык Інстытута нацыянальнай памяці прафесар Ян Шумскі(Jan Szumski):
- Нейтралітэт Савецкага Саюза быў адным з ключавых элементаў. У сваю чаргу Сталін і бальшавіцкая вярхушка, наадварот, доўга чакалі імперыялістычнай вайны ў Еўропе. Вайны па сцэнары, па якім капіталістычныя дзяржавы павінны былі ваяваць паміж сабой, а Савецкі Саюз павінен быў далучыцца да вайны толькі тады, калі згаданыя капіталістычныя дзяржавы будуць ужо вычарпаныя. Гэта дазволіла б Сталіну дасягнуць свае мэты ў знешняй палітыцы.
Дакумент складаўся з дзвюх частак – публічнай і сакрэтнай, якія прадугледжвалі падзел Польшчы, нагадвае гісторык Павел Касіньскі:
- Увогуле, гэта была дзіўная дамоўленасць, бо гэта была дамова аб ненападзе паміж краінамі, якія ж не мелі супольнай мяжы. Вялікае значэнне меў сакрэтны пратакол, у якім абодва партнёры: Трэці Рэйх і Савецкі Саюз падзялілі паміж сабой Еўропу – вызначылі свае сферы ўплыву. У цэлым гэта азначала падзел Польшчы, падзел Прыбалтыкі і частковы падзел Румыніі.
Сталін спадзяваўся, што дзякуючы дамове з Гітлерам верне сабе, між іншым, тэрыторыі Прыбалтыкі, часткі Польшчы і Румыніі, нагадвае прафесар Шумскі:
- Сакрэтны дадатак усталяваў падзел сфер уплыву ва Усходняй Еўропе. Гаворка ішла аб падзеле Польшчы больш-менш уздоўж лініі рэк: Віслa, Нараў і Сан. Наступныя палажэнні тычыліся, сярод іншага, падзелу сфер уплыву на тэрыторыі балтыйскіх краінаў, а таксама на тэрыторыі Румыніі. 28 верасня, пасля падпісання Дамовы аб дружбе і мяжы, дамоўленасці з 23 жніўня былі крыху скарэктаваныя.
Павал Касіньскі падкрэслівае, што хаця тая частка пакту Рыбентропа-Молатава, якая датычылася падзелу сфераў уплыву, была сакрэтнай, інфармацыя пра гэта дайшла да польскіх хаўруснікаў – Францыі і Вялікабрытаніі, але іх прадстаўнікі не паводзілі сябе лаяльна і не паведамілі пра гэта польскім уладам:
- Яны хацелі, каб Польшча ў апошні момант не саступіла нацысцкім патрабаванням і не пагадзілася на іх, імкнучыся такім чынам пазбегнуць агрэсіі. У гэтай сітуацыі, калі ўсё паказвала на тое, што зараз пачнецца вайна, французы і брытанцы хацелі, каб першы ўдар быў нанесены не па Францыі ці Вялікабрытаніі. Усе хацелі мець час, каб падрыхтавацца да вайны – так прынамсі паяснялі палітыкі і вайскоўцы.
Канчаткова ні Францыя, ні Вялікабрытанія не атрымалі ніякай карысці ад утойвання фактаў перад Польшчай. Пасля ажыццяўлення пакта і падзелу Усходняй Еўропы Германія 10 траўня 1940 года напала на Францыю, якая капітулявала 22 чэрвеня. Неўзабаве пасля гэтага, 10 ліпеня 1940 года, немцы напалі на Вялікабрытанію.
Прафесар Ян Шумскі нагадвае, што палажэнні дамовы перашкаджалі эфектыўнай абароне ад нямецкай арміі, якая ўвайшла на тэрыторыю Польшчы 1 верасня 1939 года і савецкай арміі, якая ўвайшла на ўсходнія тэрыторыі краіны 17 верасня:
- Гэта азначала катастрофу, таму што барацьба на два фронты з самымі лютымі ворагамі, з двума арміямі, якія мелі колькасную перавагу, перавагу ў тэхніцы – гэта была проста барацьба за гонар. Былі даволі вялікія спадзяванні на дапамогу, перш за ўсё, заходніх краін - Вялікабрытанію і Францыю. На жаль, гэтыя спадзяваньні аказаліся ілюзорнымі
- нагадаў гісторык.
Згодна з сакрэтным пратаколам да Дагавора аб ненападзе, Трэці Рэйх атрымаў сферу ўплыву, якая складалася з Літвы (уключаючы Віленшчыну), часткі Польшчы – на захад ад рэк: Нараў, Вісла, Сан і большай часткі Румыніі.
Сфера ўплыву Савецкага Саюза ахоплівала Фінляндыю, Эстонію і Латвію, астатнюю частку Польшчы і Бесарабію, то бок частку Румыніі.
У гадавіну падпісання пакта Молатава-Рыбентропа, то бок 23 жніўня, адзначаецца Еўрапейскі дзень памяці ахвяр сталінізму і нацызму, заснаваны ў 2008 годзе Еўрапейскім парламентам.
IAR/аз