У бліжэйшую суботу і нядзелю пройдзе буйнейшае ў Польшчы і адно з буйнейшых у Еўропе авіяцыйнае мерапрыемства Air Show Radom 2023. Аматары авіяцыі змогуць пабачыць паветраныя паказы, а таксама пазнаёміцца з рознага тыпу лятальнымі апаратамі. Інфармацыйную падтрымку Air Show Radom 2023 забяспечвае Першы і Трэці каналы Польскага радыё.
На мерапрыемства арганізатары прадалі больш за 100 тыс. білетаў. У праграме, у прыватнасці, вячэрнія авіяпаказы ў суправаджэнні піратэхнічных эфектаў, гонкі аўтамабіля «Формулы – 1» з самалётам і выстава рознага тыпу авіятэхнікі.
Сёлета арганізатары таксама падрыхтавалі «сухапутную» частку мерапрыемства: на Air Show Radom можна будзе купіць лот на кіраванне Ferrari SF90 Stradale – балідам «Формулы -1», і Audi RS6 з рухавіком у 1 тыс. конскіх сіл. Даход з продажу лотаў будзе накіраваны ў фонд, які збірае грошы на неанаталагічныя рэанімабілі.
Падрабязнасці мерапрыемства даступныя на адмыслова створаным сайце.
Свята авіяцыі зноў вяртаецца ў каляндар масавых мерапрыемстваў Польшчы пасля пяцігадовага перапынку з-за эпідэміі каранавіруса. Адна з мэт сёлетняга Air Show Radom – уганараваць памяць аб польскіх пілотах, якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё айчыннай авіяцыі. Так, мерапрыемства пачнецца ўганараваннем памяці аб капітане Станіславе Скаржыньскім, які роўна 90 гадоў таму здзейсніў адзіночны беспасадачны палёт праз Атлантыку. На самалёце польскай вытворчасці RWD-5bis ён праляцеў 3 тыс. 582 км з узбярэжжа Сенегалу ў Бразілію. У паветры ён правёў 20 г 30 хвілін, у тым ліку над акіянам – 17 г 15 хвілін. Адметнасцю палёта Скаржыньскага было тое, што пілот здзейсніў яго не ў камбінезоне, а ў элегантным касцюме.
Але вернемся да свята авіяцыі ў Радаме... Акрамя польскіх самалётаў, у Air Show удзел прымуць машыны з Бельгіі, Даніі, Грэцыі, Чэхіі і Фінляндыі. Упершыню шырокай публіцы будзе паказаны вучэбна-баявы самалёт паўднёвакарэйскай вытворчасці FA-50, першыя адзінкі якога паступілі на ўзбраенне ВПС Польшчы сёлета. А паколькі адным з арганізатараў з’яўляецца Войска Польскае, то гледачы змогуць таксама ўбачыць новыя ўзоры тэхнікі, якія сёлета атрымала польская армія, у прыватнасці, навейшыя танкі K2 карэйскай вытворчасці і M1 Abrams – амерыканскай.
Дырэктар Air Show Radom, брыгадны генерал ВПС Польшчы Гжэгаж Слюсаж расказаў пра тое, што гледачы змогуць убачыць на мерапрыемстве.
- 70 адзінак вайсковай тэхнікі будзе паказана публіцы на зямлі. Гледачы змогуць убачыць танкі, ракетныя сістэмы залпавага агню, аснаджэнне і зброю спецыяльных падраздзяленняў «Агат», «Гром», «Фармоза»... будзе беспілотны падводны апарат, а таксама 50 самалётаў, якія можна будзе ўбачыць не толькі ў паветры, але і на зямлі. Будзе таксама магчымасць размовы з пілотамі.
Войска Польскае таксама ўстановіць спецыяльныя стэнды, дзе можна будзе атрымаць падрабязную інфармацыю пра паступленне на службу ў армію.
Пры гэтым арганізатары звяртаюць увагу на тое, што на мерапрыемстве будуць уведзеныя акрэсленыя сродкі бяспекі. Намеснік міністра абароны Польшчы Войцех Скуркевіч сказаў, што з імі можна азнаёміцца ў спецыяльным прыкладанні.
- Яно ўтрымлівае не толькі праграму мерапрыемства, але і правілы бяспекі, якіх павінны прытрымлівацца ўдзельнікі Air Show. А таксама планы паркінгаў, дакладнае абазначэнне ўваходаў і шмат іншай інфармацыі. Я заклікаю ўдзельнікаў спампаваць прыкладанне на свае смартфоны.
У прыватнасці, забараняецца браць з сабой веласіпеды і самакаты ды хатніх жывёл (за выключэннем сабак-праваднікоў). Ежа павінна быць выключна ў пластыкавых кантэйнерах (не шкляных), з сабой можна ўзяць ваду, але максімум – паўлітра.
Упершыню авіяцыйнае шоў прайшло ў Радаме ў 2000 годзе.
У 2009 годзе падчас паказу разбіўся знішчальнік Су-27 ВПС Беларусі. Пілоты, палкоўнік Аляксандр Марфіцкі і палкоўнік Аляксандр Жураўлевіч, адвялі падаючы самалёт ад гледачоў і збудаванняў, але самі загінулі, не змогшы катапультавацца.
Горад Радам з насельніцтвам у 200 тыс. чалавек знаходзіцца ў 100 км на поўдзень ад Варшавы.
Валеры Саўко