У цэнтры Варшавы ў летні вечар заўсёды шматлюдна, але ў чацвер на Кракаўскім прадмесці было больш людзей чым звычайна. З аднаго боку помніка Каперніка рыхтавалі імпрэзу аматары ролікаў, якія штогод ладзяць вялізарны праезд па вуліцах польскай сталіцы. З другога боку збіраліся людзі з бел-чырвона-белымі сцягамі. Дзясяткі чалавек прыйшлі прывітаць Сяргея Ціханоўскага, якога на днях рэжым Лукашэнкі выпусціў з турмы ды выдаліў з краіны пасля пяці год зняволення ў нечалавечых умовах. Лукашэнкаўскага турмы цяпер - гэта сапраўдныя катоўні, тлумачыць Уладзімір Жыгар з Белпол.
— Цяпер там абсалютныя катаванні. Да 2020-га года цяжка верылася ў тое, што сістэма можа пайсці на такія празмерныя і абуральныя парушэнні правоў чалавека. Аднак, цяпер у дачыненні да палітычных зняволеных і апанентаў Лукашэнкі, яны ідуць на любыя парушэнні. Яны цалкам парушаюць нават тыя законы Беларусі, якія існуюць цяпер. Тое, пры што распавёў Сяргей Ціханоўскі, паказвае сапраўдны твар рэжыму.
Беларусы прыйшлі на сустрэчы з Сяргеем Ціханоўскім у Варшаве
У Варшаву беларусы прыехалі з розных гарадоў. Алесь адмыслова прыехаў з Кракава, каб паказаць сваю салідарнасць.
— Я стараюся прыязджаць у іншыя гарады, каб сустрэцца з беларусамі, падтрымаць адзін аднаго. Калі, я даведаўся, што Сяргей быў вызвалены, у мяне адразу пацяклі слёзы, бо ён прыклад сапраўднага беларускага Праметэя, які ахвяраваў сваёй свабодай, пяццю гадамі жыцця дзеля таго, каб адкрыць для беларусаў 2020-ы год.
Віталь прыйшоў, каб прадэманстраваць павагу да ўчынкаў Сяргея.
— Гэта праява салідарнасці, падтрымкі і надзеі, што барацьба будзе працягнута. Я вельмі спадзяюся, што вызваленне Сяргея гэтаму паспрыяе, таму я не мог не прыйсці.
Перад прыходам Сяргея Ціханоўскага ягоныя паплечнікі нагадалі сабраным, што адбываецца цяпер у Беларусі, дзе працягваюцца рэпрэсіі.
—#67 – гэта 67 турмаў і канцлагераў у Беларусі – чорныя кропкі на мапе нашай краіны, дзе катуюць людзей. У Беларусі на 137 тысяч чалавек прыпадае адна турма. Мы па гэтым лідары сярод суседзяў, для параўнання ў Польшчы адна турма на 380 тысяч чалавек, і толькі Расія нас даганяе. Кожны 340 беларус прайшоў праз крымінальныя справы, у тым ліку палітычна матываваныя. Паводле дадзеных ПЦ «Вясна» у Беларусі цяпер 1174 палітвязні, паводле Dissidentby – 1295 чалавек. Калі я выходзіў з папраўчай калоніі №2, я налічыў 220 палітвязняў, а на сайце «Вясны» было 115 зарэгістраваных. Прыблізна такая ж сітуацыя і зараз.
Пра з’яўленне Сяргея Ціханоўскага абвясцілі воклічы «Жыве Беларусь» і «Верым! Можам! Пераможам!». Да сабраных звярнулася Святлана Ціханоўская, якая распавяла пра акалічнасці вызвалення свайго мужа.
— Я марыла пра гэты момант 5 год. У 2020-м годзе кожны мітынг і кожную сустрэчу я ўяўляла, што побач са мной мой муж. Потым у выгнанні на сустрэчы з кожным лідарам я брала яго фотаздымак, я верыла і змагалася за яго вызваленне і гэты момант настаў. Я хачу падзякаваць прэзідэнту Трампу і амерыканскай адміністрацыі за намаганні па вызваленні Сяргея ды іншых палітзняволеных. Таксама я хачу падзякаваць польскім палітыкам: прэзідэнту Анджэю Дуду, прэм’еру Дональду Туску і міністру Радаславу Сікорскаму за іх прынцыповую пазіцыю наконт вызвалення палітзняволеных у Беларусі.
Сяргей Ціханоўскі і Святлана Ціханоўская сустрэліся з беларусамі ў Варшаве
Потым прамовіў Сяргей Ціханоўскі, які заклікаў паверыць яму ды працягваць змагацца і абвясціў, што хоча заняцца яданнем беларусаў.
—Я дзякую менавіта Вам за маё вызваленне і заклікаю ўзмацніць намаганні, прыцягнуць увагу да нашай праблемы, каб усе палітвязні выйшлі на свабоду. Гэта яшчэ не канец нашага змагання, глядзіце колькі вас, мы ўсе разам павінны прыкладаць намаганні, каб сітуацыя змянілася. У мяне мноства ідэй, мазгі ў мяне на месцы ды энергія ёсць. Вы ўбачыце гэта, калі я буду прыязджаць у розныя гарады ды краіны да беларусаў, каб людзі выйшлі і паказалі салідарнасць. Вы мне ўжо раз паверылі, я той самы чалавек, хай у мяне і напалову менш вагі, таму я хачу, каб вы паверылі ў мяне і цяпер!
Да сабраных звярнуўся Павал Латушка, які падтрымаў заклік Ціханоўскага яднацца і змагацца.
— Шаноўны Сяргей вітаю цябе на свабодзе, для ўсіх нас гэта важны момант! Ты на свабодзе і ў цябе столькі энергіі. Сёння стаўкі растуць, мы на вайне, і ў беларусаў ёсць свая зброя, «свой F-35», - і гэта Сяргей Ціханоўскі.
Беларусы на сустрэчы з Сяргеем Ціханоўскім у Варшаве
Сабраныя рэагавалі з энтузіязмам на словы палітыкаў. Беларусы казалі, што не забылі 2020 год і хочуць жыць у свабоднай і дэмакратычнай краіне, заявіла Ганна.
— Для мяне важна быць тут, паказаць, што беларусы не здаюцца, што мы змагаемся, мы разам і дамагаемся вызвалення ўсіх палітычных вязняў і дэмакратычных выбараў у Беларусі.
З’яўленне ў Варшаве Сяргея Ціханоўскага стала сапраўдным святам адзінства і салідарнасці вымушаных з’ехаць з краіны беларусаў. Пра гэта казалі тыя, хто прыйшоў прывітаць Сяргея Ціханоўскага. Яны гатовыя паверыць яму яшчэ раз!
Юры Ліхтаровіч