Беларуская Служба

У п'яных кіроўцаў будуць канфіскоўваць аўтамабіль. Можа, лепш адпраўляць іх на лячэнне?

04.02.2024 07:00
Шмат праблем на дарогах Польшчы выклікаюць хворыя асобы, якія не могуць самастойна адмовіцца ад спажывання спіртных напояў або наркотыкаў.
Ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay.com/13smok

Выданне Do Rzeczy піша, што п’яны кіроўца ў Польшчы можа трапіць у турму нават на 20 гадоў за ДТЗ. Праз месяц, з 1 сакавіка, за кіраванне машынай у нецвярозым стане можна будзе таксама канфіскаваць аўтамабіль. Аўтар тэксту задаецца пытаннем, ці ёсць сэнс рабіць заканадаўства яшчэ больш жорсткім, можа, лепш было б кіраваць вінаватых у такіх здарэннях на прымусовае лячэнне ад алкагалізму?

Шмат праблем на дарогах Польшчы выклікаюць хворыя асобы, якія не могуць самастойна адмовіцца ад спажывання спіртных напояў або наркотыкаў. Іх не стрымліваюць чарговыя прысуды, якія забараняюць ім сядаць за стырно.

Цягам шматлікіх гадоў улады спрабуюць справіцца з п’янымі кіроўцамі пры дапамозе ўсё больш жорсткіх пакаранняў. І гэтыя спосабы да пэўнага часу былі эфектыўнымі, колькасць ДТЗ з удзелам нецвярозых кіроўцаў сістэматычна падала. Яшчэ ў 2012 годзе было амаль у тры разы больш такіх выпадкаў, чым цяпер. Аднак цяжка не заўважыць, што за апошнія гады няшмат змянілася. А за дадзенае правапарушэнне цяпер прадугледжаныя сапраўды вельмі жорсткія пакаранні. Калі хтосьці пад уздзеяннем алкаголю выклікаў ДТЗ, у выніку якога хтосьці загінуў, ён можа атрымаць да 20 гадоў турэмнага зняволення. Для параўнання – за намеранае забойства пагражае ад 10 гадоў да пажыццёвага зняволення. Такім чынам, асоба, якая адмыслова забівае кагосьці, можа атрымаць меншы прысуд, чым кіроўца, што забіў чалавека, не маючы такога намеру.

Чарговым інструментам барацьбы з п’янымі кіроўцамі стане канфіскацыя транспартнага сродка. Падобнае правіла дзейнічае ў 12 краінах Еўропы – Бельгіі, Даніі, Эстоніі, Фінляндыі, Францыі, Літве, Люксембургу, Латвіі, Славеніі, Швейцарыі, Славакіі ды Італіі. Аднак Польшча ідзе далей – у іншых краінах суд можа прыняць рашэнне пра канфіскацыю, а тут яна будзе абавязковай, хаця суддзя зможа ў некаторых выпадкаў ад яе адмовіцца.

У гэтай сістэме ёсць сур'ёзная хіба – перш за ўсё гэта пытанне, ці небяспека канфіскацыі машыны сапраўды падзейнічае на кіроўцаў, калі цяпер не дзейнічаюць на іх высокія турэмныя тэрміны? Ці не лепш адправіць асобаў з залежнасцю ў цэнтр лячэння алкагалізму, а не ў турму? Магчыма, таму так адбываецца, што тэрапеўты ў Польшчы перакананыя, быццам бы прымусовае лячэнне неэфектыўнае. Аднак на самой справе, дадае аўтар, ёсць даследаванні, хоць і не шмат, якія пярэчаць гэтаму меркаванню. Калі хтосьці кіруе машынай пад уплывам алкаголю, і яго затрымліваюць другі раз, такога чалавека трэба адправіць лячыцца – мяркуе аўтар артыкулу Лукаш Збаральскі (Łukasz Zboralski).

нг