У Польшчы цяпер жыве шмат беларусаў, у тым ліку дзяцей-беларусаў. Попыт спараджае прапанову – за апошнія гады ў краіне паўстала шмат адукацыйных ініцыятыў, скіраваных на дзяцей у эміграцыі. Адзін з іх – беларуская школа пры Цэнтры беларускай салідарнасці ў Варшаве пад кіраўніцтвам Хэлены Нядзьвецкай.
Беларуская школа пры Цэнтры беларускай салідарнасці ў Варшаве – праект дадатковай адукацыі. Апроч заняткаў па беларускай мове, у школе праводзяць шмат развіваючых і творчых заняткаў, працуе шахматны клуб. Заняткі праходзяць на бясплатнай аснове па працоўных і выходных днях, праект разлічаны на адаптацыю дзяцей да жыцця на эміграцыі і польскамоўным асяроддзі, расказвае каардынатарка школы Дзіяна Прышчапёнак.
Слухайце раўмову ў далучаным файле!
— Ідэя была даўно, але, калі ўтварыўся Цэнтр беларускай салідарнасці ў Польшчы найперш як цэнтр юрыдычнай дапамогі ў эміграцыі, прыходзілі людзі і ўсё больш расказвалі пра праблемы дзяцей таго часу. Калі быў перыяд кавіду, ім не было з кім сябраваць, бавіць час, у школах яны больш маўчалі. Тады наша дырэктар Хэлена Нядзьвецка зразумела, што акурат цяпер час для цэнтру дадатковай адукацыі. У сакавіку 2021 года і была створаная школа пры ЦБС. У першых групах было каля дваццаці чалавек, заняткі былі па польскай і англійскай мовах. І першыя заняткі настаўнікі праводзілі на валанцёрскіх пачатках, нават матэрыялы набывалі за ўласны кошт. Восенню атрымалася знайсці фінансаванне, мы пашырыліся і да нас прыйшло ўжо каля ста дзяцей. Цяпер мы працуем і агулам заняткі наведваюць больш за 240 дзяцей. У нас ёсць заняткі беларускай мовы і літаратуры, якія ў інтэрактыўным фармаце вядзе Васіль Дранько-Майсюк, нядаўна з’явіліся заняткі беларускай мовы для розных узроставых катэгорый – ад 5 да 13 гадоў. Сёлета ў Лодзі мы распачалі сумесна з моўнаю школаю Govori.pl заняткі англійскай і польскай моваў. Спадзяюся, зможам пашырыцца і на другія гарады.
Дзіяна падкрэслівае, што дзеці – шчырыя ў сваіх водгуках і эмоцыях, таму лёгка зразумець, наколькі прыязная атмасфера ў школе, наколькі цікава арганізаваныя заняткі.
– Праца з дзецьмі ўдзячная, я сама ў Беларусі працавала настаўнікам, ты адразу бачыш зваротную сувязь, калі ім цікава, яны бягуць да цябе, яны з задавальненнем займаюцца. Калі цікавыя заняткі, дзеці наведваюць, расказваюць сябрам і цягнуць іх да сябе. Мы бачым падзяку і ад бацькоў, бо разумеем, што на новым месцы ў эміграцыі не можаш дазволіць сабе вадзіць дзяцей на розныя заняткі, бо ўласны час траціш на працу і вучобу. Канешне, ёсць і крыху неабавязковае стаўленне, калі заняткі бясплатныя. Але цяпер мы больш строга ставімся да наведвальнасці. Асабліва што тычыцца такіх запатрабаваных заняткаў, як урокі польскай і англійскай мовы. У дзяцей, да слова, пасля эміграцыі тры замежныя мовы для вывучэння: польская, англійская, а яшчэ ў школах другая дадатковая – нямецкая ці французская. І вельмі радасна і крута назіраць, што ёсць запатрабаванасць у вывучэнні беларускай мовы.
Таксама суразмоўца кажа, што менавіта з польскіх школаў арганізатары ўзялі такі важны момант, як стварэнне прыязнай атмасферы.
Беларуская школа пры Цэнтры беларускай салідарнасці ў Варшаве адкрытая для дзяцей і супрацоўніцтва, таму, калі ёсць цікавыя ідэі і прапановы – прыходзьце!
вх