Беларуская Служба

«Ва Украіне на фронце ёсць ЛГБТ-батальён «Юнікорн». У ім таксама служаць беларусы» (ФОТА/ВІДЭА)

23.06.2025 06:02
«Беларусы павінны зразумець, што беларус беларусу мусіць быць беларусам. Трэба падтрымліваць адзін аднаго, а ўсе штучныя бар’еры – на руку ўладзе».
Аўдыё
  • У чэрвені ў дэмакратычных краінах адбываюцца Парады гонару, грамадскія і культурныя мерапрыемствы, звязаныя з ЛГБТ-асяроддзем
     . , 21  2025
Парад гонару ў польскім горадзе Познань. Субота, 21 чэрвеня 2025 года PAP/Marek Zakrzewski

Чэрвень ва ўсім свеце – Месяц гонару ЛГБТ-супольнасці. Менавіта ў чэрвені ў дэмакратычных краінах адбываюцца Парады гонару, грамадскія і культурныя мерапрыемствы, звязаныя з ЛГБТ-асяроддзем.

Польшча – не выключэнне. Парады роўнасці і мерапрыемствы, якія іх суправаджаюць, адбыліся ўжо, у прыватнасці, у Гданьску, Варшаве, Уроцлаве, Познані, Слупску, Бяла-Падлясцы. Наперадзе – у Шчэціне, Гожаве, Торуні, Катавіцах і іншых гарадах. У многіх гарадах мерапрыемствы адбываюцца пад патранатам мэраў, для прыкладу, у Варшаве. 

У мерапрыемствах актыўны ўдзел прымаюць таксама беларусы, прычым не толькі прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасці, у тым ліку пад бел-чырвона-белымі сцягамі. Але не ўсім падабаецца, што беларусы прыходзяць з нацыянальнымі сцягамі на такога роду мерапрыемствы. Непрыемныя сітуацыі здараліся ў Варшаве, Уроцлаве і літоўскай Вільні, часта з выкарыстаннем слоўнай агрэсіі.

Дык ці беларусы ў свабодных краінах могуць ісці пад сваім нацыянальным сцягам у Парадах гонару? Такое пытанне мы задалі медыяэксперту і грамадскаму дзеячу, выканаўчаму дырэктару арганізацыі «Журналісты за талерантнасць» Алегу Ражкову.

«Адныя беларусы лічаць, што ім належыць сцяг болей, чым іншым беларусам», – кажа Алег і заўважае, што з ксенафобіяй трэба працаваць праз адукацыю, асвету, праз розныя трэнінгі і праз медыя.

Алег Ражкоў. Фота прадастаўлена суразмоўцам Алег Ражкоў. Фота прадастаўлена суразмоўцам

«Мы павінны нешта рабіць, хоць гэта доўгатэрміновы працэс», – адзначае суразмоўца. Ражкоў звяртае ўвагу на тое, што пашырэнне нянавісці адносна ЛГБТ-супольнасці – гэта не толькі справа беларускіх правых сілаў кшталту Пазняка, але і рэжыму Лукашэнкі.

«Дзяржаўны наратыў беларускай прапаганды вельмі агрэсіўны супраць квір-кам’юніці. Яны падаграваюць нянавісць праз замену паняццяў і маніпуляцыю», – гаворыць журналіст, зазначаючы, што «мы такія ж людзі, адзіная розніца – што мы закаханыя ў людзей свайго ж полу».

Беларусы на прайдзе ва Уроцлаве. Крыніца: Фонд «Спадчына Беларусі» Беларусы на прайдзе ва Уроцлаве. Крыніца: Фонд «Спадчына Беларусі»

Людзі, якія агрэсіўна сябе вялі адносна беларускіх удзельнікаў парадаў у Вільні і Уроцлаве, зазначалі, што пад бел-чырвона-белым сцягам хлопцы ваююць ва Украіне, а вы, маўляў, з ім ходзіце на такія мерапрыемствы. Але ва Украіне супраць захопнікаў таксама ваююць прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасці, што з’яўляецца мала вядомым, аднак фактам. Больш за тое, Алег Ражкоў зазначае, што на фронце ваюе цэлы батальён, які складаецца з квір-асоб.

«Ва Украіне ёсць цэлы батальён, які называецца «Юнікорн», і ў якім служаць прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасці. Яны знаходзяцца на фронце і абараняюць Украіну. У ім таксама служаць прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасці з Беларусі», – зазначыў суразмоўца.

Алег Ражкоў звяртае ўвагу на тое, што цяпер – такі момант у гісторыі Беларусі, што трэба кансалідавацца супраць адной групы – тых, хто захапіў уладу ў краіне.

«Беларусы павінны зразумець, што беларус беларусу мусіць быць беларусам. Трэба падтрымліваць адзін аднаго, а ўсе гэтыя штучныя бар’еры – яны на руку ўладзе. Той, якая спрабуе падзяліць беларусаў дзеля таго, каб захаваць гэтую ўладу. І мы мусім аб’ядноўвацца, а не падзяляцца», – сказаў медыяэксперт.

гутарка цалкам – слухайце аўдыёфайл

Размаўляў Валеры Саўко

Больш на гэтую тэму: Беларусы ў Польшчы