Вынікі даследавання, апублікаванага ў часопісе «PLOS Medicine», сведчаць пра тое, што нават невялікая колькасць алкаголю шкодзіць здароўю. Навукоўцы пацвердзілі, што ўжыванне алкагольных напояў прыводзіць да назапашвання жалеза ў мозгу. А гэта можа прывесці да паслаблення інтэлектуальных здольнасцяў, паведамляе партал wp.pl.
Ужыванне ўсяго сямі стандартных адзінак алкаголю ў тыдзень можа негатыўна паўплываць на працу мозгу, паказала даследаванне, у якім прынялі ўдзел больш за 20 тыс. добраахвотнікаў. Адна адзінка – гэта прыкладна адно маленькае піва.
Аказваецца, такое ўжыванне алкаголю суправаджаецца павышэннем канцэнтрацыі жалеза ў мозгу. А гэта можа азначаць большую рызыку, напрыклад, хваробы Альцгеймера або Паркінсана.
Каманда з Оксфардскага ўніверсітэту прааналізавала дадзеныя 20 тыс. чалавек, параўноўваючы ўжыванне алкаголю і канцэнтрацыю жалеза ў мозгу добраахвотнікаў (праверана з дапамогай магнітна-рэзананснай тамаграфіі). Усе ўдзельнікі таксама ўдзельнічалі ў тэстах на праверку разумовых здольнасцей. Іх узрост у сярэднім складаў 55 гадоў, каля паловы з іх былі жанчыны. Сярэдняе спажыванне алкаголю склала 18 адзінак у тыдзень, што адпавядае прыкладна шасці вялікім куфлям піва.
Аказалася, што спажыванне больш сямі адзінак у тыдзень было звязана з павышэннем канцэнтрацыі жалеза ў частках мозгу, якія адказваюць, сярод іншага, за каардынацыю рухаў, пазнавальныя здольнасці, кагнітыўныя працэсы і ўспрыняцце эмоцый.
Па словах аўтараў даследавання, гэта найбуйнейшы праект, які калі-небудзь вывучаў сувязь паміж умераным спажываннем алкаголю і ўзроўнем жалеза ў мозгу. Яго слабым бокам было тое, што ён быў заснаваны на апытаннях, у сувязі з чым удзельнікі даследавання маглі заніжаць у адказах колькасць спажытага алкаголю. У сваю чаргу ўзровень жалеза ацэньваўся ўскосна з дапамогай МРТ, якое магло паказаць іншыя змены ў галаўным мозгу, а не павышаны ўзровень жалеза.
Аднак навукоўцы раяць абмежаваць ужыванне алкаголю. Між тым у сярэднім кожны паляк выпівае больш за дзевяць літраў чыстага алкаголю ў год, паведамляе партал wp.pl.
вс