Беларуская Служба

Дзень, поўны эйфарыі, надзеі і страху. 1 жніўня 1944 года пачалося Варшаўскае паўстанне

01.08.2025 10:00
«Мы лічылі, што лепш усім нам загінуць, чым паддацца».
Аўдыё
  • 81-ая гадавіна Варшаўскага паўстання.
 ,  1944 .     Prudential.
Варшаўскае паўстанне, жнівень 1944 года. Снарад трапляе ў будынак «Prudential». Фота: Sylwester "Kris" Braun/ Muzeum Warszawy

1 жніўня 1944 года ўспыхнула Варшаўскае паўстанне – супраціў узброеных сілаў падпольнай Польскай дзяржавы і Арміі Краёвай. Баі пачаліся а 17-й гадзіне. Паўстанне было часткай аперацыі «Бура», якая прадугледжвала ўзброеныя выступленні супраць нямецкіх фашыстаў у сувязі з набліжэннем савецкіх войскаў да межаў Варшавы. 

У Варшаўскім паўстанні ўдзельнічала каля 18 тысяч жаўнераў Арміі Краёвай і дзясяткі тысяч добраахвотнікаў. Мірныя жыхары сталіцы аказвалі вялікую дапамогу – будавалі барыкады, працавалі санітаркамі і сувязнымі. На жаль, многія з іх заплацілі за гэта самую высокую цану – цану свайго жыцця. Але трагедыя разыгралася пазней, а дзень 1 жніўня быў для ўдзельнікаў бітвы за сталіцу днём эйфарыі і вялікай надзеі на вызваленне горада ад нямецкай акупацыі.

Вось як успаміналі гэта паўстанцы. Прыводзім архіўныя выказванні. У 2023 годзе лейтэнант Януш Камароўскі (Janusz Komorowski), па мянушцы «Антэк», казаў, што 1 жніўня для яго – асаблівая дата:

— 1 жніўня быў радасным днём. Урэшце нешта пачалося, у рэшце рэшт мы будзем свабоднымі. Была радасць, што ўдасца скінуць ярмо няволі. Карацей кажучы, гэта была прычына радасці і гонару.

Польскія ўлады спадзяваліся, што самастойнае вызваленне сталіцы ўмацуе пазіцыю Польшчы ў пасляваенных перамовах і не дасць саветам усталяваць кантроль у краіне. Пры гэтым, не было ўпэўненасці, што гэта ўдасца зрабіць. Жаўнер групы «Хробры II» Януш Валендзік (Janusz Walęndzik) «Чарны» перад гадзінай «W» (17.00) знаходзіўся ў раёне Воля. Праз шмат гадоў пасля вайны ён успамінаў, што адчуваў адначасова надзею, радасць і страх.

— З аднаго боку я, будучы маладым хлопцам, цешыўся, што прымаю ўдзел у паўстанні. Але, з іншага боку, я баяўся, паколькі ведаў, што ў кожную хвіліну я магу загінуць. Немцы стралялі без перапынку. Аднак, я атрымаў загад ад камандзіра занесці зводку, у мяне не было іншага выбару, мне трэба было гэтую зводку перадаць.

Гісторыкі доўга спрачаліся, ці паўстанне не было бессэнсоўным актам роспачы, які прывёў да гібелі соцень тысяч людзей. І ці варта было яго пачынаць. Удзельніца паўстання Луцыя Касакоўска (Łucja Kossakowska), мянушка «Іга», праз шмат гадоў ацаніла, што паўстанне супраць немцаў было непазбежным. Жаданне адпомсціць акупантам пашыралася і расло з першых месяцаў акупацыі. «На маю думку, паўстанне магло б пачацца, нават калі б не было загаду», — адзначала Луцыя Касакоўска ў эфіры Польскага радыё.

 Мы тады меркавалі, што капітуляцыя немагчымая. Мы лічылі, што лепш усім нам загінуць, чым паддацца. І гэта не пустыя словы, мы на самой справе так думалі. Мы ў той час усе былі вельмі веруючымі людзьмі. І мы сапраўды ў гэта верылі, маўляў, сапраўды, мы ўсе загінем, але затое пойдзем проста ў рай.

Польскія салдаты, значна горш узброеныя, чым нямецкія, змагаліся ў сталіцы за кожны дом і кожны метр зямлі. Некаторыя будынкі некалькі разоў пераходзілі з рук у рукі. Жыхары сталіцы, скаўты, нават дзеці далучыліся да барацьбы, разносячы ваенныя зводкі і дапамагаючы будаваць барыкады. А барацьба пачалася адначасова ў некалькіх раёнах. У першы дзень салдаты Арміі Краёвай занялі, між іншым, будынак страхавой кампаніі «Prudential», які на той момант быў самым высокім будынкам у Варшаве. На яго даху залунаў бела-чырвоны сцяг. Яго было відаць з усёй Варшавы, аб чым успамінаў пасля вайны палкоўнік Генрык Леліва-Райцэвіч (Henryk Leliwa-Roycewicz), камандзір батальёна «Кілінскі». Яго  салдаты захапілі будынак.

— Немцы прыкладвалі шмат намаганняў, каб гэты сцяг знішчыць. Яны некалькі разоў спецыяльна прыязджалі, ездзілі навокал і стралялі з кулямётаў па сцягу. Ім удавалася знішчыць дрэўца, на якім вісеў сцяг, ён падаў. Але мы вешалі новы. І так некалькі дзён.

Калі вайна закончылася, Польшча трапіла ў зону савецкага ўплыву. Гісторыя Варшаўскага паўстання замоўчвалася, нельга было казаць, што Чырвоная армія не прыйшла на дапамогу паўстанцам, хаця яна ўжо падышла да Варшавы, але не было загаду ад Сталіна. На самой справе міжнародная антыгітлераўская кааліцыя нясе большую адказнасць за паражэнне Варшаўскага паўстання, чым самі палякі. Пра гэта ў эфіры Польскага радыё распавядаў прафесар Норман Дэвіс (Norman Davies). Меркаваннем гісторыка, у польскага ўраду ў Лондане, які выдаў загад пачаць паўстанне, не было іншага выбару.

— Рашэнне аб тым, каб аб’явіць пра пачатак паўстання, прынялі палякі ў Лондане – міграцыйны ўрад, польскі прэм’ер. У іх не было выбару. Яны жылі ў Англіі на той час ужо чатыры гады і яны не маглі адмовіцца. 

Варшаўскае паўстанне працягвалася 63 дні, за гэты час было забіта прыблізна 18 тысяч паўстанцаў і каля 180 тысяч мірных жыхароў. Паўстанне закончылася падпісаннем у Варшаве Дагавора аб спыненні ваенных дзеянняў. Узброены супраціў не дасягнуў сваіх мэтаў. Аднак па сённяшні дзень ён застаецца сімвалам мужнасці палякаў і нязломнай барацьбы за свабоду. У Польшчы 1 жніўня адзначаецца Нацыянальны дзень памяці Варшаўскага паўстання.

IAR/нг