Gazeta Wyborcza паведамляе, што ўрад Польшчы прыняў праект унясення паправак у закон аб фармацэўтычнай дзейнасці. Папраўкі ўносяцца дзеля таго, каб жанчыны маглі зноў набываць без рэцэпта так званыя аварыйныя посткаітальныя кантрацэптывы. У Польшчы іх называюць таблеткай «дзень пасля». Яны стануць даступныя без рэцэпта для асобаў, старэйшых за 15 гадоў. Малодшыя змогуць купіць таблеткі па рэцэпце ад лекара.
Спачатку ва ўсім Еўрасаюзе гэтыя гарманальныя сродкі можна было набыць выключна з рэцэптам, але ў 2015 годзе Еўракамісія дазволіла іх прадаваць без рэцэпта. Кожная краіна супольнасці магла сама вырашаць. У Польшчы таблеткі «дзень пасля» былі без рэцэпта, але калі на выбарах перамагла кансерватыўная партыя «Права і справядлівасць», тагачасны міністр аховы здароўя Канстанты Радзівіл адмяніў ліберальны падыход. Ён тады казаў, што, на думку некаторых гінеколагаў, гэтымі гармонамі жанчыны злоўжываюць.
Калі новы ўрад хутка змяніў доступ да посткаітальнай кантрацэпцыі, дык з абортамі справа выглядае інакш. Перад выбарамі палітыкі абяцалі ўвесці аборты па жаданні, але цяпер прэм’ер-міністр заявіў, што партыі, якія ўваходзяць ва ўрадавую кааліцыю, маюць розныя погляды, таму кожная мае права прапаноўваць свае варыянты.
нг