Беларуская Служба

Еўрапейцы хацелі б перашкодзіць перамозе Расіі, але многія не вераць, што Украіна здольная перамагчы

22.02.2024 11:54
Дзеля таго, каб захаваць на высокім узроўні падтрымку Украіны сярод еўрапейцаў, палітыкі павінны змяніць спосаб нарацыі.
        .
Чалавек у масцы Пуціна падчас мастацкага перформанса ў Кіеве.Фота: PAP/EPA/SERGEY DOLZHENKO

Перад другой гадавінай поўнамаштабнай вайны ва Украіне польскія выданні шмат увагі прысвячаюць гэтай тэматыцы. Gazeta Wyborcza прыводзіць вынікі апытання, праведзенага ў 12 краінах Еўропы, з якога вынікае, што ў сярэднім толькі каля 10% еўрапейцаў вераць у перамогу Украіну ў гэтай вайне. Аўтары дакладу здзіўленыя тым, што змянілася геаграфія падтрымкі Украіны. Калі раней Кіеў атрымліваў найбольш дапамогі ад бліжэйшых суседзяў, дык цяпер найбольшая грамадская падтрымка назіраецца ў Францыі і Партугаліі.

Адзін з аўтараў даследавання Марк Леанард мяркуе, што дзеля таго, каб захаваць на высокім узроўні падтрымку Украіны сярод еўрапейцаў, палітыкі павінны змяніць спосаб нарацыі. Большасць еўрапейцаў вельмі жадае перашкодзіць перамозе Расіі, але яны пры гэтым не вераць, што Кіеў здольны перамагчы расіян у мілітарным плане, – кажа Леанард. На ягоную думку, калі жыхары Еўропы вельмі хочуць, каб ва Украіне зноў наступіў мір, іх неабходна пераконваць, што толькі далейшая маштабная падтрымка дазволіць Украіне пайсці на перамовы і дамовіцца аб перамір’і.

Апытаныя выказваюць боязі, што ў ЗША на выбарах пераможа Дональд Трамп і спыніць дапамогу Украіне. Аднак адна трэцяя еўрапейцаў мяркуе, што тады Еўропа павінна зрабіць тое ж самае. На думку суаўтара дакладу Івана Крастэва, самая вялікая небяспека ў тым, што Трамп разам з Пуціным пераканаюць свет, што Украіна не хоча мірных перамоваў, у той час, калі Расія да іх гатовая (але на сваіх умовах). Калі цаной завяршэння вайны будзе пераўтварэнне Украіны ў нейтральную зямлю, гэта стане паразай не толькі Кіева, але і ўсёй Еўропы ды яе сістэмы бяспекі.

нг