Страціла працу, бо не паставіла подпіс за Лукашэнку і адмовілася падпісвацца на дзяржаўныя СМІ. Асудзілі за тое ў чым наагул не ўдзельнічала. У Польшчы не спалохалася простай працы. Задаволеная, што дзеці вырастуць і атрымаюць адукацыю ў вольнай краіне.
Не паставіла подпіс за Лукашэнку і адмовілася падпісвацца на дзяржаўныя СМІ
Спадарыня Ірына – шматгранная асоба. Яе першая адукацыя – мадэльер-канструктар. Пазней скончыла гістарычны факультэт Полацкага ўніверсітэту.Згадвае пра свой універсітэт і з жалем заўважае, што яе факультэт, дзе яна атрымлівала веды ў цудоўных выкладчыкаў па гісторыі, цяпер практычна разграмілі.
- Усё, як у 30-я гады. Такія адчуванні, што 30-я гады надышлі ізноў. І тады гісторыкі былі першымі і цяпер…
Ёй не працягнулі кантракт на працы яшчэ падчас збору подпісаў за кандыдатаў. Адмовілася ставіць подпіс за вылучэнне ў прэзідэнты Лукашэнкі. І катэгарычна адмовілася ад прымусовай падпіскі на дзяржаўныя СМІ.
Працу знайшла па-за горадам у дзіцячым аздараўленчым лагеры, дзе выкладала дзецям маляванне. Педагагічны калектыў быў настроены дэмакратычна, таму адчувала сябе там нармалёва.
Згадвае, што дырэктар іх установы нават спрабаваў зрабіць выбарчы ўчастак, каб паказаць як насамрэч галасуюць людзі. Але такой вольніцы ім ніхто не дазволіў. А далей яшчэ горш.
- І вось на тры дні адключылі інтэрнэт. Мы былі ў тым лесе ў шоку – разумеем, што там усё дрэнна. А пасля праз тры дні даведваемся, што ў Наваполацку было вельмі страшна: стралялі светашумавымі гранатамі, вельмі моцна збівалі людзей. Пацярпелыя не маглі звяртацца ў шпіталі, шукалі медыцынскай дапамогі па знаёмых, некаторыя нават у ветэрынараў.
Асудзілі за тое, чаго не было
У верасні, калі спадарыня вярнулася ў горад, далучылася да пратэстаў, але яны ўжо былі не такімі масавымі, як у жніўні. Выкладала маляванне ў прыватнай школе. Хацела ізноў паехаць працаваць у лагер, але яе выкрэслілі са спісаў. А потым за ёю прыйшлі. Ноч правяла ў камеры.
- Я хадзіла на мітынгі, але тое, што мне прад’явілі – не вытрымлівае ніякай крытыкі. Тым разам 14 лютага мяне не было на мітынгу, у маёй мамы быў дзень нараджэння і мы з сям’ёй адзначалі. Мне прад’явілі тое ў чым я не ўдзельнічала. Паказалі на выпадковую жанчыну на відэа і сказалі, што гэта я.
Цяпер аб тым працэсе, аб суддзі, якая хавала свой твар у скайпе і пра сведку-міліцыянта, які пастаянна мяняў свае паказанні, жанчына згадвае з іроніяй. Але штраф у 30 базавых ёй усё ж «намалявалі».
- І я зразумела, што гэта толькі першая ластаўка. І што я не змагу пастаянна выплочваць гэтыя штрафы – проста фінансава не пацягну. І вось калі ў нас адбыўся вобшук, то муж, які казаў, што нікуды з Беларусі не паедзе, бо тут нарадзіўся, тут мой домік – кажа, жонка, трэба з’язджаць, інакш цябе пасадзяць.
Душой засталіся там, а целам тут
З мужам і дачкой з’ехалі адразу, сын застаўся навучацца ва ўніверсітэце. Палічылі, што за ім няма ніякіх грахоў. Але тут пачалася вайна.
- Я адразу сказала, каб кідаў універсітэт і ехаў сюды. Маглі зачыніць мяжу ці яшчэ нешта. Урэшце, калі я пабачыла, што зрабілі з гістарычным факультэтам у Полацку – мы зрабілі правільна, што яго забралі.
Адаптавацца ў Польшчы давялося няпроста, не хапала ведання мовы, ды і наагул усё новае, чужое, а трэба неяк звыкацца. Праўда, адразу пайшла навучацца ў паліцыяльную школу, спрабавала падпрацоўваць і часу на тое, каб сядзець і гараваць практычна не было.
- Ты бяжыш увесь час па справах і ў цябе няма часу на нейкія дадатковыя думкі: як там будзе, страшна, не страшна – ты ўвесь час заняты і гэта добра. Бо некаторыя беларусы, якія прыехалі, яны душой засталіся там, а целам тут. А ў нас на гэта папросту не было часу і гэта ратавала.
Ды і ў размове, як прызнаецца суразмоўніца, яна таксама ніколі не саромелася, што не правільна вымаўляе, альбо не ведае слова, а папросту размаўляла на трасянцы.
- І палякі заўсёды нармальна рэагавалі. Мне не патрапіўся ніводзін чалавек, які б не адказаў, ці абразіў, ці яшчэ нешта.
Не цуралася ніякай працы
Што датычыць працы, то тут, паводле суразмоўніцы, усё выглядае трошкі складаней. Яна адразу зразумела, што працаваць настаўніцай гісторыі не зможа. Спадарыня кажа, што бралася за тое, што ёй прапаноўвалі і не цуралася ніякай працы.
- За першы год я змяніла пяць розных працаў. Знаёмая прапанавала прыбіраць трэнажорны зал. Я ніколі такой працай не займалася, але аказалася, што нічога страшнага – там усё так чысценька, сучасна. Потым двойчы працавала на шакаладнай фабрыцы, дзе прадукуюць бельгійскі шакалад. А зараз паступіла на завочнае аддзяленне ў калегіум, дзе атрымліваю спецыяльнасць сацыяльнага работніка.
Трохі падумаўшы, спадарыня дадае.
- І вось што хачу яшчэ сказаць. Там турма, а тут я на волі. І мне тых сутак, што я адбыла, хапіла. І хто што б не казаў, а я ўзгадваю, як удзень там матрац зварочвалі і сядзець на ім было нельга, а тыя металічныя пласціны – гэта жах. І я разумею, што галоўнае быць на волі і не вельмі істотна, якая ў цябе праца. Галоўнае, што тут бачыш сонейка.
Ды і працу настаўніцы жанчына ўзгадвае таксама як не вельмі ўдзячную.
- Вось усе думаюць, што настаўніку лёгка. Але ў нас настаўніка ўзгадваюць толькі на 1 верасня – пяюць яму серэнады. А наагул, гэта вельмі цяжкая і няўдзячная праца, бо ты павінен усім, а правоў ніякіх не маеш.
Добра, што дзеці жывуць і вучацца ў вольнай краіне
Спадарыня Ірына кажа, што часта ўзгадвае свой горад, сваіх блізкіх і сяброў, падтрымлівае з імі сувязь і бачыць, наколькі там стала сумна жыць. І калі пытаюся – ці вернецца дадому ў выпадку, калі там зменіцца ўлада, адказвае не адразу, думае.
- У такім выпадку мне давядзецца ізноў працаваць з усімі тымі людзьмі, якія ў 20-м не выйшлі, якія змаўчалі, якія фальсіфікавалі тады выбары. І ты вернешся і будзеш з імі працаваць…
А яшчэ дадае, што не вельмі ўяўляе сабе, у якім эканамічным стане будзе Беларусь пасля праўлення цяперашняй улады. Маўляў, гэта будуць часы, калі ў СССР людзі ездзілі на камуністычныя будоўлі і на голым месцы будавалі гарады і заводы.
- Вяртанне ў Беларусь – гэта вяртанне цяпер на камуністычную будоўлю. І таму не ведаю… Дзед быў у мяне камуністам, але ці змагу я паўтарыць такі подзвіг…
Ды і для дзяцей, паводле Спадарыні Ірыны, будзе значна лепей вырасці і атрымаць адукацыю ў вольнай краіне.
- Я не ў роспачы. Я рада, што мае дзеці будуць расці ў дэмакратычнай краіне. У іх спачатку шок быў. Я сама бачу, што беларускія дзеці зашуганыя, усяго баяцца. А таму я шкадую, што мы раней сюды не пераехалі, бо дзеці маглі б быць іншымі. Але думаю патроху і яны адыдуць. Адыдуць…
Павел ЗАЛЕСКІ