У 1991 годзе пачаўся распад Югаславіі, федэрацыі паўднёваславянскіх народаў на Балканах, наступствы якога дагэтуль адчуваюцца, асабліва ў сучаснай Сербіі. Гэта быў працяглы і крывавы працэс, які прывёў да стварэння некалькіх незалежных дзяржаў на Балканах: Харватыі, Славеніі, Паўночнай Македоніі, Босніі і Герцагавіны. Чарнагорыя апошняй пакінула федэрацыю. Сёння сербы лічаць сябе галоўнымі ахвярамі гэтага працэсу і шукаюць падтрымкі ў Расіі, разам з тым не хочуць страціць эканамічнае супрацоўніцтва з Еўропай. Больш за тое, Сербія з'яўляецца афіцыйным кандыдатам на членства ў ЕС з 2012 года, а Еўрасаюз - найбуйнейшы гандлёвы партнёр і інвестар для гэтай краіны, які толькі ў апошнія гады выдзеліў Белграду больш за 1,5 мільярда еўра ў выглядзе незваротных грантаў і льготных крэдытаў. Прэм'ер-міністр Аляксандр Вучыч неаднаразова заяўляў, што Сербія працягне свой шлях да членства ў ЕС.
Калі ж выйсці на вуліцы Бялграду праеўрапейскія плакаты можна ўбачыць толькі зрэдку, яны публікуюцца ў рамках афіцыйнай прамацыйнай кампаніі, затое на сценах мноства графіцы антыеўрапейскага характару.
«Праўда, што сімпатыі сербскага грамадства больш схіляюцца да расійскага, чым да еўрапейскага», — кажа Паўліна Ілавецка, аналітык Акадэмічнага цэнтра стратэгічных даследаванняў.
— Дастаткова зірнуць на апытанні грамадскай думкі. У снежаньскім апытанні, праведзеным аддзяленнем Вестмінстэрскага фонду за дэмакратыю цэлых 43% рэспандэнтаў адказалі, што напад Расіі на Украіну апраўданы, і толькі 36%, што не. У тым жа апытанні 42% рэспандэнтаў вызначылі Расію як міжнароднага актара, на якога Сербія можа разлічваць перш за ўсё. 74% выказаліся супраць увядзення санкцый на Расію з боку Сербіі. Адсотак рэспандэнтаў, якія прагаласавалі б за ўступленне Сербіі ў Еўрапейскі Саюз, быў прыкладна такім жа, як і супраць - каля 45%. Сербская няўрадавая арганізацыя Nowi Treci Put папрасіла назваць галоўнага палітычнага і галоўнага эканамічнага партнёра Сербіі. І ў выпадку з палітычным партнёрам большасць — 43 % — вызначыла Расію, а ў выпадку з галоўным эканамічным партнёрам ажно 66% назвалі Еўрапейскі Саюз, а Расію толькі 12 %.
Цікава, што ў Сербіі таксама праводзілася апытанне аб сімпатыі да асобных замежных лідараў, і высветлілася, што самым папулярным з'яўляецца Уладзімір Пуцін з рэйтынгам 4,5 з 7. Адкуль бяруцца гэтыя прарасійскія настроі? З пункту гледжання чалавека з Цэнтральнай Еўропы, вера ў Расію падаецца наіўнасцю, бо чым заканчваецца "братэрства з Расіяй" дэманструе Украіна ці Грузія.
— Ключавы момант - жыць побач. Тыя, хто жылі ў Расіі, як лідар камуністычнай Югаславіі Ёсіп Броз Ціта, ведаюць характар расійскай улады. Дарэчы, таму Ціта пасля Другой сусветнай вайны змусіў Сталіна вывесці савецкіх салдат з Югаславіі. У выніку, краіна ніколі не была пад такім строгім кантролем Расіі і Савецкага Саюза, як саюзныя рэспублікі ці нават іншыя дзяржавы-сатэліты былога Усходняга блока, у тым ліку Польшча. Цяперашнія ж прарасійскія сімпатыі сербаў абумоўленыя гістарычна і культурна. У Сербіі папулярная канцэпцыя славянскага і праваслаўнага братэрства. Я часта чула ў размовах з сербамі, што лепш было б, каб ва Украіне не было канфлікту, бо праваслаўныя хрысціяне не павінны страляць адзін у аднаго. Аднак, калі гаворка ідзе пра гістарычныя перадумовы, першае, што прыходзіць на розум, — гэта падтрымка Расіяй незалежніцкіх памкненняў сербаў у XIX стагоддзі.
На працягу некалькіх сотняў гадоў Сербія знаходзілася пад уладай Асманскай імперыі, і таму памяць пра вызваленне там вельмі важная, дадае эксперт. Тым больш, што Расія праз «Газпром» ды Лукойлі не раз фінансавала будаўніцтва важных для сербаў сімвалаў: галоўнага сабора ў Бялградзе, сабора Святога Савы, ці помніка вялікаму жупану Стэфану Намані.
— Вялікі ўплыў на фарміраванне іміджу Расіі ў Сербіі мае Руская праваслаўная царква, якая падтрымлівае інтэнсіўныя кантакты з прадстаўнікамі Сербскай праваслаўнай царквы. Сербскія палітыкі неаднаразова сустракаліся з духавенствам РПЦ падчас розных паездак у Расію. У Сербіі РПЦ карыстаецца высокім узроўнем даверу ў грамадстве. Тут памятаюць падзеі 1999 года, калі адбылася аперацыя «Саюзная сіла», гэта значыць бамбардзіроўкі НАТА Сербіі і Чарнагорыі, мэтай якіх было прымушэнне сербаў пакінуць Косава і спыніць этнічныя чысткі. Тады царкоўныя колы ў Расіі выказалі сваю нязгоду з дадзенай аперацыяй. Яны арганізоўвалі маршы салідарнасці, службы за сербаў і гуманітарную дапамогу. Тагачасны Патрыярх Аляксій II нават прыязджаў у Бялград, дзе адправіў службы разам з сербскім Патрыярхам Паўлам.
Сапраўды, будучы ў Сербіі, тым жа Бялградзе ці Нові-Садзе, можна ўбачыць пашкоджаныя і неадрамантаваныя будынкі: белградскай тэлевізіі, Міністэрства абароны, якія былі разбомбленыя падчас аперацыі НАТА. У Нові-Садзе ўсталяваная мемарыяльная дошку ў памяць пра бамбардзіроўку маста. Адчуваецца, што ў сербаў ёсць вялікая крыўда з-за таго? Ці гэта тычыцца эліт ці больш грамадства?
— Я б сказала, што гэта значна больш у грамадстве, чым сярод эліт, таму што сербскія эліты, ці прынамсі людзі, якія зараз знаходзяцца ва ўладзе, на чале з прэзідэнтам Аляксандрам Вучычам, не праводзяць выразна прарасійскай палітыкі. У 2022 годзе яны абвясцілі, што Сербія з'яўляецца нейтральнай у дачыненні да ўкраінскага канфлікту, і з таго часу Сербія паслядоўна праводзіць шматвектарную палітыку, пасылаючы сігналы як Расіі, так і Захаду. Тут можна згадаць, напрыклад, асабістую сустрэчу Вучыча з Уладзімірам Зяленскім у 2023 годзе ў Афінах. Адначасова, адразу пасля вяртання ў Бялград, Вучыч пайшоў на споведзь да пасла Расійскай Федэрацыі ў Бялградзе. Ён удзельнічаў у сёлетнім Парадзе Перамогі, але ў той жа час Сербія прадае зброю Украіне. Толькі за апошні месяц Сербія двойчы атрымала вымову ад Расійскай Федэрацыі за гэта.
Відавочны ж антыамерыканізм у грамадстве - гэта вынік таго, што бамбардзіроўкі былі звязаны са стратай тэрыторыі, — тлумачыць аналітык.
— Гэта велізарная несправядлівасць з-за таго, што сам факт бамбардзіровак быў звязаны са стратай тэрыторыі, са стратай Косава. З-за таго, што тыя бамбардзіроўкі проста прымусілі спыніць канфлікт і ў вачах сербаў запячаталі страту Косава. Захад проста ўмяшаўся ў стабілізацыю сітуацыі ў Косаве.
Косаўскі крызіс — вынік дэмаграфічных змен і агрэсіўнай палітыкі Мілошэвіча. Сёння вуліцы поўныя надпісаў што Косава — гэта Сербія, а ў цэнтры горада ёсць велізарны мурал з пытаннем: калі сербская армія вернецца ў Косава? Сербы хочуць працягваць барацьбу і гатовыя забіваць косаўскіх албанцаў?
— Адказаць на гэтае пытанне вельмі складана. Розныя лозунгі, надпісы на сценах часцей за ўсё пішуць радыкальныя арганізацыі. І ў Сербіі ёсць такія радыкалы, напрыклад, «Нацыянальны патруль», які праславіўся арганізацыяй Маршаў у падтрымку Расіі ў 2022-м годзе ды наладзіў цеснае супрацоўніцтва з групай Вагнера. Яны таксама вядомыя арганізацыяй маштабных беспарадкаў на мяжы з Косавам у 2023 годзе. Большасць сербаў хацелі б вярнуць Косава, гэта бясспрэчна, яны бачаць яго як частку краіны, дзе знаходзяцца іх святыя манастыры, але спосаб, якім яны хацелі б вярнуць Косава, вельмі адрозны. Для маладога пакалення, якое зараз уваходзіць у дарослае жыццё, косаўскае пытанне ўжо не такое важнае, як для іх бацькоў ці дзядуль. Іх больш хвалюе беспрацоўе ці карупцыя.
З канца мінулага года сербскі ўрад сутыкнуўся з хваляй масавых грамадскіх пратэстаў, якія ўзначалілі студэнты. Яны пачаліся пасля інцыдэнту 1 лістапада 2024 года, калі на чыгуначным вакзале ў горадзе Нові-Сад абваліўся бетонны дах, у выніку чаго загінулі 16 чалавек. Пратэстоўцы патрабуюць пакарання вінаватых у інцыдэнце, у сваёй барацьбе яны пайшлі на блакаду важных транспартных шляхоў. Апошняя блакада мела месца 1 ліпеня бягучага года ў больш чым дваццаці гарадах. Яшчэ пратэстоўцы дамагаюцца змяншэння карупцыі і дэмакратызацыі, патрабуючы датэрміновых парламенцкіх выбараў.
У сваю чаргу, сербскі ўрад абвінавачвае пратэстоўцаў у спробах дэстабілізаваць краіну, звяржэння ўрада і актыўна выкарыстоўвае расійскую падтрымку ў барацьбе з пратэстным рухам, у першую чаргу фінансавую ды інфармацыйную. Сітуацыя складаная, у грамадстве ідзе змаганне паміж прарасійскімі міфамі і імкненнем да заходняй цывілізацыйнай мадэлі, падсумоўвае аналітык.
— Па-першае, гэта няпростая краіна. Я часта размаўляю з сербамі пра цяперашнюю сітуацыю ў свеце, пра вайну ва Украіне, пра Расію ці Еўропу. Часцей за ўсё мы прадстаўляем цалкам крайнія пазіцыі. Аднак, калі нашы пазіцыі сутыкаюцца, размова працягваецца ў нармальнай атмасферы. Няма ніякіх спрэчак, ніякіх крыкаў пра тое, пашто вы сюды прыехалі. Такім чынам, нягледзячы ні на што, нягледзячы на іх лютую закаранеласць у гэтых нацыянальных міфах, у прывязанасці да Расіі, якая падсілкоўваецца канфесійнай дыпламатыяй, што прасоўвае наратыў пра братэрства рускіх і сербаў, яны ўсё роўна хочуць мадэль цывілізацыйнага развіцця, як на Захадзе. Той самы чалавек, які будзе казаць, што Украіна на баку сатаністаў, усё роўна паедзе працаваць у Аўстрыю ці Германію, а не ў Расію. Я шмат разоў чула ад розных людзей, што яны шукаюць сваю асобную мадэль, не з адным і не з другім бокам.
У Сербіі ёсць жартаўлівая показка, што дзень сербаў пачынаецца з кавы, ракіі і вады: кава для абуджэння, ракія для ачышчэння, а вада для балансу. Такім чынам, імкненне да балансу ёсць у сербскім грамадстве, але ў адрозненні ад побытавай сферы, у геапалітыцы яны яго яшчэ не знайшлі.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч