Беларуская Служба

ТБМ у Польшчы пачалося з Лодзі

12.07.2025 13:12
Ладзім культурніцкія мерапрыемствы, запрашаем гасцей, але пакуль што не стае важнага — памяшкання для бібліятэкі і суботняй школкі для дзяцей.
 :  .
На здымку: Марыя Шэлепава. Фота Паўла Залескага/Беларуская служба Польскага радыё

Жыццё паміж мовамі: беларуская ініцыятыва ў Лодзі

Марыя Шэлепава з’яўляецца старшынёй аддзела Таварыства беларускай мовы ў Лодзі. У Польшчы ўжо чатыры гады. Распавядае, што наогул ТБМ у гэтай краіне было афіцыйна зарэгістравана менавіта ў Лодзі.
Паводле яе, мэты іх арганізацыі застаюцца такімі ж, як і былі ў Беларусі: культурна-асветніцкая дзейнасць у галіне адраджэння беларускай мовы і праз яе — усёй беларускай нацыянальнай культуры.

— Ад таго, што ТБМ у Польшчы пачынала сваю дзейнасць з Лодзі, натуральна, у нас шмат чаго адбываецца. На дадзены момант у нашым аддзяленні ТБМ афіцыйна зарэгістравана 14 чалавек. І мы, як правіла, ладзім культурніцкія мерапрыемствы: размоўны клуб, кінаклуб. Нядаўна ў нас з’явілася чытальня, дзе мы абмяркоўваем прачытаныя творы.

Акрамя гэтага імкнёмся раз на месяц ці некалькі месяцаў запрашаць вядомых гасцей. Апошнім у нас быў Аляксандр Гойшык. Да гэтага — Уладзімір Арлоў, Цімох Акудовіч, Кацярына Ваданосава і іншыя.

 

Беларусы — звычайна занятыя людзі

Спадарыня Марыя распавядае пра Лодзь і кажа, што для беларусаў гэта хутчэй працоўны горад, куды людзі прыязджаюць на заробкі. А ў іх арганізацыі няма свайго памяшкання, хаця ўжо ёсць уласная бібліятэчка прыкладна з трохсот кніг, якая захоўваецца на кватэры ў бібліятэкара.

— Наогул на нашы мерапрыемствы, такія як размоўны клуб, кінаклуб, збіраецца прыкладна ад пяці да трыццаці чалавек. А калі прыязджаюць вядомыя беларусы, то на сустрэчы збіраецца да пяцідзесяці чалавек.

Суразмоўца заўважае, што сабіраць беларусаў на нейкія імпрэзы даволі няпроста, усміхаючыся дадае, што беларусы звычайна заўсёды нечым занятыя. Кантакты, паводле яе, паміж сабой падтрымліваюць, але збіраюцца разам не часта.

Цікаўлюся ў суразмоўцы, ці ёсць у Лодзі суботняя беларуская школка для дзяцей?

— Мы, дарэчы, спрабавалі заняцца такім праектам. Рабілі апытанне сярод беларусаў у Лодзі наконт правядзення моўных курсаў, заняткаў для дарослых і дзяцей. І пакуль што гэта вылілася ў чытальню, бо людзі казалі, што ім падабаецца чытаць кнігі па-беларуску і абмяркоўваць іх. Але такой зацікаўленасці, каб вучыць дзяцей, мы пакуль не пабачылі. Намерваемся зрабіць гэта яшчэ раз — пройдзем па беларускамоўных сем’ях, дзе ёсць дзеці.

— Стала заўважна, што дзеці, калі ідуць у польскую школу, то там хутка прызвычайваюцца да польскай мовы, але ў той самы час хутка забываюць родную мову.

— Я таксама так лічу. У нас яшчэ ёсць такое пакаленне беларусаў, якое ўжо нарадзілася ў Польшчы. І думаю, што праз пару гадоў, калі іх будуць цікавіць заняткі беларускай мовай, паспрабуем іх прыцягнуць да гэтага. Пакуль што мы спрабавалі, але нічога такога не атрымалася.

 

Адчуваю сябе тут спакойна

Мы размаўляем пра Лодзь. Спадарыня Марыя распавядае пра горад, а я цікаўлюся, як яна сябе адчувае ў гэтым незвычайным польскім горадзе.

— Я б сказала, што адчуваю сябе тут ужо спакойна. Вучыла мову, каб паразумецца з людзьмі. Працую сярод палякаў, адносіны з імі добрыя, знаходзім агульную мову, паколькі пераважна мы ўсе аднаго ўзросту. А яшчэ я тут спяваю ў польскім хоры. Гэта таксама цікава, бо яны мне распавядаюць шмат пра гісторыю Лодзі. Мне ўсё гэта цікава, і, магчыма, таму я адчуваю сябе тут даволі спакойна.

 

Думкі пра Беларусь таксама не пакідаюць

Праўда, трохі задумаўшыся, спадарыня Марыя кажа, што напачатку адаптавацца да новай краіны, новага жыцця было няпроста, паколькі не ведала самых звычайных рэчаў — як, напрыклад, запісацца да лекара, і іншае. Але гэта ўжо ў мінулым.

Тым не менш, пра Беларусь таксама, са слоў суразмоўцы, увесь час думаецца: чытаеш навіны, думаеш пра людзей…

— Стала неабходнасцю ведаць пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Можаш хацець ці не хацець, але трэба ведаць, што адбываецца на радзіме. Канешне, складана там, але часам бываюць нейкія прасветы. Вось нядаўна выйшаў Сяргей Ціханоўскі, і яшчэ трынаццаць палітычных вязняў выпусцілі. З аднаго боку гэта радуе, а з іншага — разумееш, колькі яшчэ там людзей застаецца за кратамі. Ды і ўвесь час туды бяруць новых: адных выпускаюць, іншых набіраюць.

— Марыя, а Беларусь часта вам згадваецца?

— Так, згадваецца. Часам больш, часам менш — у залежнасці ад сітуацыі. Мне найперш узгадваецца Кастрычніцкая вуліца, канцэрты ў Мінску, тая ж галерэя «Ў». Я тады ўпершыню патрапіла ў беларускамоўнае асяроддзе, там панавала свабода з беларускамоўнымі мерапрыемствамі, канцэртамі, тая ж «Мова нанова»… Вось гэта мне чамусьці найболей узгадваецца.

А яшчэ яна дадае, што і Лодзь за гэты час стаў блізкім горадам, амаль сваім.

Павел ЗАЛЕСКІ


 

Больш на гэтую тэму: Беларусы ў Польшчы