Беларуская Служба

Чацвёртакласнікі ў Польшчы аднак не атрымаюць ноўтбукаў

07.02.2024 09:30
Праграма «Ноўтбук для вучня», уведзеная папярэдняй урадавай камандай, не атрымала працягу. 
Здымак мае ілюстрацыйны характарPrzemek Klos/Shutterstock

Віцэ-прэм’ер і міністр лічбавых тэхналогій Кшыштаф Гаўкоўскі не бачыць шанцаў на працяг ініцыяванай папярэдняй урадавай камандай правых сілаў праграмы «Ноўтбук для вучня». У замен ён плануе, між іншым, паскорыць працу над Нацыянальнай сістэмай кібербяспекі, паведамляе Puls Biznesu.

У інтэрв'ю згаданаму выданню міністр Гаўкоўскі паведаміў, што ў першым квартале бягучага года міністэрства пачне грамадскія кансультацыі па Нацыянальнай сістэме кібербяспекі.

«У Еўропе многія краіны ўжо ўвялі ахоўныя меры. У Польшчы мы будзем прапаноўваць падобныя рашэнні», – заявіў ён.

Палітыка таксама спыталі пра праграму забеспячэння вучняў чацвёртага класа ноўтбукамі.

«Я быў аптымістам. Я лічыў, што калі папярэдні ўрад запэўніваў, што сродкі з еўрапейскага Нацыянальнага плана аднаўлення і грошы ў бюджэце на гэтую мэту ёсць, то гэта праўда. Між тым, мы атрымалі інфармацыю з Еўракамісіі, што выдаткі на ноўтбукі не бяруцца пад увагу. Папярэдні ўрад таксама не загарантаваў у бюджэце сродкаў на гэтую мэту», – сказаў віцэ-прэм’ер.

«Я не бачу шанцаў захаваць праграму ў цяперашнім выглядзе», – дадаў палітык і запэўніў, што разам з міністрам адукацыі Барбарай Навацкай зробяць усё, каб праграма забеспячэння вучняў ноўтбукамі дзейнічала ў будучыні.

«Зараз я не буду працягваць яе любой цаной», – сказаў Кшыштаф Гаўкоўскі ў размове з выданнем Puls Biznesu.

Нагадаем, міністр адукацыі Барбара Навацка паведаміла, што ў чацвер разам з міністрам лічбавых тэхналогій афіцыйна паведамяць пра планы адносна праграмы «Ноўтбук для вучня».

Яна таксама адзначыла, што «ёсць сурʼёзныя заўвагі Еўракамісіі па гэтай праграме, яе мэтавасці і абароны моладзі ад кіберпагроз». Паводле яе, «ноўтбукі раздаваліся без канкрэтных адукацыйных мэтаў».

Згодна з праграмай «Ноўтбук для вучня», пачынаючы з 2023/2024 навучальнага года чарговыя вучні чацвёртых класаў дзяржаўных і прыватных базавых школаў у Польшчы павінны былі атрымліваць бясплатна ноўтбукі. Першыя ноўтбукі, якія школьнікі атрымалі ў верасні 2023 года, былі набытыя са сродкаў дзяржаўнага Польскага фонду развіцця.

аз

Міністэрства адукацыі плануе скараціць абавязкі польскіх школьнікаў

01.02.2024 09:33
Гаворка ідзе пра тое, каб настаўнікі не маглі задаваць вучням пэўных тыпаў хатніх працаў.