Беларуская Служба

Беларускім палякам усё цяжэй атрымаць дапамогу і нават прыехаць у Польшчу

03.07.2025 15:51
Пётр і Катажына Скопец расказваюць, як падтрымліваюць палякаў у Беларусі.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". П. і К. Скопец пра Humanosh.
 .
Ілюстрацыйнае фота.Viktar Korbut

Многія палякі не з’язджаюць з Беларусі ў Польшчу, бо Беларусь — іх бацькаўшчына. Аднак падтрымка з боку Польшчы ім неабходна. Як і ад каго яе атрымаць?

Катажына Скопец, член праўлення фонду Humanosh імя Славы і Ізэка Валасяньскіх (Fundacja Humanosh im. Sławy i Izka Wołosiańskich), і яе муж Пётр Скопец, валанцёр фонду, расказваюць, як дапамагаюць палякам у Беларусі.

Пётр Скопец тлумачыць гэта не толькі гуманістычнымі меркаваннямі, але і асабістымі, сямейнымі.

— Мае продкі па бацькавай лініі паходзяць з Драгічына на Палессі, што каля Пінска. Там жылі мой прадзед і яго брат — Хіоб і Філіп. Большасць мужчынскай часткі сям’і працавала на чыгунцы, таму калі рускія прыйшлі туды ўпершыню, а потым у другі раз (у 1939 і 1944 гг. — Рэд.) — сітуацыя была вельмі цяжкая. Пры другім уварванні рускіх прадзед Хіоб вырашыў уцякаць углыбіню Польшчы. А сын Філіпа, Анджэй, быў прызваны ў так званы штрафбатальён і загінуў — наступіў на міну пад Тархомінам. Прадзед Хіоб з сям’ёй і шасцю дзецьмі дайшоў да Варшавы за дзень да выбуху Варшаўскага паўстання (яно пачалося 1 жніўня 1944 г. — Рэд.). Яны спыніліся ў Юзэфославе, каля Пясэчна, дзе ў іх былі нейкія далёкія сваякі. Там пачалі жыццё нанова. Мае продкі па мацеры таксама паходзяць з даваенных ускраін РП. Бабуля Люба нарадзілася ў Беластоку, а мая мама — у Ковелі. Мы маем сваякоў на Валыні — у Любомлі, ва Уладзіміры, у Івана-Франкоўску. Таму гэтыя былыя ўскраіны Польшчы нам вельмі блізкія. Да сённяшняга дня падтрымліваем кантакт там з роднымі. Мы таксама стараемся ім дапамагаць – сям’і ў Беларусі, частка якой эмігрыравала у Польшчу, у ваколіцы Лягніцы, а таксама тым, хто застаўся ва Украіне. Мы ездзім туды, адвозім пасылкі, часам адпраўляем нешта далей — углыб Украіны — тую дапамогу, якая ім асабліва патрэбна.

Катажына Скопец шкадуе, што не ўдалося ажыццявіць адзін з праектаў, які быў у Фонду Касцюшкі з ЗША, з якім супрацоўнічае фонд Humanosh.

— Гэта штосьці, чаго вельмі не хапае ў Польшчы. Яны хацелі фінансаваць і падтрымліваць навучанне польскай мове ў польскіх школах тут, у Польшчы, але як замежнай мовы. На жаль, гэта пытанне ў нас сістэмна не вырашаецца. Я ведаю гэта па асабістым вопыце. Мае дочкі, удачароныя з Тыбета, мелі шчасце, што хадзілі ў спецыяльную школу і ў першы год вучыліся польскай менавіта як замежнай мове. Гэта зусім не проста. Нельга аддаць дзіця, якое з’яўляецца іншаземцам або бежанцам, у польскую школу і сказаць: «Вось, гавары па-польску!». Так гэта не працуе. А Фонд Касцюшкі якраз збіраўся стварыць адпаведную праграму падтрымкі вывучэння польскай мовы іншаземцамі.


Пётр і Катажына Скопец у студыі Польскага радыё. 
Фота: Viktar Korbut. Пётр і Катажына Скопец у студыі Польскага радыё. Фота: Viktar Korbut.

Катажына Скопец раскрыла адну з таямніц. Аказваецца, “Мірны дом” фонду Humanosh для бежанцаў з Беларусі ў Польшчы, фінансаваў з 2020 года паляк з ЗША.

— З польскай дыяспары ў ЗША быў таксама наш галоўны спонсар, які з самага пачатку дапамагаў беларусам — без яго не было б «Мірнага дома». Гэта Славомір Гурэцкі, уладальнік прыгожай галерэі. Менавіта ён арандаваў будынак для «Мірнага дома». А потым я спытала ў яго: «А што далей рабіць? У мяне няма грошай на працяг арэнды». Ён адказаў: «Правядзем аўкцыён!». І сапраўды, ён яго арганізаваў. Спачатку мы не ведалі, што выставіць на аўкцыён. Але на працягу наступных трох гадоў у галерэі Piękna праходзілі аўкцыёны беларускага мастацтва. Славомір Гурэцкі, паляк, які жыў у Амерыцы, на жаль, сёлета памёр. Але мы спадзяёмся, што яго дочкі працягнуць гэту справу, бо ён быў нашым чалавекам з польскай дыяспары.

Пётр Скопец расказаў, з якімі цяжкасцямі цяпер сутыкаюцца як яго сваякі, так і ўвогуле палякі ў Беларусі.

— Сваякі, якія застаюцца ў Беларусі, у асноўным — гэта старыя людзі, часта інваліды, якім патрэбна пастаянная медыцынская дапамога. Вельмі часта ім патрэбны лекі, якіх яны самі не могуць сабе дазволіць. Падобная сітуацыя і ва Украіне — шмат людзей знаходзіцца ў дамах старых, яны мала мабільныя і не могуць самастойна рабіць пакупкі.

Катажына Скопец звяртае ўвагу на яшчэ адну праблему.

— У Беларусь, як, мабыць, многія з вас ведаюць, вельмі цяжка пераслаць грошы. Ва Украіну гэта прасцей зрабіць. Аднак у Беларусь перадача грошай не толькі рызыкоўная для той асобы, што іх атрымлівае, але і не зусім ясна, як гэта зрабіць бяспечна. Я памятаю сітуацыі, калі мы прасілі розных людзей, якія ездзяць у Беларусь, проста ўзяць грошы ў кішэню і прывезці іх асабіста. Але гэта звязана з вялікай рызыкай — як для таго, хто перавозіць наяўныя грошы, так і для таго, хто з ім сустракаецца і кантактуе. Мы ведаем, што дастаткова аднаго імгнення няўважлівасці, і ты апынешся за кратамі, у ГУЛАГу. Нават калі б чалавек з Беларусі хацеў прыехаць на лячэнне ў Польшчу ці атрымаць тут нейкую падтрымку, гэта вельмі цяжка ажыццявіць — цяжка атрымаць візу. На самай справе людзі там жывуць у нейкага роду турме, пазбаўленыя магчымасці атрымаць дапамогу.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Выйшла энцыклапедыя пра палякаў у СССР, у тым ліку ў Беларусі

30.04.2025 16:37
Адам Хлябовіч расказвае пра біяграфічны слоўнік Zostali na Wschodzie. Słownik inteligencji polskiej w ZSRS 1945–1991.

Мірослаў Янковяк: У Беларусі няма польскіх школ, а ў Літве з беларускай пераходзяць на польскую мову

29.05.2025 15:13
На тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай засталіся сляды польскай прысутнасці, але не паўсюль гучыць польская мова.