У 2023 годзе ў Беларусі лепш, на жаль, не стала, прэсінг на дэмакратычную грамадскасць працягваецца. У мінаючым годзе адбываліся палітычныя працэсы, звязаныя яшчэ з пратэстамі 2020 года, прайшлі таксама завочныя суды над актывістамі, якія з’ехалі з краіны, – заўважае праваабаронца з Цэнтра «Вясна» Зміцер Салаўёў.
- У 2023 годзе пачаліся завочныя суды. Між іншым, я асуджаны за праваабарончую дзейнасць. Яны паказалі ўсяму свету, што гэта паказушныя, прапагандысцкія суды, як у 1930-ыя гады суды над «ворагамі народа». Відавочна, што гэта механізм запалохвання. Людзі, якія захапілі ўладу, гатовыя пайсці далей.
Вельмі істотна прыцягваць увагу ўсяго свету да Беларусі. Краіна ўцягнутая ў жахлівую вайну, якая паглынае жыцці ва Украіне, а з тэрыторыі Беларусі яна пачалася. Лукашэнка разумее, што цяпер увага ад яго адцягнутая, таму выконвае сваю даўнюю мару – выкараненне дысідэнцтва. Ён хоча зрабіць краіну паслухмянай і маўклівай. І не разумее, што галоўнае – чалавек, а не дзяржава.
Навагоднія святы – гэта традыцыйна час пажаданняў. Мы спыталі нашага госця, што ён хацеў бы пажадаць нашым слухачам.
- Я магу пажадаць больш актыўна займацца грамадскай дзейнасцю. Тыя, хто знаходзіцца за мяжой, могуць выходзіць на акцыі, пісаць лісты палітзняволеным і далучацца да кампаній па вызваленні палітвязняў. Людзям у Беларусі цяжка нешта зрабіць, яны жывуць пад страхам прыходу ГУБАЗіКа, а тыя, хто знаходзіцца ў бяспецы, могуць зрабіць шмат.
Уся гутарка ў далучаным гукавым файле.
нг