Беларуская Служба

«Эліза Ажэшка – мая сяброўка, я пабіў рэкорд Гінэса, прачытаўшы яе раман 17 разоў!»

09.09.2023 06:00
У суботу ў Польшчы ў рамках «Нацыянальнага чытання» чытаюць фрагменты раману Элізы Ажэшкі «Над Нёманам». 
Аўдыё
  • 9 верасня ў Польшчы адбываецца "Нацыянальнае чытанне".
     -    .
Раман Элізы Ажэшкі "Над Нёманам" па-беларуску ў перакладзе Анатоля Бутэвіча. Фота: БСПР/Наталля Грышкевіч

У суботу, 9 верасня, па ўсёй Польшчы праходзіць акцыя «Нацыянальнае чытанне». У гэты дзень жыхары краіны, на чале з прэзідэнтам Анджэем Дудам і яго жонкаю, чытаюць фрагменты раману Элізы Ажэшкі «Над Нёманам». 

У рамках кампаніі «Нацыянальнае чытанне» кожны год у публічнай прасторы чытаюць фрагмент важнага для польскай літаратуры твору. Часам выбар звязаны з нейкай гістарычнай гадавінай. Сёлета гэта 160 гадоў з пачатку Студзеньскага паўстання, якое ў Беларусі называюць таксама Паўстаннем Кастуся Каліноўскага, а ў Расіі – Другім польскім паўстаннем або мяцяжом. Гэта была барацьба палякаў, да якіх далучыліся таксама беларусы ды прадстаўнікі іншых народаў, з панаваннем Расійскай імперыі на землях сённяшняй Польшчы, Беларусі, Літвы ды Украіны. І таму сёлета была выбраная кніга Элізы Ажэшкі «Над Нёманам», у якой ёсць паўстанцкія матывы.

Кніга Ажэшкі (у Польшчы яе называюць Эліза Ажэшкова) «Над Нёманам» прынесла пісьменніцы найбольшую славу. Важны матыў твору – паўстанне 1863 года. Аўтарка пісала яго як бы пад заказ грамадскасці, кніга выйшла ў 25-ую гадавіну паўстання. У рамане няма апісанняў вялікіх бітваў ці іншага прамога змагання, але паўстанне аказала ўплыў на лёс усіх герояў. Акрамя паўстанцкіх матываў, гучыць мноства іншых – ад рамансаў і элегіяў пра каханне, падзеленае і непадзеленае, да эцюдаў, прысвечаных прыродзе, шляхецкіх пасядзелак і штодзённасці засцянковага побыту.

Фрагмент раману чытаюць прэзідэнт Анджэй Дуда і яго жонка Агата Корнхаўзэр-Дуда. Героі кнігі, Ян Багатыровіч і Юстына Ажэльска размаўляюць пра брацкую магілу, у якой спачываюць парэшткі сарака паўстанцаў, у тым ліку бацька Яна.

«Хацелася б, каб сёлета чытанні паглыбілі разважанні над тым, як мы сёння чытаем нашу гісторыю і як мы яе памятаем. І каб, асабліва сёння, перад абліччам агрэсіўнага расійскага імперыялізму, праз зварот да паўстанцкага чыну раман Ажэшкі яшчэ больш умацаваў веру ў фундаментальнае права кожнага народу на ўласную свабоду і суверэнітэт», – напісаў Анджэй Дуда на сайце кампаніі «Нацыянальнае чытанне».

Не ўсюды ў Польшчы акцыя прайшла 9 верасня. У некаторых месцах яна адбылася на тыдзень раней. Напрыклад, у горадзе Піла чытанне прайшло ў мінулыя выходныя. Кожны, хто чытаў урывак з раману, атрымаў спецыяльны сертыфікат. Таксама была зробленая спроба сумеснага чытання ўсімі ўдзельнікамі. А вось што яны казалі пра гэты твор і саму падзею.

- Я люблю чытаць, асабліва «Над Нёманам» Элізы Ажэшкі. Гэта мая маладосць. Я вельмі люблю гэты твор. Сёння я спецыяльна прыехала, каб тут быць.

- Каб таксама прыгадаць тыя літаратурныя творы, якія мы праходзілі ў школе, яшчэ ў ліцэі, а цяпер ужо забылі. «Над Нёманам» – гэта найлепшая кніжка школьнай праграмы. Цудоўнае апісанне краявідаў, я ў сваёй фантазіі бачыла тыя мясціны.

У чытанні ўдзельнічаюць таксама журналісты Польскага радыё. Сёлета рэжысёрам падзеі стаў дырэктар Тэатру Польскага радыё Януш Кукула. Ён лічыць Ажэшку сваёй сапраўднай сяброўкай, паколькі «Над Нёманам» – яго любімы твор.

- «Над Нёманам» – адзін з важнейшых твораў у гісторыі польскай літаратуры. Эліза Ажэшка – мая сяброўка, я пабіў рэкорд Гінэса, прачытаўшы раман 17 разоў! Ажэшка – малодшая сястра Міцкевіча, у рамане яна паказвае панараму польскага лёсу. Корчын – гэта імпрэсійная версія Сапліцова (дзе адбываецца дзеянне «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча – рэд.). Гэта адлюстраванне нашага польскага ўяўлення, якое ніколі ўжо не вернецца.

«Над Нёманам» – самы папулярны раман Элізы Ажэшкі. Крытыкі сустрэлі яго з энтузіязмам, яны высока ацанілі, напрыклад, эфектыўнае спалучэнне дыдактызму з мастацкай каштоўнасцю і старанна прадуманай кампазіцыяй. Раман Ажэшкі ўваходзіць у школьную праграму, даўно ўжо стаў класікай у Польшчы. А вось у Беларусі кнігі няма ў школах, нягледзячы на тое, што дзеянне кнігі адбываецца на беларускіх землях, а паўстанне Каліноўскага – таксама важны эпізод беларускай гісторыі. Як кніга ўспрымаецца ў Беларусі? Першы пераклад на беларускую мову быў зроблены адносна нядаўна. Ці яна агулам вядомая шырокаму колу чытачоў? З гэтым пытаннем мы звярнуліся да доктара філалагічных навук, супрацоўніка Варшаўскага ўніверсітэту Андрэя Масквіна.

- У 2003 годзе выйшла кніжка. Цяжка сказаць, наколькі чытаюць цяпер беларусы Элізу Ажэшку. Я чытаў яе, калі быў яшчэ студэнтам, шмат гадоў таму. Чытаў на польскай мове, гэта праграмны твор, я прачытаў яго за два дні, не мог затрымацца. Апісанні прыроды мяне так уразілі, што я перачытваў іх па некалькі разоў. З аднаго боку хацеў прачытаць як мага хутчэй, а з другога, затрымліваўся і перачытваў. Гэта вельмі важны твор рэалістычнай літаратуры. Ажэшка змагла ахапіць вялізную колькасць герояў, вельмі розных. Там ёсць і гісторыя, ёсць і сучаснасць 19-га стагоддзя. Гэта вельмі добрая літаратура, канон польскай літаратуры. Сянкевіч, Прус і Ажэшка – гэта трое пісьменнікаў, якіх абавязкова трэба чытаць, незалежна ад таго, на якой мове гэта напісана, трэба шукаць пераклады.

Кампанія «Нацыянальнае чытанне» стартавала ў Польшчы ў 2012 годзе сумесным чытаннем «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча. У наступныя гады былі прадстаўленыя, у прыватнасці, творы Аляксандра Фрэдры, Генрыка Сянкевіча, Баляслава Пруса, Станіслава Выспяньскага, Стэфана Жэромскага і Юліюша Славацкага.

Слухайце далучаны гукавы файл аўдыё.

Polskie Radio Pr. I/нг