514 гадоў таму, 26 ліпеня 1511 года, на Сейме, які праходзіў у Брэсце, вялікі князь літоўcкі і кароль польскі Жыгімонт І Стары даў Навагрудку прывілей на Магдэбургскае права.
У тыя часы Навагрудак быў важным горадам у Вялікім Княстве Літоўскім. У студзені 1507 года было створанае Новагрудскае ваяводства ў складзе Навагрудскага, Слонімскага і Ваўкавыскага паветаў, а навагрудскаму ваяводзе як вайсковаму кіраўніку падпарадкоўвалася таксама Слуцкае княства.
Жыгімонт І Стары быў вялікім князем літоўскім і каралём польскім з 1506 па 1548 гады. Як бачна, трон ён займаў ажно 42 гады. Ён быў унукам Уладзіслава Ягайлы.
Жыгімонт Стары імкнуўся ўмацаваць дзяржаву, хоць вайсковыя і фінансавыя рэформы не мелі значнага поспеху.
Жыгімонт І Стары. Партрэт з 1555 года Лукаса Кранаха-малодшага. Кракаўскі Нацыянальны музей. Грамадскі набытак
Падчас яго кіравання быў уведзены адзіны кодэкс законаў для дзяржавы – славуты Статут Вялікага Княства Літоўскага (1529 год). У часы Жыгімонта Старога ў Польшчы і ВКЛ распаўсюдзілася Рэфармацыя розных плыняў, што садзейнічала далейшаму ўздыму гуманізму і адукацыі.
Магдэбурскае права – гэта феадальнае гарадское права, якое ўзнікла ў нямецкім горадзе Магдэбург у ХІІ–ХІІІ стагоддзях.
Магдэбургскае права мела ўніверсальны характар, бо рэгулявала розныя віды прававых адносін у галіне дзейнасці гарадской улады, судовай справы, акрэслівала кампетэнцыю і парадак судаводства. Яно таксама рэгулявала пытанні зямельнай уласнасці ў межах горада, гандлю і рамесніцтва, дзейнасці цэхаў і купецкіх гільдый, парадак падаткаабкладання. Магдэбургскае права юрыдычна замацоўвала права мяшчанаў у іх супрацьстаянні з феадаламі. Магдэбургскае права было перанятае многімі гарадамі Германіі, Усходняй Прусіі, Сілезіі, Чэхіі, Венгрыі, Польшчы.
Магдэбург,1640 год. Гравюра Матэўса Мерыяна-старэйшага. Грамадскі набытак
3 XIV стагоддзя Магдэбургскае права пачало пашырацца на гарады Вялікага Княства Літоўскага. Жыхары гарадоў, якія яго атрымлівалі, вызваляліся ад феадальных павіннасцей, ад суда і ўлады ваяводаў, старастаў і іншых дзяржаўных службовых асоб. На аснове Магдэбургскага права ў горадзе ствараўся выбарны орган самакіравання – магістрат.
У ліку першых Магдэбургскае права ў ВКЛ атрымалі Вільня (1387 г.), Брэст (1390 г.), Гродна (1496 г.), Слуцк (1441 г.), Высокае (1494 г.), Полацк (1498 г.), Мінск (1499 г.), Браслаў (1500 г.), Камянец (1503 г.), Барысаў (1563 г.) і інш.
Магдэбургскае права мелі каля 60 гарадоў і мястэчак Беларусі. Граматы на Магдэбургскае права дзяржаўным гарадам выдавалі вялікія князі ВКЛ, а гарадам, якія былі прыватнай уласнасцю, – уладальнікі альбо па іх просьбе вялікія князі. У Беларусі Магдэбургскае права было адмененая паводле ўказаў Кацярыны II.
Час, калі Навагрудак атрымаў Магдэбурскае права, быў адным з найлепшых перыядаў для горада – тады ён хутка развіваўся і працвітаў. Іншым важным перыядам для Навагрудка быў 1921 год, калі горад стаў адміністрацыйным цэнтрам Навагрудскага ваяводства даваеннай Польшчы. Ваяводства было адным з найменшых у краіне, а сам горад, дзе пражывала каля 10 тыс. жыхароў, самым малым адміністрацыйным цэнтрам рэгіёну.
Будынак упраўлення Навагрудскага ваяводства. Ян Булгак, 1930 год. Крыніца: commons.wikimedia.org/грамадскі набытак
Паводле гістарычных крыніц, горад стаў цэнтрам ваяводства, каб такім чынам уганараваць яго як месца нараджэння Адама Міцкевіча. Але дзякуючы гэтаму, правінцыйны гарадок пачаў развівацца: тут адкрылі электрастанцыю, гарадкі тэатр, будавалі інфраструктуру. 50% насельніцтва складалі яўрэі, 25% – палякі, 20% – беларусы і 5% – прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей, у тым ліку татары.
Службовы дом навагрудскага ваяводы. Ян Булгак. Крыніца: commons.wikimedia.org/грамадскі набытак
У 1920-1930-я гады ў Навагрудку выходзіла больш за 10 перыядычных выданняў, у тым ліку на беларускай мове, тут працавала беларуская гімназія. У 1924-1931 гадах у горадзе быў насыпаны курган у гонар Адама Міцкевіча, а ў верасні 1938 года адкрыты яго дом-музей. Але пра горад як цэнтр Навагрудскага ваяводства і сам рэгіён у складзе даваеннай Польшчы мы раскажам у асобнай рубрыцы.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл