Беларуская Служба

Упершыню праваабаронцы юрыдычна кваліфікавалі пакаяльныя відэа як форму новага, інстытуцыяналізаванага гвалту

06.08.2025 07:11
«Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі» прадставіў першае ў сваім родзе даследаванне, прысвечанае так званым пакаяльным відэа ў Беларусі – масавай практыцы, якая прымяняецца да палітычна пераследаваных.
Аўдыё
  • Упершыню праваабаронцы юрыдычна кваліфікавалі пакаяльныя відэа як форму новага, інстытуцыяналізаванага гвалту
.
.фота: https://torturesbelarus2020.org/

Даследавальнікі не выключаюць, што беларускія сілавікі маглі скапіраваць гэты від катаванняў у такіх краінах як Іран, Кітай, В'етнам ці Расія. Ва ўсіх краінах ёсць канкрэтная мэта – ізаляцыя асобы, падвяржэнне яе пагрозам і катаванням, а пасля спроба рэканструяваць і трансфармаваць асобу пры дапамозе публічнага прыніжэння.

Аўтары даследавання ўвялі тэрмін «узлому асобы» як новага тэрміна для абазначэння шматступеннага разбурэння волі, ідэнтычнасці і годнасці персоны, расказвае дырэктар «Прававой ініцыятывы» Вікторыя Фёдарава:

- Гэтую частку даследавання рыхтавала экспертка Алена Валачай. Яна мае вялікі досвед у працы з наступствамі катаванняў і з наступствамі парушэння правоў чалавека ў кантэксце, скажам, ацэнкі маральнай шкоды. І, разгледзеўшы рэальныя інтэрвʼю, якія задакументавалі нашыя супрацоўнікі, яна зрабіла выснову аб тым, што ў цэлым гэтая практыка з пункту гледжання псіхалагічных наступстваў выглядае наступным чынам.

Першапачаткова ідзе прыгнечанне волі, гэта значыць пацярпелы губляе якую-небудзь здольнасць супраціўляцца вось гэтым загадам сілавікоў, адчувае поўную бездапаможнасць. Далей ён губляе сваю ідэнтычнасць, паколькі ён вымушаны ў працэсе здымкі ў такіх відэа адхіляць свае перакананні і прымаць навязаную ролю.

Часам гэта такое прымусовае раскаянне. Чалавек кажа, што я ўсё ўсвядоміў, больш не буду ў гэтым удзельнічаць і гэтак далей. Далей гэта дэгуманізацыя, калі чалавека прыніжаюць і выстаўляюць, скажам, нейкім там «змагаром», то бок вось гэтыя нейкія навязаныя клішэ, якія прапаганда выкарыстоўвае супраць людзей, якія выйшлі на пратэсты. І канчатковы крок – гэта змена каштоўнасцяў і прыярытэтаў, калі чалавек пад пагрозай часам жыццю, здароўю, альбо пад пагрозай яго свабоды, можа адмовіцца ад сваіх ранейшых каштоўнасцяў, ідэалаў. Выжыванне, захаванне свайго жыцця і здароўя становіцца асноўнай мэтай, ну і адмова, адпаведна, ад тых каштоўнасцяў, якіх чалавек прытрымліваўся да праходжання гэтай працэдуры. У выніку, несумненна, у многіх людзей у спалучэнні з тымі катаваннямі, якія яны перажываюць пры затрыманні, пры змяшчэнні ў ІЧУ, ЦІП, або ў калоніі, у канчатковым выніку гэта вядзе да працяглых псіхалагічных расстройстваў, ПТСР і іншым расстройствам, якія патрабуюць у далейшым сурʼёзнай псіхалагічнай дапамогі.

Трэба дадаць, што пакаяльныя відэа ўплываюць не толькі на чалавека, якога прымусілі паўдзельнічаць у запісе, але і на яго блізкіх, а нават усё грамадства:

- Дамогшыся такога раскаяння, знятага на відэа і апублікаванага, рэжым, у прынцыпе, і ставіць сабе такую мэту, і яе дамагаецца, ён калечыць лёс не толькі чалавека, які падвергся гэтай працэдуры, але і пасылае ясны пасыл грамадству, запалохваючы іншых асоб тым, што ў выпадку затрымання яны таксама будуць гэтаму падвергнутыя.

Праглядаючы такое відэа разумееш, проста на чалавечым узроўні, што гэта ненармальная практыка. Аўтары даследавання грунтуюцца на міжнародных нормах (Канвенцыя супраць катаванняў, Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах) і паказваюць, што гэтыя відэа парушаюць як мінімум тры ключавыя правы: забарона на катаванні, права на справядлівы суд і права на прыватнае жыццё, гаворыць Вікторыя Фёдарава:

- Калі казаць у цэлым аб правах чалавека, я заўсёды кажу, што правы чалавека гэта, у першую чаргу, разумны сэнс. Мне падаецца, любы беларус, калі ён бачыць такія відэа нашых суграмадзян, ён разумее, што гэта ненармальна. Але, на жаль, калі казаць пра міжнародныя механізмы, пра міжнародныя стандарты, яны не настолькі хутка зʼяўляюцца, і прамой нейкай забароны папросту няма, таму што гэта не так часта распаўсюджана і гэта дастаткова новая практыка. Але, тым не менш, зыходзячы з тых стандартаў, якія існуюць на сённяшні дзень, можна зрабіць высновы аб тым, што гэта грубае парушэнне ключавых правоў. Па-першае, гэта права на справядлівы суд, паколькі доказы, атрыманыя пад катаваннямі і прымусам, недапушчальныя. А нам вядома, што атрыманыя паказанні шляхам такіх відэазапісаў, яны выкарыстоўваліся папярэднім следствам і судом. Далей, гэта забарона катаванняў і жорсткага абыходжання. Часам на такіх відэа мы бачым абсалютна відавочныя сляды збіцця на чалавеку. Па-трэцяе, гэта права на недатыкальнасць прыватнага жыцця. Асабліва гэта тычыцца таго, калі шляхам запісаў такіх пакаяльных відэа сілавікі спрабуюць атрымаць інфармацыю пра асабістае жыццё чалавека, яго сексуальную арыентацыю, яго заработную плату, сямейнае становішча. І нейкія інтымныя дэталі раскрываюць перад грамадствам. Камітэт супраць катаванняў рэкамендаваў Беларусі тэрмінова спыніць выкарыстанне вымушаных прызнанняў. Але, на жаль, ніводная рэкамендацыя праваабарончых органаў Беларусі не выконваецца. І ўся гэтая практыка працягваецца, і ніхто за яе ўжыванне не нясе пакарання.

Беларускія ўлады не бачаць праблемы, а таму і не пачуюць рэкамендацый. «Прававая ініцыятыва» падрыхтавала іх для міжнароднай супольнасці:

- Па-першае, зараз нам важна атрымаць якое-небудзь афіцыйнае заключэнне якога-небудзь міжнароднага органа. У прыватнасці, мы, напрыклад, плануем гэтую інфармацыю падаць у камітэт супраць катаванняў і спецзакладчыку супраць катаванняў ААН, для таго, каб ацэнка гэтай працэдуры была недзе ўжо зафіксаваная. Акрамя таго, маючы такую ацэнку, мы лічым, што цалкам верагодным зʼяўляецца пашырэнне спісу вінаватых у катаваннях не толькі на тых, хто біў непасрэдна і здзекаваўся з затрыманых людзей, але і на тых, хто здзяйсняе вось такія, скажам, сайд-катаванні. То бок, гэта роўна тая ж самая гісторыя, і людзі, якія ў ёй удзельнічаюць, сілавікі, яны павінны разумець, што яны здзяйсняюць злачынства і ў канчатковым выніку павінны будуць панесці за яго адказнасць.

Аўтары расследавання адназначна гавораць: пакаяльныя відэа з’яўляюцца ў Беларусі формай новага, інстытуцыяналізаванага гвалту, які патрабуе міжнароднай рэакцыі і глыбейшага асэнсавання.

ав