Беларуская Служба

Кіно расказвае палякам пра беларусаў

31.08.2023 15:20
У польскай сталіцы праходзіць другі летні кінаагляд «Пад агульным небам», які арганізуе Цэнтр мыслі Яна Паўла ІІ.
Аўдыё
  • Беларускія фільмы паказваюць у Варшаве
Ілюстрацыйны здымакhttps://www.centrumjp2.pl/

Сёлета ў рамках паказу арганізатары пазнаёмілі палякаў з тым, што адбываецца ў апошнія гады ў суседніх краінах, у тым ліку ў Беларусі.

Кожную летнюю сераду да 6 верасня ў польскай сталіцы адбываюцца тэматычныя кінаагляды. Сёлета арганізатары вырашылі паказаць палякам фільмы з Украіны, Беларусі, Грузіі ды Індыі. У праграме паказы 15 фільмаў з апошніх гадоў – гэта мастацкія і дакументальныя стужкі, якія паказваюць сучасную сацыяльна-культурную сітуацыю краін, з якіх у Варшаву прыехалі мігранты, і драматычныя наступствы пакідання сямейнага дома.

Кожны агляд суправаджацца размовай з запрошанымі гасцямі, экспертамі ў розных галінах. Сярод іх былі падарожнікі, журналісты, аўтары кніг і рэжысёры, якія ведаюць сітуацыю з уласнага прафесійнага і асабістага досведу.

Кінаагляд ладзіцца з мэтай стварыць прастору для бяспечнага творчага абмену і міжкультурнага дыялогу, каб дапамагчы пераадолець страх перад іншасцю і адчужэнне. Больш падрабязна пра Другі летні кінаагляду «Пад агульным небам» мы паразмаўлялі з каардынатарам Матэвушам Тома.

- Наш другі летні кінаагляд «Пад агульным небам» праз тыдзень ужо завяршаецца. Ён ладзіцца дзеля сустрэчы розных меншасцяў, розных груп, супольнасцяў мігрантаў, якія жывуць у Варшаве. У звязку з гэтым сёлета ў праграму мы выбралі фільмы з Беларусі, Украіны, Грузіі ды Індыі. Для нас важна, каб праз кіно распавесці пра гэтыя краіны, пра праблемы, з якімі сутыкаюцца гэтыя народы, якія часта змушаюць людзей з’язджаць з Радзімы.

Як сталася, што вы зацікавіліся менавіта Беларуссю?

- Па-першае, у Варшаве і ў Польшчы жыве штораз больш  беларусаў. Па-другое, гэта ўплыў дыктатарскага рэжыму, які не спыняе вялізарныя антыдэмакратычныя рэпрэсіі. Гэтую тэму мы закранаем у нашых фільмах, каб польская грамадскасць магла лепш зразумець праблемы, з якімі сутыкаюцца беларусы.

Падчас кінаагляду Цэнтр мыслі Яна Паўла ІІ адрэагаваў на трагічную смерць у вязніцы Алеся Пушкіна, паказаўшы стужку пра мастака.

- Мы ўжо паказалі 4 фільмы, якія закранаюць беларускую праблематыку. Гэта былі дакументальныя стужкі. Апроч таго мы спантанна зрэагавалі на трагічную сітуацыю, паказваючы дакументальны фільм «Беларускі вальс» Анджэя Фідыка, які расказвае гісторыю Алеся Пушкіна. Пасля яго трагічнай смерці мы ўключылі стужку ў праграму прагляду. Праз тыдзень 6 верасня ў сераду а 20 гадзіне нас чакаюць чарговыя фільмы з Беларусі. Гэта будзе кароткаметражныя мастацкая стужка «У жывую» рэжысёркі Марыі Тамковіч. Гэта фільм рэканструкцыя падзей з пратэстаў 2020-га года пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў. Іншая стужка – дакументальная «Апошняе лета» Ігара Чышчэні, паказвае беларускую моладзь, іх мары ды мэты, наколькі яны цяпер душацца ў Беларусі.

На праглядзе праз тыдзень адбудзецца дыскусія з рэжысёркай да акторамі фільму «У жывую». Як польская грамадскасць рэагуе на паказаныя фільмы? Наколькі пашыраная свядомасць таго, што дзеецца ў Беларусі сярод палякаў?

- Рэакцыя на нашыя фільмы ды сустрэчы вельмі цёплая і пазітыўная. Для нас гэта вельмі важна, асабліва на фоне расійскай агрэсіі супраць Украіны. Важна таму, што ўжо летась гучалі негатыўныя выказванні ў дачыненні да беларусаў у Польшчы. Несправядліва! Менавіта таму наш кінаагляд і сустрэчы з экспертамі маюць на мэце паказаць сапраўднае аблічча існуючай сітуацыі, таго, што ў Беларусі працягваецца вялізарнае змаганне за дэмакратыю. Вялікая частка беларусаў не падтрымлівае Лукашэнку ды вайну ва Украіне. Трэба разумець, што Варшава – гэта спецыфічная сітуацыя, тут палякі маюць больш магчымасцяў сустрэць людзей з іншых краін. Хаця часта – гэта моцна фармалізаваны  кантэкст. Мы ж хочам паказаць, як мага шырэй сітуацыю ў гэтых краінах, дзякуючы фільмам і экспертам наша публіка атрымоўвае шмат новых ведаў.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч