Беларуская Служба

У Польшчы дэмантавалі чарговы помнік чырвонаармейцам

12.10.2023 12:01
Паводле Інстытута нацыянальнай памяці, у грамадскіх месцах у Польшчы ўсяго засталося яшчэ каля 30 савецкіх помнікаў удзячнасці.
   (Łubnice)          .
У вёсцы Лубніцы (Łubnice) у Свентакшыскім ваяводстве быў дэмантаваны прапагандысцкі помнік у памяць чырвонаармейцам. PAP/Piotr Polak

У вёсцы Лубніцы (Łubnice) у Свентакшыскім ваяводстве ў чацвер быў дэмантаваны прапагандысцкі помнік у памяць чырвонаармейцам. Гэта чарговы камуністычны помнік, які знік з публічнай прасторы ў Польшчы па ініцыятыве Інстытута нацыянальнай памяці, нагадвае старонка ipn.gov.pl.

Як паведаміў прэс-сакратар Інстытута нацыянальнай памяці Рафал Ляшкевіч, прапагандысцкі аб’ект у Лубніцах уяўляе сабой класічны абеліск на пастаменце. У сакавіку 2018 года з яго прыбралі пяціканцовую чырвоную зорку.

«Лінія савецка-нямецкага фронту ў 1944–1945 гадах праходзіла праз вёску Лубніцы. Раней на гэтым месцы былі пахаваныя астанкі савецкіх салдатаў, але ў 1946 годзе яны былі эксгумаваныя і перапахаваныя на могілках у непадалёкай Стапніцы(Stopnica). Устаноўлены ў Лубніцах помнік меў нагадваць пра барацьбу савецкіх салдатаў. Зараз прапагандысцкі аб’ект быў дэмантаваны ў адпаведнасці з палажэннямі закона аб дэкамунізацыі», – сказаў Ляшкевіч.

Помнік знаходзіўся побач з руінамі разбуранага саветамі палаца. Палацавы комплекс у Лубніцах быў пабудаваны каля 1688 года для Станіслава Гераклюша Любамірскага. Рэстаўрацыйныя работы аб’екта, распачатыя ў 1855 годзе Адамам Патоцкім, перапыніў пажар. Палац перажыў Першую сусветную вайну, нямецкую акупацыю і быў узарваны Чырвонай Арміяй у кастрычніку і лістападзе 1944 года паводле загаду тагачаснага каменданта гміны Лубніцы старшага лейтэнанта Уладзіміра Марціновіча. Сёння руіны палаца зараслі дрэвамі.

Як паведаміў Рафал Ляшкевіч, Інстытут нацыянальнай памяці і гміна Лубніцы заключылі дамову, паводле якой на месцы дэмантаванага прапагандысцкага аб'екта будзе ўсталяваны памятны знак ахвярам злачынных ідэалогій: нямецкага нацызму і савецкага камунізму.

Згодна з рэкамендацыямі кансерватара, памер і форма новага помніка будзе захаваная. Ён будзе выкананы са светла-шэрага граніту. Праца над новым памятным знакам пачнецца пасля дэмантажу агітацыйнага абʼекта, у якім сёння прыняў удзел старшыня Інстытута нацыянальнай памяці Караль Наўроцкі.

Паводле звестак Інстытута нацыянальнай памяці, у грамадскіх месцах у Польшчы ўсяго засталося яшчэ каля 30 савецкіх помнікаў удзячнасці. Згаданыя абʼекты плануецца паступова дэмантаваць.

аз