Gazeta Wyborcza піша пра гуманітарныя крызісы ў 2023 годзе. Год прайшоў пад знакам дэстабілізацыі, войнаў, усё больш відавочных наступстваў кліматычных зменаў і катаклізмаў. Кожны раз самую высокую цану плацяць мірныя жыхары, якія як правіла і да гэтага знаходзіліся ў цяжкай сітуацыі.
Прагнозы на будучы год таксама не ўсяляюць аптымізму. Паводле іх, прыкладна тромстам мільёнам людзей будзе патрэбная дапамога. «Розныя крызісы прымушаюць людзей шукаць бяспечнае месца для жыцця, – адзначае Хэлена Краеўска з Польскай гуманітарнай акцыі. – Таму ў гэтым годзе адзін чалавек з 73 на свеце быў прымушаны змяніць месца жыхарства – унутры сваёй краіны або выехаць з яе. Трагічныя звесткі надыходзяць з сектара Газа, дзе каля 80% жыхароў былі прымушаныя пакінуць свае дамы».
Гуманітарная катастрофа ў сектары Газа з’яўляецца апошнім у гэтым годзе з цэлай серыі крызісаў, ахвярам якіх дапамагалі дабрачынныя арганізацыі, у тым ліку ПГА. Былі таксама трагічныя землятрусы ў Турцыі, Сірыі і Марока, была маштабная паводка ва Украіне пасля падрыву расіянамі плаціны гідраэлектрастанцыі, была паводка ў Самалі, а таксама новыя ўзброеныя канфлікты, між іншым, у Судане. Ніколі яшчэ раней не было неабходнасці аказваць падтрымку такой вялікай колькасці людзей на свеце.
нг