Надоечы Міністэрства па справах сям'і, працы і сацыяльнай палітыкі апублікавала палажэнні пілотнай праграмы па скарачэнні часу працы. Ведамства прапануе тры варыянты – шасцігадзінны працоўны дзень, трохдзённыя выходныя або дадатковыя дні водпуску. Усё гэта без зніжэння заробку.
«Гэта будзе першы пілотны праект па скарачэнні часу працы ў гэтай частцы Еўропы, першы ў нашым рэгіёне, першы пілотны праект такога маштабу ў Польшчы», кажа міністр па справах сямʼі, працы і сацыяльнай палітыкі Агнешка Дземяновіч-Бонк(Agnieszka Dziemianowicz-Bąk).
Яна нагадала, што праект зʼяўляецца добраахвотным і гнуткім – удзельнікі змогуць распрацаваць уласны варыянт арганізацыі працы, які адпавядае патрэбам як іхнай кампаніі, так і супрацоўнікаў:
- Тут няма ніякага прымусу. Ніякай навязанай мадэлі. Ёсць падтрымка з боку дзяржавы і ведамства, а таксама выразна названыя прынцыпы і спадзяванне на вынікі. Плотная праграма – гэта, на самой справе, буйная даследчая праграма. Дзякуючы ёй мы плануем даведацца, якая мадэль скарачэння часу працы будзе прыдатная ў выпадку Польшчы; якія мадэлі будуць эфектыўнымі ў дадзеным сектары.
Спадарыня міністр нагадала, што праз больш чым 100 гадоў пасля ўвядзення 8-гадзіннага працоўнага дня міністэрства імкнецца скараціць гэты час. Яна адзначыла, палякі працуюць лепш і больш эфектыўна, але надалей шмат на фоне Еўропы:
- Мы адзін з самых загружаных працай народаў у Еўропе. Прыйшоў час зрабіць яшчэ адзін цывілізацыйны крок. Аднак мы хочам гэта зрабіць супольна з працадаўцамі і супрацоўнікамі.
Агнешка Дземяновіч-Бонк нагадвае, што скарачэнне працоўнага часу можа выглядаць па-рознаму ў розных сектарах эканомікі:
- Кампаніі, прадпрыемствы, установы, якія вырашаць прыняць удзел у праграме, змогуць выбраць, якім чынам хочуць тэставаць скарачэнне часу працы. Гэта можа быць чатырохдзённы працоўны тыдзень, сямігадзінны дзень працы або павелічэнне водпуску… Мы шукаем індывідуальных рашэнняў, бо скарачэнне працоўнага часу можа выглядаць зусім інакш у прамысловасці, творчым сектары, офісе ці дзяржаўнай установе.
Максімальнае фінансаванне аднаго праекта можа складаць да 1 мільёна злотых. Выдаткі на аднаго супрацоўніка ў рамках праекта не могуць перавышаць 20 тысяч злотых.
Фінансаванне паступае з рэзерву Фонду працы. Сума, выдзеленая на рэалізацыю пілотнага праекта па скарачэнні часу працы ў 2025 годзе, складае 10 мільёнаў злотых. Агульны бюджэт на бліжэйшыя гады складае 50 мільёнаў злотых.
У пілотным праекце могуць удзельнічаць працадаўцы, якія: вядуць эканамічную дзейнасць не карацей за 12 месяцаў, працаўладкоўваюць не менш за 75 працэнтаў сваіх супрацоўнікаў паводле працоўных дагаворах, ахопліваюць праектам не менш за палову свайго персаналу, падтрымліваюць занятасць на ўзроўні не ніжэй за 90 працэнтаў ад пачатковага ўзроўню і гарантуюць, што заробкі супрацоўнікаў, якія ахоплены пілотным праектам, не будуць зніжаныя на працягу ўсяго тэрміну яго дзеяння.
Палякі станоўча ацэньваюць прапанаваныя ўрадам рашэнні:
- Было б больш часу для сям’іі, на рэалізацыю іншых абавязкаў, адпачынак і афармленне іншых справаў.
- Паводле мяне, гэта выдатная ідэя. Я студэнтка і я намагаюся спалучыць працу, вучобу і свабодны час.
Скарачэнне часу працы дало б мне час на рэалізацыю сваіх патрэбаў.
Даследчыца рынку працы з Вышэйшай школы сацыяльнай псіхалогіі (Uniwersytet SWPS) Аліцыя Катлоўска (Alicja Kotłowska), заявіла, што скарочаны працоўны дзень станоўча ўплывае на супрацоўнікаў у многіх аспектах:
- Пілотныя праграмы па скарачэнні часу працы паказваюць на станоўчы ўплыў такіх зменаў на супрацоўнікаў – іхнае фізічнае і псіхічнае здароўе; лепшае сумяшчэнне прафесійных і бацькоўскіх абавязкаў. Паводле даследаванняў, адпачылы супрацоўнік больш прадуктыўны. Таму эфектыўнае кіраванне працоўным часам важнае, як для супрацоўніка, так і працадаўцы.
Згаданага энтузіязму не падзяляе галоўны эканаміст Федэрацыі польскіх прадпрымальнікаў Лукаш Казлоўскі (Łukasz Kozłowski), які лічыць, што рашэнне ў цяперашнім выглядзе можа паўплываць на рынак працы:
- Не толькі прыватныя прадпрыемствы, але і публічны сектар сутыкнуліся б з праблемай забеспячэння бесперапыннасці паслуг, якія прадастаўляюцца грамадзянам і спажыўцом. У гэтым кантэксце цяжка ўявіць сабе, што гэтае рашэнне стане агульнапрынятым.
Лукаш Казлоўскі падкрэслівае, што гэта аднак не выключае эксперыментаў са скарочаным працоўным часам на ўзроўні асобных кампаній.
Крытычна да ўрадавай праграмы ставіцца таксама эканаміст з Акадэміі WSB Марэк Зубэр(Marek Zuber):
- Гэта будзе азначаць рост коштаў для прадпрымальніка, які будзе прымушаны знайсці дадатковую асобу да працы. У сваю чаргу гэты рост коштаў будзе перакінуты на кліента. Гэта азначае вышэйшыя цэны.
Эканаміст кажа, што скарочаны час працы можа павялічыць праблему, звязаную з дэфіцытам працоўнай сілы:
– Польшча – краіна, у якой ужо цяпер не хапае супрацоўнікаў. Неўзабаве гэта пачне ўплываць на эканамічны рост краіны. Хутчэй за ўсё, мы справімся з гэтым за кош мігрантаў, усё ж гэта праблема. Калі мы цяпер пачнем скарачаць колькасць гадзінаў працы супрацоўніка, то прычыняемся да паглыблення праблемы.
З 14 жніўня па 15 верасня працадаўцы, як прыватныя, так і дзяржаўныя, змогуць падаваць заяўкі на фінансаванне праектаў, звязаных з укараненнем пілотнай праграмы.
Заяўкі можна падаваць выключна ў электронным выглядзе, праз спецыяльны генератар, даступны на сайце міністэрства, дзе можна пазнаёміцца таксама падрабязнасцямі праграмы. Спіс праектаў, якія адпавядаюць патрабаванням праграмы, будзе апублікаваны не пазней за 15 кастрычніка 2025 года.
Ужо сёння – незалежна ад пілотнага праекта – скарочаны час працы тэстуецца ў многіх месцах Польшчы – як у прыватным сектары, напрыклад, у кампаніі Herbapol Poznań, так і ў мясцовых органах улады ў такіх гарадах, як: ва Влоцлавэк, Лешно, Шчэцінэку, Астшэшаў і Свебадзіцэ.
Там, дзе працоўны час быў скарочаны, працадаўцы фіксуюць большую зацікаўленасць з боку супрацоўнікаў, зніжэнне колькасці памылак і нешчаслівых здарэнняў, а таксама павышэнне канкурэнтаздольнасці на рынку працы.
IAR/аз