Беларуская Служба

Найлепшымі месцамі для жыцця прызнаныя гарады заходняй часткі Беларусі і сталіца

06.10.2023 16:46
Даследаванне «Барометр беларускіх гарадоў 2023» праводзілася вясной гэтага года на групе каля 2 тысяч чалавек.
Аўдыё
  • "Барометр беларускіх гарадоў"
:
Фота:Цэнтр новых ідэй

Цэнтр новых ідэй сумесна з Прэс-клубам Беларусь прэзентавалі надоечы даследаванне «Барометр беларускіх гарадоў 2023». У праведзеным апытанні жыхароў розных беларускіх гарадоў і мястэчак спыталі, як яны ацэньваюць свае гарады і іх перспектывы, ці ганарацца імі, ці намераны заставацца жыць у іх далей.

Прыкладна адна пятая жыхароў Беларусі пражывае ў Мінску, там самая развітая інфраструктура, багаты рынак працы і правядзення свабоднага часу. Аднак найлепшым горадам апытаныя назвалі зусім не сталіцу. Першыя два месцы на подыуме занялі Брэст і Гродна, а Мінск трапіў на трэцюю пазіцыю. Пра апытанне і яго вынікі распавядае старэйшы даследчык Цэнтра новых ідэй Генадзь Коршунаў.

- Як заўсёды пры народных апытаннях, быў перакос у бок дэмакратычнай, пратэснай часткі насельніцтва, якая больш актыўная, больш ведае. Мы пыталіся як пра лагістыку ў горадзе, так і пра тое, ці падабаецца горад, ці адчуваюць людзі гонар за яго, ці бачаць перспектывы ў сваім горадзе. Аказалася, што на першым месцы далёка не Мінск, а Брэст, на другім месцы – Гродна, а Мінск толькі на трэцім. Брэст добра сябе паказаў і па агульных умовах, і па ўспрыняцці гораду. Па адчуванні «вайба» ён саступіў толькі Гродну, «каралеўскаму гораду», патрыятызм гарадзенцаў вядомы. Моцныя бакі Брэста: па-першае, гэта ўмовы для вольнага часу. Людзі казалі, што вельмі задаволеныя працай музеяў, выставаў, кафэ, спартовых пляцовак і г.д. Па-другое, гэта перспектывы развіцця. Моцным бокам Гродна быў патрыятызм жыхароў, нежаданне кудысьці з’язджаць. У сваю чаргу Мінск праваліў такія паказнікі, як задаволенасць працай школ і дзіцячых садкоў, гонар са свой горад таксама аказаўся далёка не на першым месцы.

Калі на захадзе Беларусі ці на Міншчыне жыхары пераважна ганарацца сваім горадам і бачаць у ім перспектывы, то некаторыя гарады і мястэчкі ўсходняй часткі краіны даследчыкі назвалі «гарадамі расчаравання» або нават «гарадамі роспачы». У першай групе, між іншым, Бабруйск, Салігорск, Крычаў, а ў другую трапілі Магілёў, Ворша, Барысаў, Маладзечна, Наваполацк і Полацк. Адзін з аўтараў даследавання Міхаіл Мацкевіч заўважыў, што гэта сведчыць аб вострай патрэбе рэформаў у Беларусі, але, на жаль, пры сённяшняй уладзе гэтых рэформаў не варта чакаць.

- Краіна патрабуе адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы і рэформы мясцовага самакіравання. Тое, што вялікія гарады адчуваюць сябе лепей, а маленькія гарады сталі гарадамі роспачы, кажа аб дысбалансе паслугаў і дысбалансе магчымасцяў. Людзі ў малых гарадах павінны мець магчымасць атрымаць той жа доступ да сацыяльных паслугаў. Мне падаецца, што з кожным годам, з рэпрэсіямі, працягам вайны і турбулентнасцю, нічога добрага не трэба чакаць для малых і сярэдніх гарадоў. Сітуацыя будзе толькі пагаршацца. Таксама не варта чакаць рэформаў ад уладаў.

Фота: Фота: Цэнтр новы ідэй

Што цікава, гонар ад свайго месца і пражывання ды жаданне заставацца ў ім жыць далёка не заўсёды супадаюць з адносна высокім узроўнем жыцця ў дадзеным месцы. Напрыклад, гарады Магілёўшчыны знаходзяцца высока ў рэйтынгу паводле ўмоваў жыцця і развіцця інфраструктуры, але жыхары менш імі ганарацца і жадаюць заставацца там жыць, чым у гарадах заходняй часткі краіны. Гэта звязана з падыходам уладаў як да гістарычнага мінулага, так і да актыўных людзей пасля 2020 года, – кажа Генадзь Коршунаў.

- Улады прыкладаюць мала высілкаў, каб рабіць гістарычны, турыстычны вобраз свайго гораду. Зразумела, ёсць што паказаць і Магілёву, і Віцебску, але ў нас гісторыя пачынаецца з 1941 году, а на захадзе з 1939. З гэтага даволі складана зрабіць нешта, чым можна было б ганарыцца. Цяжка знайсці жаданне, каб заставацца і нешта рабіць, а тыя, хто нешта рабілі да 2020 году, зараз сядзяць.

Даследаванне «Барометр беларускіх гарадоў 2023» праводзілася вясной гэтага года на групе каля 2 тысяч чалавек.

нг