Беларуская Служба

Як палякі сустракалі незалежнасць сваёй дзяржавы ў 1918 г.

10.11.2023 14:13
Першымі незалежнасць віталі ў Закапанэ.
Ілюстрацыйны здымакDe Visu/shutterstock

Закапанэ

Першымі незалежнасць віталі ў Закапанэ, якое ўжо 13 кастрычніка адмовілася падпарадкоўвацца захопнікам, а 31 кастрычніка раззброіла аўстрыйскіх салдат і абвясціла Закапянскую Рэспубліку на чале з пісьменнікам Стэфанам Жаромскім.

За дзень да раззбраення гарнізона ў Кракаве, за 10 дзён да прыбыцця Юзэфа Пілсудскага ў Варшаву, за 11 дзён да падпісання перамір'я ў Кампʼене, якое завяршыла Першую сусветную вайну, Закапанэ скінула з сябе кайданы палону.

Кракаў

У Кракаве, які налічваў тады 180 тыс.насельніцтва, радасць была ад паловы кастрычніка, бо Аўстра-Венгерская імперыя развальвалася хуткімі тэмпамі. У гатэлі «Саскі» 28 кастрычніка 60 дэпутатаў Дзяржаўнага савета ў Вене стварылі Ліквідацыйную польскую раду, прызнаўшы, што «польскія землі ў межах Аўстра-Венгерскай імперыі больш не належаць аўстрыйскай дзяржаве».

«Немагчыма перадаць шаленства ад радасці, якое ахапіла польскае насельніцтва ў той момант» – пісаў Енджэй Марачэўскі, віцэ-старшыня Ліквідацыйнай польскай рады, а неўзабаве прэмʼер-міністр адроджанай Польшчы.

«Рабочыя, чыноўнікі пакідаюць працу, селянін пакідае гаспадарку і ідуць у горад на рынак, каб на свае вочы ўбачыць польскае войска, польскія надпісы, нацыянальны герб у кабінетах, польскіх чыгуначнікаў, і нават паліцыянтаў і жандараў», – паведамляў Марачэўскі.

Эйфарыя была аслаблена хаосам, выкліканым раптоўным крахам існуючых дзяржаўных структур і бескантрольнай міграцыяй дэмабілізаваных салдат.

Лістапад быў гарачым і для разбойнікаў. Жаўнеры напалі на Варшаўска-Венскую чыгунку і абрабавалі пасажыраў пад выглядам барацьбы з кантрабандай.

Варшава

Варшава была знясілена ваеннымі кантрыбуцыямі і эпідэміямі воспы, сухоты, ці іспанскім грыпам.

Ноч з 10 на 11 лістапада была неспакойнай. Мала хто спаў, Варшава выйшла на вуліцу.

«Nowa gazeta» 11 лістапада паведамляла пра раззбраенне нямецкіх салдат і афіцэраў польскім войскам і міліцыяй. «Бальшыня аддае зброю, але здараюцца выпадкі супраціву. Тады ўмешваюцца жыхары і перамогу бярэ польскі бок», пісала газета.

У Варшаву прыбыў Пілсудскі, але быў моцна хворы, ноччу на 18 лістапада паклікаў новы ўрад. Жанчыны зладзілі дэманстрацыю ў Варшаве патрабуючы выбарчых правоў.

Як палякі сустракалі 11 лістапада 1918 г. згадвае Gazeta Wyborcza ў дадатку Ale historia.

яс