Сёлета Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Кабінета прапануе для дыктоўкі тэкст, прымеркаваны да 100-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава, якому належаць простыя і мудрыя словы: «Я ‒ беларус, мая родная мова ‒ беларуская».
Прыняць удзел у дыктоўцы – ці нават арганізаваць яе – можа кожны. Дыктоўку можна правесці ў школе, ва ўніверсітэце, у любой публічнай прасторы, на працы ці з сябрамі. Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Кабінета абяцае даслаць тэкст дыктоўкі ўсім арганізатарам, хто да іх звернецца праз пошту revivalbelarus@gmail.com.
Дзень роднай мовы ўжо стаў традыцыяй для беларусаў, яго трэба папулярызаваць, кажа прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні ў Аб’яднаным Пераходным Кабінеце Аліна Коўшык.
- Дзень роднай мовы, які ўжо шмат год традыцыйна адзначаецца беларусамі. У гэты дзень усе згадваюць родную мову, ахвотна далучаюцца да агульнанацыянальнай дыктоўкі. Яна стала традыцыйнай для ўсіх нас. Беларусь адна з краін, дзе людзі сапраўды святкуюць Дзень роднай мовы.
Што гэтаму спрыяе? Якія на Вашу думку прычыны?
- Мабыць таму, што штодня далёка не ўсе размаўляюць на роднай мове. Тым больш каштоўныя любыя ініцыятывы, якія падтрымліваюць мову ды пашыраюць яе выкарыстанне. Я заклікаю 21 лютага ўсіх беларусаў і беларусак, дзе бы яны не былі, далучыцца, як мінімум, да агульнанацыянальнай дыктоўкі. Яна будзе адбывацца ў сеціве, але можна самі яе арганізаваць. Напішыце да нас запыт, мы дашлём тэкст дыктоўкі.
Сёлета дыктоўка прысвячаецца 100 са дня нараджэння вядомага беларускага пісьменніка, аднаго з сімвалаў беларускага адраджэння – Васіля Быкава.
- Гэта будзе фрагмент з аднаго з ягоных твораў, няхай канкрэтна які пакуль застанецца таямніцай. Тым больш Вам будзе цікава далучыцца да дыктоўкі. Мы прапануем згадваць пра родную мову не толькі адзін дзень у год, заклікаем далучыцца да нас і цягам усяго месяца лютага публікаваць пасты ў сацыяльных сетках на беларускай мове. Кожнае вашае слова па-беларуску дапамагае нашай мове не памерці, а наадварот распаўсюджвацца.
Як цяпер можна навучыцца гаварыць па-беларуску, асабліва для тых, хто з’ехаў.
- Зараз вельмі багата магчымасцяў для вывучэння беларускай мовы. Ёсць адмысловыя сервісы, шмат відэа прадукцыі: праграмы Мова нанова, каналы ў сацсетках, якія расказваюць пра розныя беларускія словы. Варта чытаць беларускія кніжкі, асабліва важна чытаць дзецям.
Далучайцеся ўсёй Беларуссю, дзе б вы ні былі!, кажа Аліна Коўшык, цытуючы словы класіка беларускага Адраджэння Васіля Быкава, пра дыктоўку напісанне якой запланавана на 21 лютага бягучага года. Гэта Дзень роднай мовы. Аліна Коўшык спадзяецца, што гэтыя словы пранікнуць у сэрцы ўдзельнікаў дыктоўкі і падтрымаюць нацыянальны гонар і любоў да роднай мовы.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч