Беларуская Служба

Калі б наступіла вайна, жывёлы б масава загінулі

27.06.2025 14:59
Фонд «Czarna Owca Pana Kota» падрыхтаваў справаздачу аб тым, што будзе з жывёламі, калі з'явіцца рызыка стыхійнага бедства ці вайны. 
Аўдыё
  • Калі б наступіла вайна, жывёлы б масава загінулі
Сабака на ланцугуkropekk_pl/pixabay.com/CC0

Падчас крызісаў, звязаных са стыхійным бедствам ці вайной, жывёлы з'яўляюцца групай, якая найбольш схільная да рызыкі смерці. У найгоршым становішчы знаходзяцца жывёлы, якія апынуліся ў пастцы на прамысловых фермах, не маючы ніякіх шанцаў перад абліччам стыхіі. Лёc хатніх жывёл частка не значна лепшы.

Фонд «Czarna Owca Pana Kota» падрыхтаваў справаздачу аб тым, што будзе з жывёламі, калі з'явіцца рызыка стыхійнага бедства ці вайны. Ужо сама назва дакумента гаворыць аб тым, што высновы несуцяшальныя: «Хай паміраюць. Як мы не абараняем жывёл падчас крызісаў і войнаў».

У цяперашні час ні адзін прававы акт у Польшчы не рэгулюе рэальнае пытанне аб тым, як абыходзіцца з жывёламі ў небяспечнай сітуацыі, і таксама няма абавязку ствараць працэдуры абыходжання з жывёламі ў крызісных сітуацыях.

Ідэя прааналізаваць сітуацыю нарадзілася ў Яанны Выдрых з фонду «Czarna Owca Pana Kota», з якой мы паразмаўлялі пра актуальную сітуацыю.

- Мне было вельмі цікава, што адбываецца з жывёламі ў крызісных сітуацыях. Думка прыйшла, калі ў Аўстраліі былі такія страшныя пажары ў бушах у 2019-2020 гадах, дзе, паводле ацэнак, мільярды жывёл загінулі і былі параненыя. Гэта натхніла мяне на вывучэнне пытання. Таксама трагедыя Украіны, пачатак вайны. Гэтыя дзве рэчы былі для нас такімі натхненнямі. Таксама ў Польшчы, у Ніжняй Сілезіі ў 1997 і 2010 гадах, былі вельмі драматычныя паводкі, падчас якіх СМІ таксама паведамлялі, што нават прыватным асобам, якія хацелі неяк эвакуявацца са сваімі жывёламі, у асноўным сабакамі, катамі, не давалі такой магчымасці. Службы заявілі, што яны за гэта не адказныя і што яны могуць эвакуяваць людзей, але не жывёл, - гаворыць Яанна Выдрых.

Справаздача паказвае, што польскае заканадаўства і мясцовыя крызісныя планы амаль не прадугледжваюць эвакуацыі жывёлы. Пра кепскую сітуацыю гаворыць ужо сама назва справаздачы – «Хай паміраюць. Як мы не абараняем жывёл падчас крызісаў і войнаў».

Яанна Выдрых звяртае ўвагу на сітуацыю апошніх тыдняў, калі польскае МЗС арганізоўвала эвакуацыю палякаў з Ізраіля і Ірана. Эвакуяваныя асобы не мелі магчымасці забраць з сабой хатніх гадаванцаў.

- І тут пытанне. У Польшчы існуе Закон аб абароне жывёл, у якім, сярод іншага, караецца сітуацыя, калі людзі пакінуць жывёлу, дык як гэта суадносіцца з дзеяннямі, якія прадпрымае гэты дзяржаўны суб'ект. Мы праверылі больш за 25 заканадаўчых актаў. Гэтыя разважанні былі абсалютна не вясёлымі, бо жывёлы там з'яўляліся спарадычна. Напрыклад, была сітуацыя, калі ў Законе аб стане стыхійнага бедства, калі гаворка ішла пра эвакуацыю людзей, зусім не было згадкі пра ​​магчымасць эвакуацыі жывёлы. Згадвалася, што жывёлам трэба забяспечваць нейкую абарону, ваду, корм, калі гэта магчыма, але ў крымінальных палажэннях гэтага закона пакіданне жывёл без такой абароны ніяк не каралася, а вось празмернае павышэнне цэн каралася. Апошні закон, прыняты ў снежні, які тычыцца грамадзянскай абароны і абароны насельніцтва, на жаль, ніяк не палепшыў гэтую сітуацыю. Жывёлы ў яго ніяк не ўключаны.

Сітуацыя тычыцца ўсіх жывёл: хатніх гадаванцаў, зачыненых у прытулках, заапарках, лабараторыях, жывёл на службе, на прамысловых фермах.

Аўтар рапарту Томаш Аргасіньскі гаворыць, што аналізуючы планы крызіснага кіравання паяўляюцца сумныя высновы, што да жывёлы ў іх ставяцца прадметна.   

- Гэта значыць, калі іх заўважаюць, кажуць, што гэта страты для эканомікі, што іх смерць спараджае неабходнасць выплаты кампенсацыі. З іншага боку, калі іх суб'ектыўнасць заўважаюць, то часта запланаваныя дзеянні або рызыкі, у якіх яны ўлічваюцца, вельмі выбарачныя або вельмі павярхоўныя.

І тут важным з’яўляецца тое, што эвакуацыя жывёл — гэта зусім іншая эвакуацыя, больш складаная і больш патрабавальная, чым эвакуацыя прадметаў. У выпадку з жывёламі мы павінны забяспечыць адпаведныя транспартныя сродкі, мы павінны ведаць, колькі жывёл, і гэта таксама вельмі важная інфармацыя, якія гэта жывёлы, дзе яны знаходзяцца. Таксама павінен быць персанал, гатовы эвакуяваць жывёл. Гэта не могуць быць выпадковыя людзі. Неабходна вызначыць месцы прызначэння, якія адпавядаюць адпаведным стандартам. Таксама павінна падтрымлівацца сегрэгацыя, г.зн. аддзяленне хворых жывёл ад здаровых. Неабходна забяспечыць корм і ваду. Ёсць шмат іншых аспектаў эвакуацыі жывёл, якія звычайна не ўлічваюцца ў гэтых планах. Аднак хатнія жывёлы знаходзяцца, я б сказаў, у найбольшым вакууме, таму што планы па кіраванні крызісамі практычна нічога пра іх не кажуць.

Падрыхтаваная справаздача вельмі дакладная і падрабязная. Аўтары гавораць пра неабходнасць далейшых крокаў, якія сапраўды маглі б памяняць сітуацыю. Гэтаму можа дапамагчы грамадская дэбата, а таксама дыялог з палітычным асяроддзем, ад якога залежыць увядзенне адпаведных прававых актаў.

ав

слухайце аўдыё

 

 

 

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце