Жорсткае згвалтаванне ў цэнтры Варшавы стала прычынай смерці 25-гадовай Лізаветы з Беларусі. Падазраваны быў затрыманы праз некалькі гадзін пасля здзяйснення злачынства. Адносна 23-гадовага Дорʼяна С. высунута абвінавачанне ў забойстве, згвалтаванні і разбоі з выкарыстаннем небяспечнага прадмету, паведамляе Gazeta Wyborcza.
Як інфармуе тэлебачанне TVN24, мужчына пераехаў у Варшаву ў верасні мінулага года. Яшчэ тры тыдні таму шукаў працу. Раней хлопец спыніў вучобу ў тэхнікуме. Яго дзяўчына расказала журналістам, што Дорʼян – спакойны чалавек, але калі яны спрачаліся, то мог быць імпульсіўным і агрэсіўным. У той дзень, калі ён напаў на Лізу, вярнуўшыся раніцай дадому, Дорʼян сказаў сваёй дзяўчыне, што зрабіў нешта жудаснае, удакладніўны, што нібыта на вуліцы з некім пабіўся.
З паказанняў дзяўчыны вынікае, што калі падазраванага затрымлівала паліцыя, то яна была моцна здзіўленая. Журналісты таксама выйшлі на знаёмага Дорʼяна С. «Ён не да канца нармальны чалавек. Аднойчы я пазычыў яму грошы, і аказалася, што яны яму патрэбныя, каб купіць наркотыкі. Ён любіў гульнуць. Дорʼян ніколі не выглядаў агрэсіўным чалавекам, але, як мне здаецца, гэта была свайго роду маска – ён не паказваў знешне, кім насамрэч ёсць», – сказаў знаёмы падазраванага.
Партал Onet паведамляе, што пасля згвалтавання беларускі падазраваны спакойна зайшоў у краму купіць прадукты і цыгарэты, а пасля паехаў на трамваі дадому. Каля крамы папрасіў у кампаніі маладых людзей прыкурыць, бо ў яго не было агню. Прадавец крамы расказаў журналістам, што Дор’ян выглядаў спакойна – нават жартаваў у размове з хлопцамі, у якіх папрасіў прыкурыць.
Суседзі па шматпавярхоўцы, у якой Дор’ян здымаў кватэру са сваёй дзяўчынай, расказваюць, што яны часта чулі, як пара сварыцца. Суседзі таксама мяркуюць, што падазраваны біў сваю дзяўчыну.
На допыце ў пракуратуры Дор’ян С. прызнаўся ў здзяйсненні злачынства.
вс