Беларуская Служба

«Талерантнасць – гэта не тое, што нам прыходзіць з геномам: наадварот – ксенафобія нам перадаецца з геномам»

31.10.2023 13:02
Беларускі рэжым вядзе пошук ворагаў – у апошні час імі зноўку сталі прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасці.
Аўдыё
  • «Талерантнасць – гэта не тое, што нам прыходзіць з геномам: наадварот – ксенафобія нам перадаецца з геномам»
.
Талерантнасць. Ілюстрацыякрыніца: succo/Pixabay

Таталітарныя і аўтарытарныя рэжымы заўсёды шукаюць у грамадстве ворагаў, каб на некага накіраваць агрэсію, і каб гэтую ж агрэсію адвесці ад улады, гаворыць у размове з намі сузаснавальнік праваабарончай арганізацыі «Журналісты за талерантнасць» і медыяэксперт Алег Ражкоў.

Алег Ражкоў. Фота прадастаўлена суразмоўцам Алег Ражкоў. Фота прадастаўлена суразмоўцам

У апошні час ворагам зноўку сталі прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасці, на якіх ладзяцца аблавы сілавікоў, а правая рука Лукашэнкі Наталля Качанава распавядае пра пераняцце расійскага вопыту ў змаганні са згаданай грамадскай групай.

Больш за тое, паводле нашага суразмоўцы, рэжымная прапаганда транслюе негатыўны вобраз асяроддзя ЛГБТ з выкарыстаннем турэмнай лексікі і жаргону ды прывязвае яго да беларускай апазіцыі, для прыкладу, каманды Ціханоўскай.

«Беларусь – гэта такая дэма-версія таго, што адбываецца ў Расіі, дзе правяраецца тое, як будуць працаваць тыя ці іншыя механізмы. Хоць мне падаецца, што ў параўнанні з Беларуссю Расія цяпер – на некалькі крокаў наперадзе», – зазначае Алег Ражкоў. У якасці прыкладу ён прыводзіць кадыраўскую Чачню, дзе геяў забіваюць. «Там адбываецца сапраўдны генацыд», – кажа медыяэксперт.

Часта можна пачуць, што беларусы – гэта талерантная нацыя. Ці згодны з гэтым наш суразмоўца?

«Талерантнасць – гэта не тое, што нам прыходзіць з геномам: наадварот – ксенафобія нам перадаецца з геномам», – падкрэслівае Ражкоў. Паводле яго слоў, талерантнасці трэба вучыцца, і вялікую працу па яе пашырэнні праводзілі некамерцыйныя і няўрадавыя арганізацыі, якія былі ліквідаваныя пасля падзей 2020 года. Пры гэтым наш суразмоўца перакананы, што сітуацыя зменіцца пасля грамадска-палітычных перамен, якія раней ці пазней адбудуцца. І працу гэтую прыйдзецца зрабіць менавіта грамадскім арганізацыям.

«Гэта будзе велізарная работа пасля таго, як рэжым рухне, бо зараз рэжым працуе на адваротную мэту: ён працуе на тое, як распальваць нянавісць сярод беларусаў, адзін да аднога», – гаворыць наш суразмоўца.

Падрабязнасці – у размове з Алегам Ражковым.

Размаўляў Валеры Саўко.

слухайце аўдыёфайл