Беларуская Служба

У Заляшанах ушанавалі памяць забітых Рамуальдам Райсам беларусаў

29.01.2024 14:02
Аўдыё
  • У Заляшанах ушанавалі памяць забітых Рамуальдам Райсам беларусаў
Малітва ў Заляшанахradyjo.net

На пераломе студзеня-лютага 1946 года былі спаленыя і забітыя 82 беларусы праваслаўнага веравызнання з вёсак у тагачасным Бельскім павеце на Падляшшы. Адказным за забойства і спаленне быў аддзел польскага антыкамуністычнага нацыяналістычнага падполля пад камандаваннем капітана Рамуальда Райса, мянушка «Буры».

Раніцай 29 студзеня аддзел акружыў вёску Заляшаны ў гміне Кляшчэлі і загадаў усім жыхарам сабрацца ў хаце пасярод вёскі. Вокны і дзверы хаты забілі дошкамі і падпалілі. Агулам загінулі 16 чалавек. У памяць пра тыя падзеі напярэдадні ў Заляшанах адбылася адмысловае набажэнства з удзелам мясцовых жыхароў ды гасцей.

Польскія камуністычныя ўлады арыштавалі Рамуальда Райса псеўданім «Буры», асудзілі на паказальным працэсе і павесілі ў 1949 годзе. У 1995 годзе, на хвалі рэабілітацый асуджаных камуністамі ўдзельнікаў антыкамуністычнага супраціву ў Польшчы, Вайсковы суд у Варшаве скасаваў смяротны прысуд «Бураму» і рэабілітаваў яго, афіцыйна заявіўшы, што палячы беларускія вёскі і забіваючы мірнае насельніцтва Рамуальд Райс знаходзіўся ў «абставінах вышэйшай неабходнасці, якая прымушала яго рабіць дзеянні не заўсёды адназначныя этычна».

Следства ў справе крывавага рэйду «Бурага» ў посткамуністычнай Польшчы доўгія гады вёў Інстытут нацыянальнай памяці (ІНП). У 2005 г. Інстытут прыйшоў да высновы, што дзеянні «Бурага» ў студзені-лютым 1946 на Беласточчыне «мелі прыкметы генацыду». Але гэтае рашэнне не мела ніякіх фармальных наступстваў.

У 2020 годзе Польская Аўтакефальная Праваслаўная царква далучыла ахвяраў Бурага на Беласточчыне да ліку святых мучанікаў Падляшскіх.

У чэрвені 2021 года, на хвалі рэпрэсій супраць польскай меншасці ў Беларусі, прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда наведаў Заляшаны, усклаў вянок да помніка і сустрэўся з сем’ямі ахвяр. У 2023 годзе Заляшаны наведала таксама Святлана Ціханоўская.

На ўрачыстасцях у Заляшанах пабывала Анна Пятроўская.

слухайце аўдыё

. .