Беларуская Служба

Даследчыкі пацвярджаюць: Рух дапамагае псіхічнаму здароўю

28.12.2023 15:40
Пасля фізічных практыкаванняў мозг рэагуе мацней на станоўчыя эмоцыі, чым на негатыўныя.
Аўдыё
  • Рух дапамагае псіхічнаму здароўю; У Польшчы 18 тысяч чалавек інфікаваныя вірусам ВІЧ; Шкодныя злучэнні з кішэчніка пашкоджваюць нейроны мозгу
.
.kovop/Shutterstock

Даследчыкі Ягелонскага ўніверсітэту ў Кракаве пацвярджаюць, што рух дапамагае псіхічнаму здароўю. Дастаткова адной сесіі аэробных практыкаванняў, каб людзі былі больш чуллівымі на пазітыўныя, а не на негатыўныя стымулы. Гэта дзейнічае ў тым ліку і на хворых на дэпрэсію. Інстытут псіхалогіі Ягелонскага ўніверсітэту правёў даследаванні, якія пацвярджаюць гэта.

Асобы, якія ўзялі ўдзел у эксперыменце спачатку запаўнялі анкету наконт іх эмоцый, затым палову гадзіны ехалі на стацыянарным ровары і зноў запаўнялі анкету пра свае эмоцыі.

З удзельнікамі даследавання працаваў Томаш Лікэнза.

- Мы даследавалі, якім чынам на рух рэагуюць здаровыя людзі і асобы з дэпрэсіяй, назіралі ці фізічныя практыкаванні выклікаюць змену настрою і рэакцыю на эмацыйныя стымулы.

Удзельнікаў даследавання падключалі пад апарат ЭЭГ электраэнцэфалограф, які фіксуе актыўнасць электрычных імпульсаў у мозгу.

- Пацыент на камп'ютары глядзіць карцінкі, якія выклікаюць моцныя эмоцыі, напрыклад, выяву маленькага дзіцяці, здымак трагічнага ДТЗ, або ранення.

Пасля паўгадзіны язды на ровары ўдзельнік эксперыменту зноў глядзеў карцінкі і запаўняў анкету пра эмоцыі.

Томаш Лікэнза падводзіць вынікі.

- Назіраецца пэўнае паляпшэнне настрою і змена рэакцыі на стымулы, то бок, эмацыйнай рэактыўнасці мозга. Хачу адзначыць, што ў здаровых людзей змены былі відавочныя. Пасля фізічных практыкаванняў мозг рэагуе мацней на станоўчыя эмоцыі, чым на негатыўныя.

У выніку эксперыменту ў Ягелонскім універсітэце было пацверджана, што дастаткова адной сесіі фізічных практыкаванняў, каб мозг чалавека актыўна адрэагаваў на станоўчыя стымулы. Людзі з дэпрэсіяй пасля практыкаванняў таксама казалі, што настрой у іх палепшыўся.