Беларуская Служба

Папулярнасць прадуктаў з высокім утрыманнем бялка расце. Ці гэта проста мімалётная мода?

18.07.2025 16:13
Адкуль бярэцца тэндэнцыя да прадуктаў з высокім утрыманнем бялка? Ці сапраўды нашаму арганізму патрэбна яго больш?
.
. Sasha van der Heijden-Tychkovska/Pixabay/CC0

Цяпер вельмі папулярнай з’яўляецца дыета з вялікім утрыманнем бялка. Гэта бачна таксама на паліцах прадуктовых крам. Бялковыя ёгурты, бялковыя батончыкі, харчовыя дабаўкі і фітнес-закускі — паліцы перапоўненыя гэтымі відамі тавараў.

Дыетолаг з польскага Нацыянальнага інстытуту здароўя Марта Келяк гаворыць, што перыядычна з’яўляецца мода на рознага віды дыет:

- Неабходна памятаць, што гэтыя тэндэнцыі сапраўды маюць сезонны характар. У папярэднія сезоны была папулярнай вялікая колькасць прадуктаў без лактозы, што ў цэлым вельмі добра і вельмі карысна для спажыўцоў, бо людзі з непераноснасцю лактозы могуць выбіраць з большай колькасці прадуктаў. Такім чынам, выбар - большы. І ў гэтым годзе вярнулася мода на бялок. Я займаюся дыеталогіяй ужо 15 гадоў,  і гэтая тэндэнцыя да высокага ўтрымання бялка, як мне здаецца, зноў з'явілася пасля 10-гадовага перапынку.

Бялок чалавеку патрэбны. Ён павінен складаць прыкладна 20, часамі 25% нашых харчоў. Дыетолаг Марта Келяк звяртае ўвагу на пэўныя “але”:

- Нам трэба памятаць, што ў некаторых людзей па розных прычынах патрэба бялка павышаная. Напрыклад, спартсмены, ім насамрэч патрэбныя значна большыя дозы з-за аб'ёму трэніровак і для аднаўлення цягліц пасля трэніроўкі. Але мы цяпер гаворым не пра спартсменаў, а пра звычайнага чалавека, які хоча добра харчавацца. Сусветныя стандарты паказваюць, што мы павінны спажываць ад 0,8 да 1 г бялка на кілаграм вагі цела. Польскія стандарты прадугледжваюць 0,9 г бялка. Каб прасцей было лічыць, мы можам выкарыстоўваць лічбу ў 1 г, таму, напрыклад, калі хтосьці важыць 70 кг, ён павінен спажываць каля 70 г бялка.

Дыетолаг звяртае ўвагу на частае памылковае перакананне, што 100 грам мяса – гэта 100 грам бялка. Мяса – гэта прадукт з утрыманнем бялка, але яго колькасць не раўняецца вазе прадукта.

Марта Келяк пералічвае прадукты, дзе ўтрымліваецца самы засваяльны бялок:

- Вядома ж, яйкі. Тут варта памятаць, што мы гаворым не толькі пра бялок у яечным бялку, але і пра жаўток. Акрамя таго, крыніцы бялка, якія адносна лёгка засвойваюцца, — гэта мяса, напрыклад, мяса птушкі, ялавічына, і рыба, пра якую мы часта забываем у Польшчы. Розныя малочныя прадукты таксама з'яўляюцца добрымі крыніцамі бялка. Але раслінныя крыніцы, бабовыя, таксама вельмі важныя, а іх часта ігнаруюць. Насенне і арэхі, такія як міндаль, фісташкі і гарбузовае насенне, таксама ўтрымліваюць шмат бялка.

У нас такі шырокі выбар і смачная ежа, навошта ў такім выпадку патрэбныя пратэінавыя батончыкі або фітнес-дабаўкі ў дадатак да ўсяго гэтага?

- І ў гэтым праблема. Нам варта павялічваць утрыманне бялка, калі мы хочам дасягнуць мяккага зніжэння масы цела. Аднак вельмі важна не перастарацца. Варта паступова павялічваць колькасць бялка ў залежнасці ад колькасці актыўнасці. Напрыклад, калі хтосьці еў адзін грам на кілаграм вагі цела, то можа паступова павялічыць яго да двух, трох, у залежнасці ад таго, колькі актыўнасці ён выконвае, нават да 6 г. Вядома, гаворка не можа ісці пра актыўнасць, напрыклад, плаванне раз на тыдзень. Па меры павелічэння колькасці фізічных практыкаванняў павялічваецца і доля бялка. І тут можна казаць сапраўды пра моду, бо гэтыя батончыкі нам непатрэбныя. Мы можам узяць жменю міндаля ці фісташак, і гэта будзе значна здаравей, чым батончык, які сапраўды можа мець 20 грам бялка, але дадаткова там шмат цукра і іншых вугляводаў.

Экспертка дадае, што калі няма рэкамендацый, то нельга есць столькі бялка, бо гэта можа негатыўна ўплываць на ныркі:

- Перш за ўсё памятайце, што калі хтосьці не выкарыстоўвае гэты бялок, ён сам не трапіць у мышцы, калі мы не будзем займацца спортам. Арганізм будзе інакш яго апрацоўваць. Гэта азначае, што агульная маса цела можа павялічыцца, але не абавязкова мышачная маса. Таму ўсё трэба ўжываць умерана. Прадукты з высокім утрыманнем бялка катэгарычна не рэкамендуюцца людзям з праблемамі нырак. У гэтым выпадку спажыванне бялка павінна карэктавацца індывідуальна на аснове вынікаў аналізаў лекарам або дыетолагам. Не раю тым, хто не мае канкрэтных рэкамендацый. Асцярожнымі павінны быць асобы з рознымі захворваннямі, у тым ліку звязаныя са стрававальнай сістэмай, бо павелічэнне спажывання ёгурта або іншых прадуктаў, якія змяшчаюць вялікую колькасць лактозы, напрыклад, выкліча ўздуцце жывата і праблемы са страваваннем.

Умеранасць і вывучэнне этыкетак – гэта добры ключ для карыснага рацыёну, падводзіць вынік дыетолаг Марта Келяк.

ав

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце