Хацелася, каб мая творчасць уплывала на людзей
Ілля – мастак, дызайнер. У Беларусі распісваў сцены ў самых розных установах, маляваў муралы, хаця пры гэтым вучыўся на юрыста. Праўда, з юрыспрудэнцыяй у яго не зладзілася.
- Вельмі не хацелі ў сям’і, каб я быў мастаком, паколькі ў нас лічылася, што гэта прафесія ненадзейная. Але калі я пачаў вучыцца зразумеў, што працаваць адвакатам у той Беларусі, у якой я жыў, было немагчыма.
З чатырох да 15 гадоў Ілля займаўся ў мастацкай студыі, атрымлівалася нядрэнна, нават удзельнічаў у некалькіх вернісажах, праўда, уласных выстаў не меў і наагул не вельмі любіў знаходзіцца ў мастацкай тусоўцы.
Адзін час працаваў у фірме, якая прапаноўвала копіі вядомых мастакоў для афармлення рознага кшталту памяшканняў – рэстаранаў, кавярняў, клубаў.
- Зразумела, што ў гэтых працах ніякай мастацкай вартасці не было, але гэта была магчымасць набіць руку.
Пазней пачаў працаваць на сябе, былі сталыя заказы, яго ведалі кліенты, але яму гэтага было замала.
- Хацелася, каб мая творчасць уплывала на людзей, якія яе глядзяць. А таму я паступова звязаў яе з палітыкай, пачаў маляваць карыкатуры на прадстаўнікоў улады.
Трэба было дзейнічаць і мы дзейнічалі
Падчас пратэстаў Ілля разам з іншымі сябрамі быў актыўным удзельнікам таго, што тады адбывалася на вуліцах беларускіх гарадоў.
- Мы хадзілі на мітынгі, дапамагалі валанцёрам: развозілі пітную ваду, каардынавалі калоны, паведамлялі ім дзе ёсць міліцыянты, дзе могуць затрымаць, дзе могуць быць аблавы і г.д.
Распавядаючы пра тыя часы і падзеі ў Іллі нават змяняецца голас, прабіваюцца нейкія ўзвышаныя ноткі ў ім. Адчуваецца, што тыя падзеі дагэтуль свежыя ў яго памяці.
- Гэта былі адны з самых яскравых часоў у маім жыцці. Быў такі пад’ём у грамадстве якога я раней ніколі не бачыў. Хаця ў 2010 годзе быў таксама на плошчы ў Мінску, але тады было зразумела, што хутка ўсё скончыцца. А тут у паветры лунала адчуванне, што вось-вось і мы пераможам…
Але пасля тых падзеяў, паводле майго суразмоўцы, згадваецца цяпер самае рознае.
- Адзін з маіх прыяцеляў працаваў хірургам і непасрэдна распавядаў, што дастаў тады 7 пластыкавых куляў з параненых людзей. Было такое адчуванне эйфарыі і магчыма нейкай злосці… Але ўсе былі аб’яднаныя, увесь час адбываўся нейкі рух і тады не ставала нават часу, каб асэнсаваць што адбываецца. Трэба было дзейнічаць і мы дзейнічалі, а асэнсаванне прыйшло пазней магчыма недзе праз год пасля падзей.
Людзі ў вокнах
Цікава, паводле Іллі, што некаторыя з яго знаёмых пра каго ён думаў, што яны абавязкова будуць ісці з ім у адным шэрагу – іх побач не аказалася. Але за тое побач было шмат людзей, на якіх ён ніколі б не спадзяваўся. Паводле хлопца, іх не палохала, што могуць згубіць бізнес, што некаму давядзецца сядзець у вязніцы…
Трохі падумаўшы Ілля кажа, што яму вельмі запомніліся тады людзі ў вокнах.
- Людзі ў вокнах, якія нягледзячы на тое, што яны не ішлі разам з намі, падтрымлівалі нас на працягу ўсяго нашага шляху. Яны сцягі вывешвалі, крычалі нейкія крычалкі, спявалі разам з намі песні. Гэта вельмі падбадзёрвала тых, хто ішоў у калоне.
Затрыманняў Іллі ўдалося пазбегнуць, хаця ў кватэры ўвесь час стаяў сабраны «трывожны чамаданчык» і ў той самы час ён кажа, што і страху нейкага ў яго не было.
- Насамрэч, страху не было, настолькі адчувалася тады салідарнасць паміж людзьмі. Я ведаў, што нават калі нешта са мной здарыцца – мяне падтрымаюць і я неяк змагу гэта перажыць. Мае сябры тады і на сутках пасядзелі і штрафы заплацілі і цяпер адсоткаў 80 з іх з’ехалі за мяжу. Вось неяк так…
Тут нічога не пагражала, але…
Ілля ад’язджаў з Беларусі пасля таго, як пачалася вайна. Хлопец кажа, што за некалькі месяцаў прадчуваў, што нешта адбудзецца і для гэтага былі падставы.
- У нашым памежным горадзе з’явілася шмат незразумелых людзей бурацкай знешнасці ў вопратцы падобнай да ваеннай. Таксісты распавядалі, што з вакзала вазілі іх да воінскіх частак, там яны выходзілі і ўсё. Людзі пачалі хвалявацца.
У эміграцыі не хацелася прыжывацца, здавалася хутка ўсё скончыцца і зноў усе вернуцца дамоў. Але нічога не сканчалася і прыжывацца Іллі давялося даволі складана.
- Калі знаходзіўся там, то мне лягчэй было, бо ведаў, што цябе можа чакаць. Тут табе нічога не пагражае, але з іншага боку ты не разумееш, што тут табе рабіць, як тут рэалізоўвацца. Таму было даволі складана.
Працягнуў працаваць на фрылансе, займаецца афармленнем дзіцячых кніжак, шукае іншых падпрацовак. Але бачыць, што давядзецца перафарматавацца, паколькі працы ўсё менш, а цэны ўсё вышэй.
Ілля не скардзіцца на матэрыяльныя цяжкасці, але прызнаецца, што псіхалагічна яму даводзіцца не проста.
- Сумоўнічаць з сябрамі праз акіян па інтэрнэту – гэта не дае тых пачуццяў, якія адбываюцца пры непасрэдным кантакце. З іншага боку я зразумеў неабходнасць такіх стасункаў, каб яны былі блізкімі і непасрэднымі. Вось гэтага вельмі не хапае, нават зараз. Ад гэтага і пакутую.
Ратуе ў такой сітуацыі, паводле Іллі, звычайна тое, што беларусы стварылі свае месцы, дзе збіраюцца, дзе можна пасядзець, падзяліцца сваімі хваляваннямі.
А настаўніцы: дзякуй
Традыцыйна цікаўлюся ў свайго суразмоўцы – адкуль у яго такая натуральная беларуская мова. Адказ нават трохі нечаканы: дзякуй маёй настаўніцы Ганне Іосіфаўне.
- Яна была вельмі жорсткай у гэтым плане. Калі ты звяртаўся да яе па-расейску – рабіла выгляд, што ні чуе. Ведала толькі беларускую і польскую мовы. Гэта было вельмі цяжка, мы яе ненавідзелі ўсім класам. Але тое, што яна зрабіла, зараз мне вельмі дапамагае. Пасля пачатку вайны я наагул не размаўляў на расейскай мове на знак пратэсту. І сацсеткі свае вяду цяпер выключна па-беларуску.
Ілля прызнаецца, што па Беларусі сумуе, асабліва па родных, сябрах, па свайму гораду. А з іншага боку імкнецца падмячаць усё лепшае тут, каб потым перавесці ў сваю краіну, бо дадому ён абавязкова вернецца.
- Нам давядзецца шмат рабіць і ў культурнай галіне і ў аднаўленні грамадскіх інстытутаў. Перад намі вялікая і цяжкая праца. Думаю, што на маё жыццё яе дакладна хопіць…
Павел ЗАЛЕСКІ