Беларуская Служба

Палякі ўсё больш цікавяцца агнястрэльнай зброяй, выдадзена рэкордная колькасць дазволаў

02.03.2024 18:02
Галоўная прычына – пастаянны страх перад вайной, які заўважаецца асабліва ва ўсходняй частцы дзяржавы.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: Skitterphoto/pixabay.com/CC0

У Польшчы значна вырасла цікавасць да агнястрэльнай зброі. У 2023 годзе быў пабіты рэкорд па колькасці выдадзеных новых дазволаў чытаем у выданні Rzeczpospolita

У канцы снежня мінулага года ў палякаў было 843,8 тысячы адзінак зброі. Гэта на 83,6 тысячы больш, чым годам раней – вынікае са штогадовай справаздачы. Таксама летась было выдадзена значна больш дазволаў на ўзбраенне. «Пачынаючы з 2016 года колькасць адзінак зброі вырасла ўдвая, а мінулы год стаў рэкордным па колькасці новых дазволаў. Іх было выдадзена ажно 40,9 тысячы – гэта больш, чым у 2022 годзе, калі пачалася поўнамаштабная вайна ва Украіне. А перад гэтым новых дазволаў выдавалі да 20 тысяч у год» – піша газета.

А што выклікае так рэзкі рост цікавасці да агнястрэльнай зброі? Гэтаму спрыяла ўвядзенне нормаў, якія спрашчаюць доступ да асабістай зброі прадстаўнікам вайсковых службаў. Але галоўная прычына – пастаянны страх перад вайной, які заўважаецца асабліва ва ўсходняй частцы дзяржавы. Палякі кіруюцца правілам, што трэба разлічваць толькі на сябе і ўмець абараніцца. Напрыклад, многія жыхары Замойшчыны (Zamość – Замасць – горад у паўднёва-усходняй Польшчы - рэд.) маюць запасы харчавання.

Асабліва хутка расце колькасць адзінак калекцыянерскай зброі. Дазвол на такое ўзбраенне атрымаць адносна проста. І гаворка ідзе зусім не пра старажытныя пісталеты ці рэвальверы, а пра зброю з кожнага перыяду, акрамя аўтаматычнай.

нг