– Яны будуць мець адпаведную экіпіроўку з пункту гледжання асабістай аховы, як і паліцыянты падчас сутыкненняў з групамі агрэсіўна настроеных людзей, – сказаў намеснік кіраўніка Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Чэслаў Мрочэк у эфіры Польскага радыё 24.
Віцэ-міністр падкрэсліў, што ўжо некалькі месяцаў службы сутыкаюцца з узмацненнем ціску на мяжы з Беларуссю. У сувязі з гэтым прадпрымаюцца адпаведныя меры.
Існуючыя ўмацаванні не з’яўляюцца эфектыўнымі, а таму адзін з прыярытэтаў улады – узмацненне аховы мяжы, – гаворыць віцэ-міністр Чэслаў Мрочэк:
-Некалькі месяцаў назад мы прынялі рашэнне, што за кошт прыкладна 800 млн злотых мы ўшчыльнім фізічную мяжу. Акрамя фізічных збудаванняў там ёсць электронная сістэма, якую мы таксама ўдасканалім. Мы пабудуем уздоўж мяжы дарогі, каб службы маглі больш аператыўна рэагаваць на спробы нелегальнага перасячэння. На дадзены момант на частку задач аб’яўлены тэндар. Гэта паказвае, што мы працавалі цягам апошніх месяцаў.
Намеснік кіраўніка МУС падкрэсліў, што неабходна ўвесці змены ў тактыку дзеянняў салдат і афіцэраў, што не рабілася раней:
-Функцыянеры будуць мець сродкі асабістай абароны, сродкі непасрэднага прымусу. Перад усім гаворка пра асабістую ахову, якую выкарыстоўваюць паліцыянты падчас сутычак з агрэсіўнымі групамі, якія валодаюць небяспечнымі прадметамі, напрыклад, нажамі. На мяжы мы выкарыстаем досвед таго, як спраўляцца з небяспечнымі групамі. Дагэтуль гэтага не было зроблена адпаведным чынам. Ні жаўнеры, ні функцыянеры не мелі гэтых спецыяльных сродкаў аховы, адэкватных да існуючых пагроз.
Адна з прапановаў – гэта адпраўка непасрэдна на мяжу вайсковай жандармерыі. Акрамя таго, міністр нацыянальнай абароны Уладзімеж Касіняк-Камыш паведаміў, што пры міністэрстве будзе створаная праўнае адзінка, якая будзе аказваць жаўнерам юрыдычную падтрымку. Прапанова паявілася пасля затрымання вайсковай жандармерыяй жаўнераў, якія выканалі папераджальныя стрэлы ў бок нелегальных мігрантаў.
Віцэ-міністр Чэслаў Мрочэк кажа, што для гэтага ўрад аналізуе існуючы закон:
-Галоўная адказнасць за ахову мяжы ляжыць на функцыянерах Памежнай службы. Закон аб Памежнай службе прадугледжвае, што памежнікі могуць выкарыстоўваць сродкі непасрэднага прымусу. Калі там знаходзяцца жаўнеры, то яны маюць такія ж самыя магчымасці па выкарыстанні зброі, як і Памежная служба. Мы гэтыя палажэнні анулізуем, ці там ёсць нейкія сумневы на гэты конт. Здаецца, што гэтая прававая аснова з’яўляецца адпаведнай, але ўрад прааналізуе рэкамендацыі Міністэрстваў унутраных спраў і абароны. Калі акажацца, што неабходным будзе змена закона, то гэта будзе адразу зроблена. Юрыдычная падтрымка жаўнераў і функцыянераў ёсць і яна будзе.
З канца мінулага тыдня супрацоўнікі паліцыі на польска-беларускай мяжы ў сувязі з абвастрэннем сітуацыі маюць пры сабе асабістую зброю, а таксама гладкаствольную зброю і ўсе сродкі непасрэднага прымусу. Пра гэта падчас сустрэчы з журналістамі паведаміў галоўны камендант паліцыі інспектар Марэк Борань. Ён нагадаў, што апошнімі днямі атакі з беларускага боку ўзмацніліся і паліцыя мае намер падтрымліваць дзейнасць іншых службаў:
-Гэта функцыянеры, якія працуюць у кампактных падраздзяленнях. Мы тут для таго, каб адбіваць атакі, якія апошнімі днямі ўзмацніліся. Такім чынам дзейнічаюць паліцыянты з прэвентыўных падраздзяленняў, таму іх экіпіроўка адэкватная да сітуацыі.
З 4 чэрвеня змяніўся фармат размяшчэння супрацоўнікаў паліцыі ў памежных раёнах. Да паліцыянтаў крымінальных аддзелаў далучыліся атрады прафілактыкі, якія працуюць непасрэдна на мяжы.
7-9 чэрвеня на мяжы з Беларуссю зафіксавана больш за 430 спробаў незаконнага перасячэння мяжы. За пасобніцтва затрыманы 5 чалавек. Функцыянеры аказалі дапамогу 13 замежнікам. У патрульных кідалі галіны, камяні і петарды.
– Гэта можа быць другі міграцыйны крызіс пасля 2021 года. Аднак гэта крыху па-іншаму. Раней мігранты прыляталі ў Беларусь самалётамі, цяпер едуць з Масквы машынамі, – распавёў polskieradio24.pl Аляксандр Азараў, кіраўнік арганізацыі BYPOL, якая аб'ядноўвае былых супрацоўнікаў апазіцыйных рэжыму службаў.
Аляксандр Азараў у інтэрвʼю polskieradio24.pl падкрэсліў, што Беларусь зʼяўляецца транзітнай краінай для мігрантаў. Прыезджыя заўсёды ехалі ў Еўрасаюз праз Беларусь – з Расіі. Як падкрэсліў ён, Масква зʼяўляецца цэнтрам мігрантаў – сюды пастаянна прыязджаюць людзі з Індыі, Пакістана, Афганістана, Інданезіі, Афрыкі – атрымаць расійскую візу проста.
Паводле паведамлення, яны накіроўваюцца ў Маскву, дзе дзейнічаюць шматлікія арганізаваныя злачынныя групоўкі, якія прапануюць за адпаведную плату перапраўку ў краіны Еўрасаюза.
Паводле звестак, атрыманых BYPOL, цяпер мігранты едуць спачатку з Масквы ў Мінск. – Пад Мінскам іх трэніруюць – як не быць заўважанымі, як знішчыць агароджу і ў якіх месцах. Затым спецназ дастаўляе іх на мяжу. З таго часу людзі чакаюць моманту, калі можна будзе адправіцца ў дарогу, адзначыў ён.
Калі некалькі сотняў збярэцца ў адным месцы, ім могуць загадаць ехаць у Польшчу. Сярод мігрантаў таксама ёсць супрацоўнікі ў цывільным, якія дапамагаюць ім нелегальна перасекчы мяжу.
Адкуль бяруцца мігранты, якія сёння накіроўваюцца на захад? – Падобна на тое, што значная іх частка цяпер паходзіць з Афганістана, – адзначыў Азараў.
Па словах кіраўніка BYPOL, мэта рэжымаў – адцягнуць увагу ад Украіны, якой Еўропа дапамагае падчас вайны. Сярод магчымых прычын такога кшталту правакацый эксперты таксама называюць «размеркаванне сіл», напрыклад, разведкі, атакаваных краін. Калі краіны павінны падзяліць рэсурсы на большую колькасць задач, павялічваецца верагоднасць таго, што нешта застанецца незаўважаным, а некаторыя дзеянні будуць прапушчаныя.
ав