Польска-беларуская актывістка Яна Шостак усё ж не будзе кандыдатам ад апазіцыйнай «Грамадзянскай кааліцыі» на парламенцкіх выбарах 2023 года. Жанчына, па рэкамендацыі партыі «Зялёныя», павінна была балатавацца з 13-га месца ў спісе «Грамадзянскай кааліцыі» ў акрузе № 24 у Падляскім ваяводстве, паведамляе старонка onet.pl.
Пра тое, што актывістка ўсё ж балатавацца на выбарах у згаданым спісе не будзе паведаміла ў размове з «Радыё Плюс» віцэ-спікер Сейма Малгажата Кідава-Блоньска, якая паясніла, што нядаўняя заява Яны Шостак аб абортах вельмі безадказная. «Грамадзянская платформа і Кааліцыя (Грамадзянская кааліцыя – рэд.) такой пазіцыі не падтрымліваюць», – дадала Малгажата Кідава-Блоньска.
Рашэнне «Грамадзянскай кааліцыі» здзівіла Яну Шостак. «Пра гэтае рашэнне мяне пакуль ніхто афіцыйна не інфармаваў», – сказала яна адразу пасля інтэрв’ю Кідавы-Блоньскай.
«Мне важная праўда ў барацьбе за сапраўдную дэмакратыю, таму я не шкадую пра свае словы, гэта было б супраць мяне і ўсёй маёй папярэдняй дзейнасці», – пракаментаравала Шостак.
Ці ў гэтай сітуацыі яна будзе балатавацца на выбарах ад іншай партыі? «Пакуль не ведаю, якія ёсць варыянты, але калі паступіць прапанова, абавязкова яе разгледзім. Час пакажа», – заявіла актывістка.
«Я хацела балатавацца, таму што я перакананая, што калі на наступных выбарах нешта не памяняецца, то з кожным наступным тэрмінам будзе ўсё цяжэй. Цяпер або ніколі!», – сказала Яна Шостак у інтэрв'ю onet.pl.
Сумневы выклікала інтэрв’ю, якое Яна Шостак надоечы дала старонцы onet.pl, у якім яна пацвердзіла, што выступае за тое, каб аборты былі дазволеныя пасля 12-га тыдня цяжарнасці.
У сваю чаргу ў інтэрв’ю радыё ТОК FM яна раскрытыкавала сцяну на польска- беларускай мяжы. «Лепш, калі б яна наогул не ўзнікла. Да таго, як сцяна была ўзведзена, ніхто не пытаўся ў грамадзян ці трэба яе будаваць», – сказала Яна Шостак.
аз