Слухайце размову ў далучаным файле!
– Вы і Аляксандр Кабанаў выйшлі на свабоду ў снежні 2022 года. Ці можаце патлумачыць, чаму адразу пасля вызвалення не з’ехалі з Беларусі. А прынялі такое рашэнне цяпер, больш чым год былі ў краіне.
– Я чакаў, калі прыйдуць нашы, каб ім тут дапамагчы. Але наш не прыйшлі.
– Жартуеце?
– Чаму жартую? Не. У мяне была думка, што я выходжу, а паўсюль шмат пазітыўнай інфармацыі пра контрнаступ Украіны. Я чалавек эмацыйны і часта жаданае выдаю за рэчаіснасць. Мне падабалася, што так казалі пра контрнаступ, я думаў, што так і будзе. І так, я хацеў быць на месцы, на сваёй зямлі. І калі пачнуцца перамены, я ўсё для іх зрабіў бы.
– Ці шмат хто ў Беларусі звязвае перамены ў краіне з падзеямі ва Украіне.
– Думаю, так. Прынамсі ў маім акружэнні.
– Распавядзіце пра настроі ў краіне сярод людзей, ці адчуваецца, што шмат людзей выехала, ці шмат прыхільнікаў рэжыму Лукашэнкі, як яны настроеныя?
– Наконт апошняга скажу, што лукашыстаў не так і шмат. Хто такія лукашысты? Многія з іх – мая хата з краю. Яны проста хочуць спакойна жыць і не пойдуць ваяваць за Лукашэнку. Гэтыя людзі будуць падпарадкоўвацца любому рэжыму. Галоўнае, каб іх не чапалі. Прыхільнікі Лукашэнкі, якія гатовыя змагацца, гэта тыя, хто пераступіў усе дазволеныя нормы чалавечыя і юрыдычныя. Яны – так, бо са зменаю ўлады ім няма чаго чакаць добрага. Гэта судовыя, пракурорскія работнікі, уся сілавая нечысць. А ўсе астатнія, калі ты не парушаў закон, не нарабіў шкоду людзям, працуй.
Адкуль нам браць беларусаў? Мы ж не можам усіх, хто насіў форму пры незаконнай уладзе, рэпрэсаваць. Мы ж беларусы, гэта наш народ, трэба разумець.
– У першым стрыме з Варшавы з Аляксандрам Кабанавым вы казалі пра атмасферу страху ў краіне. Распавядзіце, што яе стварае, якім чынам?
– Тое чаго баішся, гэта турма. Адмысловая сістэма, якая выбівае з чалавека ўсё чалавечнае, гонар, годнасць, і пераўтварае ў бязлікую істоту, якая баіцца. Гэта іх мэта. Калі чалавек праседзіць там 8-10 год, на свабодзе ён не будзе ўжо спрачацца з начальнікам ці міліцыянерам, я гэта на сваім досведзе зразумеў. Таксама рвуцца ўсе сацыяльныя сувязі. Я, можа, не адчайны смяльчак, але далёка і не баязлівец, але выйшаў адтуль перашуганым, баяўся міліцыі, што яны будуць да мяне праходзіць. У турме я асэнсаваў, што я абсалютна бяспраўная істота, абсалютна.
Любы з гэтых нелюдзяў можа зрабіць са мной што заўгодна і спісаць мяне, маўляў, была тэмпература і я памёр ад ковіду. Гэта дэфармуе псіхіку, а сілавікі ўвесь час гэта абвастраюць. І калі побач «рвуцца бомбы», я маю на ўвазе затрыманні, прыдумалі гісторыю з «Е-дастаўкай»... Гэтая антычалавечая сістэма адчайна з усіх сілаў робіць спробы сябе захаваць.
– Сяргей, вы больш за дзесяць год займаецеся блогерствам, шукаеце сацыяльныя праблемныя тэмы. Маё пытанне ў тым, як гісторыя краіны змяніла вас асабіста?
– Дзякуй богу, што я не памёр і маг размаўляць з вамі. Оруэл адпачывае, ніколі не думаў, што такое можа быць. Яны зруйнавалі маю сям’ю. З сынам адносіны сапсаваліся, бо мяне не было тры гады, жонка даўно сышла, ёсць непаразуменні з маці, сястрой. Гэта ўсё балюча. Але мэта ў мяне, зрабіць усё, каб на беларускай зямлі не было такога пагана, антычалавечага рэжыму. Каб людзі зразумелі, што трэба сачыць за ўладамі, прымаць удзел у тым, што адбываецца ў краіне, грамадстве. Бо калі маўчаць, то прыйдуць такія лукашэнкі і ўчыняць бяду.
– Ці зразумелі ў большасці людзі тое, пра што вы кажаце? Ці зразумелі людзі каштоўнасць правоў, патрэбу абараняць свае каштоўнасці?
– Безумоўна. Не ведаю, ці можна казаць, што ў 2020-ым годзе нацыя нарадзілася, але мне падаецца што так. Шмат людзей з’ехала, было і ёсць шмат гора, гэта ідзе безупыннымі хвалямі. Але самае галоўнае, што ў грамадстве няма спакою, яно не ўтаймавалася, як бы гэта не хацеў паказаць Лукашэнка. Людзі выязджаюць, ці не ў кожнай сям’я і ёсць знаёмыя, хто пацярпеў. Людзі разумеюць, калі бачаць міліцыянтаў. Яны іх проста баяцца, такога ніколі не было раней. Усе ж усё разумеюць, гэта адчуваецца. Няма лёгкасці ў паветры на вечаровых вуліцах, як тое было раней. Цяпер адчуваецца, што пытанне нявырашана, няма вяселля сярод людзей.
– Ці ёсць у вас плана на ўласную бліжэйшую будучыню?
– Шчыра кажучы, планаў няма. Я вельмі спадзяюся, што мне назбіраюць крыху грошай, каб пажыць і нешта тут закруцілася. Бо адна справа быць блогерам на сваёй зямлі, а іншая тут. Чым запоўніць эфір, які рабіць кантэнт? Будзем пра гэта цяпер размаўляць з Сашам Кабанавым, каб прыцягнуць гледачоў, каб ім было цікава і яны падтрымлівалі нас, у тым ліку, данатамі.
Мы ніколі не прасілі грошай, і для нас было найвышэйшай адзнакай, калі людзі ацэньвалі нашу працу матэрыяльнай падзякай.
***
BYSOL абвясціў збор для блогера. Яму трэба зняць кватэру, аплаціць базавыя патрэбы і набыць просты ноўтбук для працы.
Аўтары ютуб-канала «Народны рэпарцёр» жыхары Брэста Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў былі затрыманыя ў чэрвені 2020 года. Іх справы звязалі з падзеямі 29 траўня ў Гродна, калі арыштавалі Сяргея Ціханоўскага.
14 красавіка 2021 года суд Кастрычніцкага раёна Магілёва прызнаў блогераў вінаватымі паводле артыкулу 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і артыкулу 369 (абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса. Пятрухіна дадаткова прызналі вінаватым паводле артыкула 391 (абраза суддзі). Іх прыгаварылі да 3 гадоў калоніі агульнага рэжыму.
Блогеры выйшлі на волю 17 снежня 2022 года.
вх