Як звычайна, адзначэнне гадавіны 11 лістапада 1918 года праходзіць у шматлікіх месцах, ладзяцца сотні розных мерапрыемстваў, як у сталіцы, так і за яе межамі.
Старанна рыхтуецца да адзначэння гадавіны варшаўскі Музей незалежнасці. Лістапад – месяц незалежнасці, таму, каб прыцягнуць як мага больш наведнікаў, у лістападзе як у галоўнай сядзібе музею, так і ў іншых музейных установах, можна купіць квіток за сімвалічны адзін злоты. Гаворыць дырэктар Музею незалежнасці Тадэвуш Скочэк (Tadeusz Skoczek).
- Музей незалежнасці запрашае ў гэтыя важныя лістападаўскія дні наведваць як сам музей, так і яго аддзелы. Акрамя таго, сёлета, згодна рашэнню праграмнага дырэктара, усе нашы друкаваныя выданні мы прадаем танней – роўна на 11% (згадваючы такім чынам дату 11 лістапада – вяртанне незалежнасці). Гэта, між іншым, альбом пра Лістападаўскае паўстанне (1830-1831 гг. – заўвага рэд.). На працягу апошніх 6 гадоў мы выдаем серыю, прысвечаную польскім нацыянальным паўстанням.
Незалежнасць – гэта не толькі адна дата – 11 лістапада 1918 года. Незалежнасць – гэта таксама тыя працэсы, якія адбываліся на польскай тэрыторыі перад гэтай датай, і таксама тое, што адбывалася доўгі час пасля гэтай знамянальнай даты. З таго дня прайшло ўжо 105 гадоў, але палякі не павінны забываць, што дзяржаўная незалежнасць і свабода нікому не даецца раз і на заўсёды. Пра гэта нагадала віцэ-дырэктар Музею незалежнасці Бэата Міхалец (Beata Michalec).
- Незалежнасць у нас адна, але яна крохкая, як фарфор, пра што ніколі нельга забываць. І трэба аб ёй клапаціцца. Каб ушанаваць 105-ую гадавіну незалежнасці нашай дзяржавы, мы запрашаем 11 лістапада на выключны канцэрт, які адбудзецца ў нашай сядзібе. Запрашаем таксама на іншыя мерапрыемствы, між іншым, у сераду, 15 лістапада, адбудзецца ўрачыстае адкрыццё Львоўскага льва – чыгуннай копіі герба Львова. У рамках дзейнасці Музею незалежнасці мы таксама займаемся гісторыяй крэсаў – былых польскіх земляў. Незалежнасць не ўдалося б вярнуць без удзелу жанчын. У гэтым годзе мы адзначаем таксама 105-ую гадавіну ўвядзення выбарчага права для жанчын, і гэтую падзею мы таксама хочам у Музеі незалежнасці паказаць.
Гісторыкі, даследчыкі значна больш увагі прысвячаюць мужчынам-барацьбітам за незалежнасць. Самы вядомы, канешне ж, маршал Юзэф Пілсудскі. Але апошнім часам усё больш увагі гісторыкі прысвячаюць таксама жанчынам, якія ўнеслі вялізны ўклад у вяртанне незалежнасці. Іх праца была менш эфектная, але не менш важная. І менавіта жанчынам, якія сталі «маткамі незалежнасці», прысвечана выстава і дакументальны фільм пад назваю «Энтузіясткі, сілачкі, барацьбіткі». Праект ахоплівае перыяд часу з моманту Студзеньскага паўстання (1863 г) і заканчваецца атрыманнем незалежнасці, – гаворыць адна з аўтарак праекту Наташа Рончка (Natasza Rączka).
- Мы пачынаем наш расповед з перыяду незадоўга да Студзеньскага паўстання, калі сярод польскіх жанчын паявіліся памкненні да эмансіпацыі. У нашай гісторыі эмансіпацыя жанчын была моцна звязаная з барацьбой за вяртанне незалежнасці. У сваю чаргу, заканчваем наш расповед пасля вяртання незалежнасці, важнай падзеяй, якая здарылася амаль адразу пасля гэтага – полькі атрымалі выбарчыя правы. Мы прадстаўляем біяграфію першых 8 дэпутатак у Сейм і 10 дэпутатак сталічнага муніцыпалітэту, якія былі абраныя падчас першых муніцыпальных выбараў.
Свята незалежнасці адзначаецца таксама ў іншых установах, з гэтае нагоды 11 лістапада ў Музеі Варшаўскага паўстання адбудзецца Канцэрт незалежнасці пад назвай «Трыумф. Пра войны з Масквой». У рэпертуары Канцэрту незалежнасці, між іншым, сучасныя кампазіцыі і гістарычныя ваенна-патрыятычныя вершы і песні.
Па словах рэжысёра падзеі Яцэка Гурскага (Jacek "Wiejski" Górski), сёлетняе мерапрыемства прысвечана 160-ай гадавіне выбуху Студзеньскага паўстання і ваенным змаганняў паміж палякамі і расіянамі.
- Мэта нарацыі – паказаць трыумф палякаў, як падчас самых выдатных момантаў перамог над Маскоўскім княствам, так і над царскай Расіяй, а пазней Савецкім Саюзам. Акрамя таго, мы хочам прысвяціць увагу і меншым поспехам, якіх нам удалося дабіцца падчас самых складаных момантаў нашай гісторыі. Назва канцэрту «Трыумф. Пра войны з Масквой» гаворыць сам за сябе, перадае яго змест і ідэю.
Уваход на канцэрт свабодны, але неабходна замовіць квіток на сайце музею Варшаўскага паўстання.
IAR/нг