Лета, канікулы – гэта перыяд, калі ў людзей больш свабоднага часу, чым у іншыя поры года. Пры гэтым, добрае надвор’е, цеплыня даюць магчымасць правесці гэты час на адкрытым паветры. Варшаўскі кінатэатр «Кінатэка» прапануе паглядзець гэтым летам у рамках праграмы «Кіно пад адкрытым небам» (LOT Kino Letnie: W Stronę Zachodzącego Słońca) дзясяткі ўнікальных фільмаў. Як правіла гэта класіка сусветнага кінематографа.
Гледачоў чакаюць шэзлонгі, фуд-зона, іншыя атракцыёны, прызы ад спонсараў і адзін вялікі экран. Найбуйнейшы ў Польшчы кінатэатр пад адкрытым небам знаходзіцца на Плошчы парадаў (Plac Defilad) у цэнтры польскай сталіцы. У праграме, між іншым «Апакаліпсіс сёння» (анг. «Apocalypse Now»), «Амелія» (фр. Amélie) і «Новыя амазонкі» (поль. «Seksmisja»).
Такім чынам, плошча перад Палацам культуры і навукі зноў, ужо ў трэці раз ператвараецца ў кінатэатр пад адкрытым небам. Гледачы могуць выбіраць сярод 42 кінастужак — ад сучасных хітоў да культавай класікі. Уваход на ўсе паказы бясплатны. Паказы праходзяць тры разы на тыдзень, кожны аўторак, чацвер і суботу. У чэрвені і ліпені кіно пачынаецца а 21:30, у жніўні — а 20:30, – распавядае Міхал Канарскі (Michał Konarski) з кінатэатру Kinoteka, які арганізуе імпрэзу.
— Гэта ўжо трэцяе выданне кінатэатра пад адкрытым небам. Узнікла ідэя, каб летам выйсці на свежае паветра, а не хавацца толькі пад дахам у кінатэатры. І такім чынам быў створаны самы вялікі кінатэатр пад адкрытым небам у Польшчы. У нас каля 900 месцаў для гледачоў. І практычна заўсёды ўсе месцы занятыя. Так што прапаную прыходзіць пунктуальна, або нават загадзя, каб заняць месца. Лета – гэта такі перыяд, калі людзі ахвотна праводзяць час на паветры.
Калі хтосьці не жыве ў Варшаве і ніколі не бываў у польскай сталіцы, ён не ведае, дзе знаходзіцца Плошча парадаў. Але кожны жыхар Варшавы, а таксама і многія жыхары іншых польскіх гарадоў адразу скажуць, што гэта ў самым цэнтры горада, дзе жыццё не замірае нават ноччу. Блізка знаходзяцца вялікія гандлёвыя цэнтры, гатэлі і вакзал. І шмат святла. Але спецыяльна на час паказаў колькасць святла змяншаюць, - адзначае госць Польскага радыё.
— Падчас праекцыі святло навокал выключаюць, каб экран быў як мага лепш бачны. Дарэчы, у гэтым годзе мы змянілі экран, яго якасць цяпер значна лепшая. На маю думку, якасць можна параўнаць з умовамі ў залі кінатэатра. Акрамя таго, мы стараемся выбіраць фільмы па меры магчымасці максімальна «светлыя», каб гледачы маглі ўбачыць усе сцэны, незалежна ад таго, у якім месцы яны сядзяць. Дзякуючы новаму экрану, палепшылася якасць субцітраў, каб кожны з амаль тысячы гледачоў мог іх прачытаць. Перад паказам заўсёды мы ладзім кароткую лекцыю, а нашы партнёры рыхтуюць розныя падарункі для гасцей, рэкламныя гаджэты і г.д.
Кіно на адкрытым паветры звязана, канешне, і з пэўнай рызыкай, перш за ўсё, магчымасцю дажджу або моцнага ветру і холаду. Пры гэтым, Міхал Канарскі адзначае, што ніводнага паказу яшчэ не прыйшлося адмяняць.
— Здаралася, што нам прыйшлося пераносіць паказ у стацыянарны кінатэатр пад дахам. Гэта наш рэцэпт на дождж або халоднае надвор'е. У нас дзеля гэтага спецыяльна падрыхтаваныя месцы ў кінатэатры, мы запрашаем усіх гледачоў паглядзець фільм на экране пад дахам.
Зона адчыняецца за дзве гадзіны да пачатку паказу. Арганізатары прапануюць не прыходзіць непасрэдна перад праекцыяй, каб спакойна заняць добрае месца і не перашкаджаць іншым гледачам. А што сёлета ў рэпертуары летняга кіно? Як я ўжо казала, гэта 42 фільмы - крыху класікі і трохі навінак: «Касабланка», але таксама «Канклаў» і «Эмілія Перэс», камедыі —«Сэксмісія», «Хлопцы не плачуць» ды шмат іншых.
Кінатэатр пад адкрытым небам — гэта не толькі фільмы. Арганізатары таксама запрашаюць на ціхую дыскатэку (у навушніках) і пікнікі, якія суправаджаюць паказы. А кіно працуе тры разы ў тыдзень усе лета – чэрвень, ліпень і жнівень. Паказы бясплатныя.
Трэцяя праграма Польскага радыё/нг